2 жніўня традыцыйна праваслаўныя вернікі адзначаюць свята прарока Ільі. На яго свой дзень анёла святкуе і Ілья Сцяфняк, пра якога збіраюся вам расказаць. Сама задаволена, што паспела сустрэцца з гэтым хлопцам, бо ён пакідае Петрыкаў – збіраецца з 10 жніўня прыступіць да сваіх працоўных абавязкаў у Гомелі.

Вырас у шматдзетнай сям’і, самы малодшы. Але гэта не стала падставай для прывольнага жыцця. З дзяцінства Ілья трэніраваў у сваім характары стойкасць, вынослівасць, дысцыплінаванасць. Спачатку рэлігіяй, а затым спортам.

ПЕРАЗВОН – МЕЛОДЫЯ ДУШЫ

Да духоўнасці далучалі хлопца яго маці Раіса Валянцінаўна і бацька Мікалай Анатольевіч. Яшчэ з маленства вадзілі яго ў Свята-Мікалаеўскі храм, а са школьных гадоў Ілья стаў прыслужваць у ім.
У школьныя гады далучыўся да спорту, пачаў займацца лёгкай атлетыкай. Паказваў неблагія вынікі ў раённых спартакіядах. Заўсёды марыў стаць ваеннаслужачым, тым больш, што быў фізічна падрыхтаваным.
Сёлета Ілья Сцяфняк стаў выпускніком інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. 14 чэрвеня яму былі ўручаны лейтэнанцкія пагоны, а днём пазней ва ўрачыстай абстаноўцы – дыплом. Па размеркаванні трапіў у Гомельскую пагранічную групу, дзе будзе абараняць Дзяржаўную мяжу.
Студэнцкія гады, як цяпер узгадвае сам Ілья, былі цікавыя. Дастатковы курс прайшоў па розных прадметах, але больш увагі надаваў спецыяльным дысцыплінам: служба пагранічнага кантролю, тактыка пагранічнай службы, кіраванне падраздзяленнямі і іншае. Усяго сталічны ваенны інстытут выпусціў сёлета 94 маладых афіцэраў-пагранічнікаў.
Наперадзе – прафесійнае станаўленне, назапашванне вопыту, прыняцце самастойных рашэнняў з далейшым уладкаваннем у жыцці. Планаў зашмат і цяжкасці хлопца не палохаюць. Тым больш, што ў сэрцы ёсць вера ва Усявышняга, які не пакіне сам-насам у цяжкай сітуацыі. Пяць гадоў трэба адпрацаваць пагранічнікам. А далей хто ведае? Можна выбраць любую дарогу.
Асабіста я пасля знаёмства і размовы з Ільёй бачу яго ў будучыні святаром, духоўным настаўнікам. Ад яго ідзе энергетыка спакою, раўнавагі, філасофіі мыслення. Гэта бачна няўзброеным вокам.
– Калі я пачынаў далучацца да храма, нас, хлапчукоў тады было каля дванаццаці чалавек, – узгадвае Ілья. – Праз некалькі гадоў засталося чалавек 4-5. Школу званароў я не заканчваў, сам навучаўся пакрысе асвойваць гэта майстэрства. Але музычныя веды былі: скончыў школу мастацтваў па духавых інструментах.
Памятаю, як я званіў, калі быў малым, дык станавіўся на падстаўку для ног, каб дацягнуцца да вяровак. Нават цяпер усё яшчэ па звычцы шукаю пад нагамі тую падстаўку.
Што датычыць званоў, то іх на званіцы шэсць. Усе яны былі выліты ў Расіі на сабраныя сродкі прыхаджанаў і прывезены ў Свята-Мікалаеўскі храм у сакавіку 2004 года. Кожны з іх рознай вагой: 7, 16, 25, 50, 100 кілаграмаў. Яшчэ адзін – каля 75 кілаграмаў, стары цёмны звон, ён больш выцягнуты і гук выдае больш глухі.
У кожнай руцэ трымаю па некалькі вяровак і такім чынам спрабую выдаваць гарманічную мелодыю. Першым сваім настаўнікам у справе званара я лічу Антона Малатка. Дарэчы, хлопец паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю.
Калі быў малым, званіць на працягу пяці хвілін было нялёгкай справай. У дзяцінстве набіваў мазалі, цяпер у руках моцы куды больш.
А ці ведаеце Вы, – пытаецца ў мяне Ілья, – што раней на званіцы нашага храма быў звон у 120 пудоў? У 1930 годзе яго знялі, даставілі на чыгунку ў Капцэвічы, а адтуль на завод. І выплавілі з яго зброю, станкі. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны на званіцы знаходзіліся снайперы і дагэтуль у сценах засталіся водціскі ад куль, снарадаў.
А яшчэ гавораць, што званары ніколі не хварэюць. Магчыма, гэта так, бо колькі памятаю сябе ў школе, не падхопліваў вірусы, хаця ж там высока і вокнаў няма, холадна, асабліва восенню, зімой. Памятаю, як да нас прыязджаў епіскап Мазырскі і Тураўскі. Гэта было ў лютым. І мне трэба было чакаць на званіцы, калі пад’едзе епіскап і ўрачыстым перазвонам сустракаць яго. Ён пад’ехаў, я чакаю, калі ён выйдзе з машыны, але ж ён там затрымаўся на хвілін дваццаць. Не ведаю, як я здолеў потым званіць, рукі здранцвелі поўнасцю, не мог паварушыцца.
Сустракаў і больш ганаровага госця – нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, калі ён наведваў наш храм у адну з чарговых гадавін Чарнобыльскай катастрофы.
А яшчэ, каб ведалі чытачы, скажу, што на Вялікдзень любы жадаючы можа папрасіць у святара ўзняцца на званіцу і пазваніць.
Пакуль я набываў адукацыю, то званарамі былі жанчыны – Людміла Судзібар і Таццяна Міцкевіч, якія прыслужваюць у храме. Для жанчын, зразумела, гэта цяжкая справа. Вось паеду цяпер працаваць, зноў некаму давядзецца замяняць мяне. Усё ж змена ёсць, я навучыў хлопцаў.
Здаўна, каб сабраць людзей на малітву, выкарыстоўвалі інструменты, ад якіх зыходзіў моцны гук. Спачатку ўзнікнення хрысціянства на вернікаў былі ганенні, яны збіраліся таемна і ніякіх сігналаў пра тое, што яны збіраюцца на малітву, падаваць не маглі. Пасля, калі хрысціянства стала рэлігіяй дзяржаўнай, з’явіўся звон, які з часам удасканальваўся, з’явілася майстэрства адліву званоў.
Цудоўна, што ў нашым храме ёсць свая званіца і мы перад пачаткам службы чуем пералівы гэтых цудоўных гукаў. Жывіце ў веры, міры, дабрыні, паважаныя чытачы. З надыходзячым святам Ільі ўсіх. А нашаму герою Ільі жадаю поспехаў і здзяйснення намечаных мараў!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота з архіва Ільі Сцефняка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о