Апошнюю гульню ў рамках сёмага тура першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе петрыкаўскі “Шахцёр” згуляў у гасцях на стадыёне “Гарадскі” ў Маладзечна.

Гісторыя сустрэч з камандай горада Сонца не самая цікавая: двойчы “Маладзечна” цярпела паражэнне ад “Шахцёра” ў 2020-м годзе ў фінальнай частцы трэцяга дывізіёна і яшчэ раз у таварыскім матчы гэтага міжсезоння.

пераМАЛАцілі МАЛАдзечна
Двойчы “Маладзечна” цярпела паражэнне ад “Шахцёра” ў 2020-м годзе.

Што да выступленняў па дыстанцыі турніра, то тут, на першы погляд, сыход будучага матча быў прадказальны з вялікай доляй верагоднасці. Пасля шостага тура “Шахцёр” знаходзіўся на 1-м месцы ў турнірнай табліцы, а “Маладзечна” – на 10-м, якія могуць быць сцэнарыі сустрэчы?! Але, калі больш пільна паглядзець на вынікі клуба з Міншчыны, становіцца зразумела, што каманда мае пэўны патэнцыял для павышэння свайго становішча ў “табелі аб рангах” першай лігі. Мяркуйце самі, “Маладзечна” за шэсць тураў выступіла ў 5-ці сустрэчах. Кажучы мовай простай, гэта значыць, што адзін матч у каманды ў запасе. Пры гэтым клуб зведаў толькі адно паражэнне ад, як высветлілася ўрэшце, фаварытаў лігі – “Астараўца” (0:3), але першая няўдалая гульня “Маладзечна” не пацягнула за сабой шэраг пройгрышаў. Ужо ў наступным супрацьстаянні клуб мінімальна перамог пінскую “Хвалю” (2:1) і “разышоўся мірам” са “Слонімам” (2:2), гомельскім “Лакаматывам” (0:0) і “Баранавічамі” (3:3). Так, дружына не хапала з неба зорак, але і ачкі апанентам не раздавала.
22 мая сустрэча распачалася з некалькіх “бяззубых” атак гаспадароў, на што “Шахцёр” пачаў адказваць ударамі па варотах з 7-й хвіліны. Калійшчыкі поўнасцю перахапілі ініцыятыву і некалькі разоў мелі магчымасць адкрыць лік, але да канца першай паловы гульні, пры мностве шыкоўных момантаў, гасцям літаральна не шчасціла.
У другім тайме на полі ўвогуле панавала туга: марудна пачынаючы штурмы, футбалісты абедзвюх каманд страчвалі мяч на палове саперніка. Толькі на 61-й хвіліне “Шахцёр” атрымаў шанец у выглядзе штрафнога. Каля мяча, бліз левага кута штрафной сапернікаў, стаяла ажно тры футбалісты, але ніякага розыгрышу не было: Дзяніс Кавалевіч моцна і трапна адправіў мяч па дузе, вышэй “сценкі” ў бліжнюю дзявятку!

пераМАЛАцілі МАЛАдзечна
Дзяніс Кавалевіч. Фота з матча «Шахцёр» — «Астравец».

Праз дзевяць хвілін Кавалевіч мог падвоіць перавагу свайго клуба вельмі падобным на першы стандартам, але на гэты раз брамнік “Маладзечна” быў падрыхтаваны.
Госці адчулі ўздым і ўжо не давалі прадыхнуць сапернікам. Чарговы штурм завяршыўся голам Арсенія Ачапоўскага на 86-й хвіліне. Кропка ў матчы? Не, аказалася коска – спадар Ачапоўскі зноў застаўся без нагляду ўжо ў дадатковым часе – 0:3 і “Шахцёр” захоўвае лідарства ў першай лізе з 16-цю ачкамі!

пераМАЛАцілі МАЛАдзечна
“Шахцёр” захоўвае лідарства ў першай лізе з 16-цю ачкамі

На гэтым прыемныя моманты для прыхільнікаў калійнай дружыны з Петрыкава не скончыліся: своеасаблівыя падарункі заўзятарам жоўта-чорных прынеслі “Слонім” і “Баранавічы”. Першыя адыгралі з сухім лікам з “Лакаматывам”, другія нічіёй 1:1 скончылі сустрэчу з “Хваляй”. Такія вынікі, вядома, істотна сітуацыю ў турнірнай табліцы чэмпіянату не змяняюць, але крыху прыпыняюць рух да лідарства моцных канкурэнтаў з Гомеля і Пінска.

пераМАЛАцілі МАЛАдзечна
Наступны матч “Шахцёра” адбудзецца ў Петрыкаве 5 чэрвеня, у нядзелю

На другой пазіцыі “табеля аб рангах” замацаваўся “Астравец” з 14-цю ачкамі, адзін бал яму саступае наваполацкі “Нафтан”. І тут таксама не без прыемнасцей: у наступным туры адзін з гэтых клубаў у лепшым выпадку чакае нічыя, а ў горшым – паражэнне, бо атамшчыкі і нафтавікі будуць высвятляць адносіны паміж сабой.

пераМАЛАцілі МАЛАдзечна
Турнірная табліца пасля 7-га тура

Наступны матч “Шахцёра” адбудзецца ў Петрыкаве 5 чэрвеня, у нядзелю. Пачатак запланаваны на 14 гадзін. Перапынак у чэмпіянаце звязаны з гульнямі 1/32-й Кубка Беларусі па футболе, дзе наша каманда, на жаль, не ўдзельнічае.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара з архіва «ПН».

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о