IMG_8417 IMG_8328 IMG_8331 IMG_8360 IMG_8367 IMG_8396 IMG_8402 IMG_8412

На Дзень горада ў Мінску мне давялося быць ажно два разы. І ў Гомелі аднойчы. Сорамна прызнацца, на Дзень вёскі трапіла ўпершыню. У суботу, 20 жніўня, жыхары Капцэвічаў адзначалі чарговую гадавіну сваёй вёскі.
Пачну з гісторыі. Капцэвічы, паводле некаторых крыніц, былі заснаваны ў 1902 годзе. Побач, за некалькі кіламетраў, была пабудавана чыгуначная станцыя на зямлі двух памешчыкаў, братоў Гераніма і Антона Кяневічаў. Крыху пазней, калі ў 1910 быў пабудаваны фанерна-лесапільны завод, пасёлак даў старт на добраўпарадкаванне. З 1930 па 1936 гады тут пабудаваны дамы, нафтабаза, сямігадовая школа, клуб, бібліятэка, дзіцячыя яслі, бальніца.
Як і многія населеныя пункты Петрыкаўшчыны, у гады Вялікай Айчыннай вайны Капцэвічы апынуліся пад фашысцкай акупацыяй. Доўгачаканае вызваленне прыйшло ў 1944 годзе.
Дзякуючы намаганням жыхароў, вёска адрадзілася. Сёння ў ёй пражывае 1513 чалавек. Дзіцячы садок, які наведвае 43 дзяцяці, другі год займае прызавыя месцы сярод сельскіх дашкольных устаноў.
Вернемся да свята. Дзень вёскі, зразумела, адрозніваецца ад Дня горада. Тут вы не пачуеце музыку фармату “How deep is your love”. Хутчэй: “Я лячу цераз сяло лісапетам, нібы танкам”.
Удзельнікаў гурта “Незабудкі” Капцэвіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната можна смела назваць сапраўднымі артыстамі! Асабліва спадабалася песня Таццяны Бажковай, па-заліхвацку яна праспявала “Замуж за даішніка”. Упэўнена: у наступным годзе гэтая прафесія будзе самая папулярная ў нашым раёне. Гурт, з маляўнічымі касцюмамі, вясёлым настроем, разнастайнай музычнай праграмай, справядліва заслужыў гучныя апладысменты.
Святочная праграма была цікавай не толькі дарослым… Малышня смачна пажоўвала салодкую вату, закідвала поп-корн. Іншыя падскоквалі на батутах. Хлопчыкі ў масках Гая Фокса і “Крык” мітусіліся ў розныя бакі. Яны ўжо не захапляюцца Бэтманам ці Чалавекам-павуком? Мабыць, такіх не было ў продажы.
А каб вы ведалі, якія красуні жывуць у Капцэвічах! Візажысты касметычный кампаніі Mary Kay Вольга Кучынская і Настасся Емяльяненка паказвалі мясцовым мадэлям, як правільна наносіць макіяж. Штрышок-два, здаецца, праз некалькі хвілін дзяўчаты будуць фатаграфавацца для амерыканскага часопіса Vogue.
Пакуль я разглядала святкуючых, мая правая нага пачала падскокваць. Не адразу зразумела, што гэта яна спрабуе ўвайсці ў рытм песні “Колодец, колодец, дай воды напиться!”. Нагу я паспрабавала супакоіць, але як зайграла песня “Цячэ вада ў ярок”, плечы, нібы шалі, закалыхаліся ўверх і ўніз, склаўшы кампанію нагам. Шкада, не было майго партнёра па танцах, інакш мы б з ім станцавалі польку.
Наступную частку вечарыны працягваў петрыкаўскі вакальны ансамбль “Народныя напевы” аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Калектыў ансамбля дарыў слухачам і лірычныя песні. А як толькі зайгралі мажорныя ноткі, людзі пачалі падпяваць. Спачатку дарослыя трохі саромеліся, але як толькі сонца зайшло за гарызонт, асмялелі і пачалі танцаваць. Моладзь чакала поўнай цемры.
– Святкаванне стаяла пад сумневам, – распавядае Наталля Супруновіч, выканаўца абавязкаў старшыні мясцовага сельвыканкама. – Але за тыдзень усё вырашылася. Запрасілі на свята творчыя калектывы. Дзякуй, што яны аператыўна адгукнуліся. Асаблівую падзяку за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства хачу выказаць дырэктару ТАА “АТПРГ “Тарака” Васілю Бамбізу, які дапамог будаўнічымі матэрыяламі для афармлення пляцоўкі, а таксама дырэктару псіханеўралагінага дома-інтэрната Уладзіміру Беластоцкаму, леснічаму Сяргею Палтарану, прадпрымальніку Пятру Ланьку, загадчыку гаспадаркі сярэдняй школы Юрыю Панцюку і старасту пасёлка Аляксандру Браіму.
На ўрачыстасці Дня вёскі павіншавалі ветэранаў – Антона Цімафеевіча Шабалтаса, Зінаіду Рыгораўну Пітуліну, Надзею Якаўлеўну Петравец, уручылі падарунак самаму маленькаму жыхару – Ілью Шлягу. Узнагародзілі лепшых работнікаў дома-інтэрната, сельсавета, амбулаторыі, устаноў гандлю і культуры.
Увогуле Дзень вёскі адрозніваецца ад гарадскога толькі адным – маштабам. А па атмасферы – не саступае. Як у Мінску і Гомелі, свята ў вёсцы адгрымела гучным салютам.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о