Днямі Павел Рудзько і Аляксандр Багамазаў запрасілі на прафарыентацыйную сустрэчу з вучнямі гарадскіх устаноў адукацыі. Мерапрыемства абяцала быць цікавым, бо хлопцы з’яўляюцца курсантамі ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, навучаюцца на кафедры сродкаў наземнага забеспячэння палётаў і атрымліваюць спецыяльнасць інжынераў-механікаў.

Здавалася, крыху болей за паўгода таму яны яшчэ кружыліся пад гукі вальса на ўрачыстай лінейцы ў гарадской школе № 2, чулі свой апошні званок. Для нас прайшло некалькі месяцаў, змянілася хіба што надвор’е, а юнакі канчаткова вызначыліся ў жыццёвым выбары, вытрымалі экзаменацыйныя іспыты і сталі выхаванцамі адной з самых прэстыжных у Беларусі вышэйшых навучальных устаноў.
Статныя, ветлівыя хлопцы прыйшлі ў родную школу загадзя. Чакаючы пачатку мерапрыемства на калідоры, яны сустрэлі некалькі знаёмых, што са здзіўленнем паглядалі на новае аблічча прыяцеляў. Трэба адзначыць, што як і раней, вайсковая форма выклікае цікавасць і павагу ў прысутных. Дзяўчаты ж, пазіраючы на юнакоў, выглядалі крыху заварожанымі.

Першай справай – самалёты

І вось курсанты паўсталі перад вучнямі. З аднаго боку іх падзяляў год (ці нават менш) ва ўзросце. З другога – вялікі крок насустрач свайму лёсу. Аляксандр і Павел прадэманстравалі відэаролік пра свой факультэт, дзе распавядалася пра кафедры і спецыялістаў, якіх яны рыхтуюць. Зразумець гэта чалавеку непадрыхтаванаму было даволі складана і юнакі пачалі свой просты аповед.

– Вучыцца ў акадэміі авіяцыі аказалася прасцей, чым падавалася. Гэта, канешне, першыя ўражанні і мы не выключаем, што пэўныя складанасці яшчэ наперадзе. Але адзначу, што на паспяховае навучанне паўплывалі даволі камфортныя ўмовы, што створаны ў навучальнай установе. Мяркуйце самі: калі ў ваеннай акадэміі курсанты спачатку разам жывуць у казарме, то нас засяляюць у інтэрнат па 3-4 чалавекі на пакой. Рыхтавацца да заняткаў ніхто не перашкаджае. Да гэтага можна дадаць поўнае дзяржзабеспячэнне – не трэба марнаваць каштоўны час на паходы ў краму за прадуктамі і прыгатаванне ежы, бо харчуемся мы цэнтралізавана ў сталоўцы. Стыпендыя ў курсантаў – 280 рублёў, да гэтага можна дадаць грашовае забеспячэнне напярэдадні адпачынку – адзначыў Аляксандр Багамазаў.
Хлопцы звярнулі ўвагу: “Магчыма нехта мяркуе, што самы складаны іспыт – фізічная падрыхтоўка. Але нават калі вашыя спартыўныя паказчыкі далёкія ад нарматыўных – вы маеце шанец паступіць, толькі трэба будзе ўсё ж такі “пасябраваць” са спортам.

Гэта не пустыя словы – разам з намі вучыцца хлопец, што напачатку навучальнага года мог падцягнуцца ад сілы пару разоў. Ці то ён разумеў, што рызыкуе быць адлічаным у будучыні за невыкананыя нарматывы, ці то хацелася адпавядаць вобразу ваеннага, а можа натуральна не жадаў выглядаць горш за астатніх… Карацей кажучы, ніхто яго не прымушаў, ніхто на спортпляцоўку сілаю не цягнуў, але юнак сам пачаў займацца і зараз, літаральна праз некалькі месяцаў, падцягваецца больш за 10 разоў і нядрэнна бегае.

Тую ж думку хлопцы працягнулі, распавёўшы па гадзінах пра свой рэжым дня. “Некаму будзе падавацца, што гэта вельмі складана – прачынацца па камандзе ў 6 гадзін, спяшацца на зарадку, строем і з песняй ісці на сняданак. Канешне, такі лад жыцця значна адрозніваецца ад таго вольнага рэжыму студэнтаў грамадзянскіх факультэтаў. Але гэта справа звычкі. Мы таксама хваляваліся, ці здолеем вытрымаць “жыццё па камандзе”, але аказалася, што нічога звышнатуральнага тут няма. Проста арганізм і свядомасць прыстасаваліся да курсанцкіх рэаліяў.

Акрамя навучэння, Аляксандр і Павел распавялі і пра перспектывы, якія адкрываюцца для выпускнікоў акадэміі. Па-першае, спецыялісты не застануцца без работы, чым, шчыра кажучы, не могуць пахвастацца выпускнікі модных “масавых” спецыяльнасцяў іншых грамадзянскіх ВНУ. Адпрацаваўшы па размеркаванні, многія застаюцца на першым месцы работы. Некаторыя ж, атрымаўшы каштоўны вопыт, уладкоўваюцца ў міжнародныя кампаніі, дзе заробкі спецыялістаў авіяцыйнай галіны дасягаюць 10 тысяч рублёў.

Прысутныя атрымалі фірмовыя календары і буклеты. Курсанты распавялі пра кафедры, магчымасць навучання ў акадэміі дзяўчын і патрабаванні для здароўя, якія дарэчы, існуюць не ва ўсіх факультэтах акадэміі. Шмат пытанняў былым вучням задавалі іх педагогі. Напрыканцы курсанты параілі вучням наведаць Беларускую акадэмію авіяцыі ў дзень адкрытых дзвярэй і на ўласныя вочы азнаёміцца з матэрыяльнай базай. Там жа зацікаўленыя атрымаюць адказы на ўзніклыя пытанні.
А нам застаецца пажадаць Аляксандру Багамазаву і Паўлу Рудзько і далей паспяхова працягваць вучобу, пераадольваць усе цяжкасці і годна служыць на карысць Радзіме і народу нашай краіны.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о