У мінулы чацвер у раёне адбылася значная падзея – шанаванне хлебаробаў, якія намалацілі і адвезлі ад камбайнаў свае першыя тысячы тон збожжа. Мерапрыемства праходзіла на палетку УП “Палессе-Аграінвест” паблізу вёскі Макарычы.
IMG_9782
Ва ўзнагароджванні прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Берднік, а таксама кіраўнікі УП “Палессе-Аграінвест” Міхаіл Капінскі і КСУП “Капаткевічы” Аляксандр Пінчук.
Перад  прысутнымі са словамі ўдзячнасці за нялёгкую працу па вырошчванні хлеба выступіў памочнік Прэзідэнта Юрый Шулейка.
– Ураджайнасць на Палескай зямлі не надта высокая. Таму гэтыя першыя вашы тысячы тон сабраны літаральна па кілаграмах на нялёгкай зямлі. Я ўдзячны вам, паважаныя хлебаробы, за тое, што вы з раніцы да вечара ў спякотнай кабіне выконваеце сваю працу. Дзякуй вам за смачны петрыкаўскі каравай, за работу, за вынікі і за тое, што вы засталіся ў вёсцы і стварылі ў ёй свае сем’і, – адзначыў Юрый Вітольдавіч.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка разам са словамі віншаванняў адзначыў, што нягледзячы на цяжкае сёлетняе жніво каравай гэтага года на Петрыкаўшчыне будзе не горшым, чым летась. Варта толькі яго сабраць без страт і з бяспечнымі ўмовамі працы.
IMG_9787
Юрый Шулейка і Аляксандр Наўныка ўзнагародзілі лістамі падзякі Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і падарункамі маладога, але ўжо вопытнага камбайнера КСУП “Капаткевічы” Руслана Качэлю, які намалаціў  на 10 жніўня 1003  тоны зерня, і вадзіцеляў на адвозцы збожжа ад камбайнаў: Дзмітрыя Кілбаса з УП “Палессе-Аграінвест”, які таксама лідыруе ў спаборніцтве сярод моладзі і адвёз 1502 тоны збожжа, Мікалая Кастыронка і  Валерыя Картынніка з КСУП “Капаткевічы”, якія адвезлі 1181 і 1038 тон адпаведна.
Таксама павіншавалі хлебаробаў з дасягнутымі вынікамі і падзякавалі за добрасумленную работу кіраўнікі гаспадарак Міхаіл Капінскі і Аляксандр Пінчук. Яны запэўнілі, што ў хуткім часе ў кагорце іх хлебаробаў-тысячнікаў яшчэ прыбавіцца.
У адказным слове камбайнер КСУП “Капаткевічы” Руслан Качэля падзякаваў за аказаную ім увагу і паабяцаў, што ў хуткім часе яго намалот дасягне ўжо 2000 тон збожжа, толькі б надвор’е не перашкаджала, а камбайн – не падвядзе!
Напрыканцы мерапрыемства песнямі парадавалі хлебаробаў артысты раённага Дома культуры.
Далучаемся да віншаванняў і жадаем хлебаробам моцнага здароўя, аптымізму і дадаць у сваю капілку яшчэ не адну тысячу тон збожжа.

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о