1 жніўня закрыліся дзверы за выхаванцамі і навучэнцамі Навагалоўчыцкага дзіцячага сада – базавай школы. Сюды не прыйдуць у верасні дзеці з чыстымі новымі дзённікамі і сшыткамі. Установа адукацыі закрылася.

Перавернута апошняя старонка

Будынак установы адукацыі чакае пакупнікоў

Праз месяц юныя жыхары Новых Галоўчыцаў паедуць у новую для іх  установу адукацыі. Іх прымуць шматгалосыя класы Навасёлкаўскай сярэдняй школы, дзе з 2014 года навучаюцца ў 10 і 11 класах іх аднавяскоўцы. Дарэчы, дзеці яшчэ вясною паспелі з’ездзіць туды на экскурсію і засталіся задаволеныя.

Гісторыя Навагалоўчыцкай школы важкая і ганаровая. У 1921 годзе была створана пачатковая школа, якая ў 1933 стала сямігодкай.  Амаль 50 гадоў настаўнікі сустракалі сваіх вучняў ў сценах гэтага будынка. Першымі педагогамі ў ёй былі Анатоль Баравік, яком удавялося пазней стаць дырэктарам школы, Наталля і Іван Маліноўскія, Таццяна Крывалап, Уладзімір Жукавец – усе на той час маладыя спецыялісты. Там прынялі іх больш вопытныя Марыя Мухіна, Марыя Чэркас. Апошні дырэктар вясковай школы Валянціна Пазняк, якая прыехала сюды ў 80-я гады з мужам Канстанцінам Георгіевічам, узгадвае, што некалі старая драўляная школа стаяла каля вадаёма, што непадалёк ад уезда ў вёску. Тады Новыя Галоўчыцы адносіліся да саўгаса “Навсёлкі”, буйнага квітнеючага прадпрыемства. Дырэктарам школы на той час была Марыя Мухіна. Яна і стала ініцыятарам і арганізатарам будаўніцтва новай школы, пераканаўшы кіраўніка гаспадаркі Аркадзя Парахневіча, што яе вёска расце, хутка дзеці не змогуць умясціцца нават у дзве змены навучання. Тым больш, што сюды хадзілі таксама школьнікі з Праходаў, Грабнікаў і Старых Галоўчыц.

Рашэнне было прынята, і ў верасні 1970 года новая цагляная двухпавярховая васьмігадовая школа сустрэла сваіх першых сорак навучэнцаў.

– Дзяцей у класах прырастала з году ў год, – узгадвае Валянціна Пазняк, якая ў 1996 стала дырэктарам школы. – У 1994 годзе мы сталі сярэдняй школай, а ў 2002 – садам-школай. Тады ў нашай вёсцы быў свой калгас “Прагрэс”. Найбольшая колькасць дзяцей была – 128 чалавек. Напэўна, не трэба тлумачыць, што моладзь застаецца ў вёсцы, калі ёсць праца з вартым заработкам. Калі нашу гаспадарку далучылі да Пцічы пачаўся моцны адток людзей. Такая сітуацыя ў сельскай гаспадарцы была паўсюдна, не толькі ў нас. Выжылі мацнейшыя прадпрыемствы. Дзяцей у школе за некалькі гадоў стала ўдвая менш, а ў 2014 годзе мы набылі статус базавай школы з сарака навучэнцамі.

Перавернута апошняя старонка

Апошні дырэктар Валянціна Пазняк

Апошнія некалькі гадоў было зразумела, што трымаць установу адукацыі немэтазгодна. Валянціна Міхайлаўна нават спрабуе жартаваць. Кажа, чакалі, пакуль усе дзеці ўмесцяцца ў адзін аўтобус. Сёлета на развітальнае свята апошняга званка выйшлі 18 школьнікаў і 3 навучэнцы дзіцячага сада.

Валянціна Пазняк доўгія гады была дэпутатам сельскага Савета ў сваёй вёсцы, апошнія гады – яе старастам. Ёй давяралі тады і цяпер, калі на яе леглі абавязкі растлумачыць мясцоваму насельніцтву неабходнасць такой меры – ліквідацыі сада-школы. Зразумела, былі сустрэчы з кіраўніцтвам раёна і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзе бацькі былі запэўнены ў якаснай арганізацыі падвозу дзяцей. Нават прапанавалася рабіць два рэйсы, для дашкольнікаў і школьнікаў асобна. Адначасова вырашалася пытанне і па працаўладкаванні педагогаў і персанала школы. Настаўнікі працаўладкаваны ў навасёлкаўскіх школе і дзіцячым садзе, а таксама ў школе вёскі Чырвоная Слабада Акцябрскага раёна, што ў 7 кіламетрах. Яшчэ застаюцца нявызначанымі месцы працы для 13 тэхработнікаў. Прапаноў нямнога. Частка калектыву не чакала да закрыцця сада-школы, звальняліся зараней, працаўладкаваліся ў ААТ “Навасёлкі”, ва ўстановы культуры. Некалькі сем’яў з дзецьмі прынялі рашэнні пра пераезд – у Петрыкаў ці ў Акцябрскі раён.

– Усё правільна. У кожнай з’явы ёсць свой гістарычны адрэзак часу. Быў ён і ў нашай школы, – стрымліваючы эмоцыі гаворыць Валянціна Міхайлаўна. – Але сэрцам не можам развітацца. Ідзеш па пустых калідорах, заходзіш у клас, дзе расстаўлены сталы, у спортзалу, дзе сумна гойдаецца канат, і нельга стрымаць слёзы. Закончаны час не толькі школы, але і яе традыцый. Штогод мы на Дзень Перамогі ідзём урачыстым шэсцем са сцягам, горнам і барабанам па вёсцы да помніка. Сёлета думалі не рабіць гэтага, нас вельмі мала. Толькі бацькі і іншыя аднавяскоўцы не дазволілі. Прасілі арганізаваць шэсце, развітацца са звычаем. І сустракалі нас у той дзень каля сваіх сядзіб і помніка, віталі.

Перавернута апошняя старонкаАдзвінелі дзіцячыя галасы

Перавернута апошняя старонка

У невялікіх вёсках, так склалася, менавіта школа становіцца цэнтрам сацыяльнага жыцця. Так і ў Новых Галоўчыцах. Сюды вяскоўцы ішлі на ўсе мерапрыемствы, незалежна ад таго, ці ёсць сярод навучэнцаў іх родныя. Гэта былі агульныя святы. А галоўнае з іх – Дзень сям’і ў маі – мясцовая асаблівасць. Валянціна Міхайлаўна, у якасці дэпутата скарыстоўваючы такую магчымасць, заўсёды пачынала мерапрыемствы з гутаркі пра дзяржаўныя падзеі, унутраныя пытанні.

І перамогі ў іх былі агульныя. Пра дыпломы школьнікаў ведала ўся вёска і ганарыліся гэтым. Калі школа была сярэдняй, выпускнікі яе мелі асаблівыя поспехі. Медалістамі толькі з 1997 па 2006 год былі Андрэй Каленік, Іна Пазняк, Аляксандр Губар, Арцём Міронаў, Андрэй Баравік, Дзмітрый Парфіевіч, Вера Верабей і Наталля Жудро. Дзякуючы прафесіяналізму настаўніка фізічнай культуры і здароўя Сяргею Пятрэнку раскрылі свае спартыўныя таленты Андрэй Кудравец, Дзмітрый і Дзяніс Лазаравы, Ганна Шпалак і Карына Куневіч. Усе яны пайшлі вучыцца ў школу алімпійскага рэзерву.

Перавернута апошняя старонка

Калектыў сада-школы 2010 года

Цяпер нешматлікі, але гаманлівы натоўп школьнікаў будзе абуджаць Новыя Галоўчыцы двойчы на дзень, калі да прыпынку пад’едзе школьны аўтобус. Ды нехта прабяжыць на чарговую рэпетыцыю ці заняткі гурткоў у сельскі Дом культуры. Жыццё тут не знікне, а толькі памяняе рытм.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о