Па дадзеных на 1 жніўня лідарамі сярод аператараў сушыльных агрэгатаў сталі Дзмітрый Бічан і Мікалай Бужан. Імі перасушана і накіравана на захаванне больш 2,8 тысячы тон збожжа. А таксама сярод “тысячнікаў” на адвозцы зерня – вадзіцель прадпрыемства Сяргей Томаль – 1065 тон зерня.

Першыя “тысячнікі” – УП “Палессе-Аграінвест”
Дзмітрый Бічан і Мікалай Бужан далёка не першы год працуюць на цэху па вытворчасці камбікармоў, дзе і знаходзяцца сушыльныя ўстаноўкі УП “Палессе-Аграінвест”. Цяпер для іх настала гарачая пара, працаваць даводзіцца па 12 гадзін у суткі, змяняючы адзін аднаго для некалькіх перапынкаў.
50 тон зерня адначасова загружаецца ў два сушыльныя агрэгаты. Яшчэ каля 300 тон чакаюць сваёй чаргі на пляцоўках. Здаралася, што запас павялічваўся і да 600 тон. Амкадорам, на якім таксама пазменна працуюць Пётр Новікаў і Уладзімір Макаравец, збожжа перасыпаецца, пераварочваецца, падаецца ў агрэгаты. А калі здараецца дождж, што цяпер не рэдкасць, то тут ужо ўсе працаўнікі цэха спяшаюцца да буртоў, каб схаваць іх пад поліэтыленавую плёнку.
Аператары адзначаюць, што надвор’е ўносіць свае карэктывы не толькі ў працу камбайнераў, але і іх. Здараецца, зерне ідзе павышанай вільготнасці і патрабуе больш працяглай сушкі. Цяпер у сярэднім на сушку адной партыі зерня ідзе 2-3 гадзіны. За гадзіну здымаецца каля 2% яго вільготнасці.
Майстар Галіна Камеш дадае, што за гады працы аператары адтачылі свае прафесійныя навыкі настолькі, што, як гаворыцца, “на зуб” могуць вызначыць вільготнасць зерня. Не збіваюць працоўнага рытму людзей і часовыя нязручнасці з-за рамонту бытавых памяшканняў. Стымул – добры заработак.
Кіраўнік цэха па вытворчасці камбікорму Леанід Наўныка пазначыў, што сёлета сушыльнымі агрэгатамі перапрацавана каля 400 тон рапсу. Сёння магутнасцяў сушылак хапае, каб прыняць увесь ураджай прадпрыемства і іншых гаспадарак раёна. Іншая справа, калі ў эксплуатацыю будзе пушчаны новы цэх па вытворчасці кабікармоў. Тады будуць мець патрэбу ў дадатковых сушыльных агрэгатах, каб задаволіць магутнасці вытворчасці. Сёння ж, нягледзячы на асаблівасці ўмоў жніва і некаторыя страты ў аператыўнасці, прадпрыемства не выйшла за рамкі вызначаных энергазатрат.
Леанід Наўныка з удзячнасцю адзначыў і адказнасць працаўнікоў цэха. Яны мабілізаваліся і працуюць з павышанай нагрузкай, каб ураджай быў захаваны, што забяспечыць ім, а таксама ўсім працаўнікам “Палессе-Аграінвест” пэўную фінансавую стабільнасць.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о