IMG_6425_1

Гэтыя прыгожыя маладыя мужчыны – афіцэры службы МНС, супрацоўнікі інспекцыі нагляду і прафілактыкі Петрыкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Кожны кіраўнік  прадпрыемства, установы ці арганізацыі, а таксама адказныя за супрацьпажарны стан аб’ектаў добра знаёмыя з супрацоўнікамі інспекцыі. Хтосьці з іх, напэўна, надта перажывае пры наведванні інспектараў, а камусьці іх візіт не прыносіць залішніх клопатаў – тым, хто выконвае патрабаванні па пажарнай бяспецы. Хаця апошніх пажадана, каб было ўсё ж больш.

Рэгулярныя выезды мабільнай групы райвыканкама заўсёды выяўляюць хібы па захаванні пажарнай бяспекі ў многіх галінах эканомікі і найперш у АПК. Трэба сказаць, што часцяком адных перакананняў тут малавата, хаця і пакаранне рублём не дае стопрацэнтнай гарантыі, што ў наступны раз парушэнняў не выявіцца.

Капітана ўнутранай службы Андрэя Біндзеля, які нядаўна прыступіў да выканання службовых абавязкаў на Петрыкаўшчыне, абурае такое становішча спраў. І ўсё ж начальнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі ўпэўнены, што станоўчай дынамікі дасягнуць можна.

Андрэй Віктаравіч як прыклад назваў УП “Палессе-Аграінвест”, дзе кіраўнік Міхаіл Капінскі нераўнадушны да супрацьпажарнага стану  аб’ектаў і патрабуе адказнасці ў гэтай справе з боку спецыялістаў і работнікаў.

Як адзначыў Андрэй Віктаравіч, пра работу інспекцыі  могуць сказаць і лічбы. Дзейнасць аглядавых камісій, якая распачалася з 2010 года, дазволіла значна скараціць колькасць пажараў і гібелі на іх. Так, калі гадоў сем-восем таму ў раёне здаралася дзесьці 80 пажараў і гінула каля 20 чалавек, то за апошнія гады пажараў рэгіструецца ўдвая менш, а смяротных выпадкаў, напрыклад, і летась, і пазалетась, было па пяць. Зразумела, гэтая дынаміка дасягнута не толькі з дапамогай супрацоўнікаў РАНС. У тым заслуга і супрацоўнікаў міліцыі, старшынь сельсаветаў, работнікаў служб, суб’ектаў прафілактыкі.

Асноўнай прычынай пажараў (больш 80%) Андрэй Біндзель назваў неасцярожнае абыходжанне з агнём. І леташніх 5 смерцяў можна было б пазбегнуць, калі б ахвяры не вялі асацыяльны лад жыцця.

Калі кораценька расказаць пра кожнага супрацоўніка інспекцыі, то старшым інжынерам тут працуе са значным вопытам работы капітан Васіль Міцура. Дарэчы, гонар раёна і свае веды Васіль Мікалаевіч адстойваў у вобласці ў конкурсе прафесійнага майстэрства, які праводзіцца штогод. Лідарства заваявала тады дзяўчына з Калінкавічаў.

Андрэй Біндзель і сам быў сярод лепшых у гэтым конкурсе. Дарэчы, ён адзначыў, што на працягу апошніх пяці гадоў менавіта калінкавіцкія выратавальнікі заваёўваюць першынство.

Калінкавічы – яго малая радзіма. Ды і жонка з сынам Кірылам пакуль там. Бачаць яны мужа і бацьку не так часта, як хацелася б. Але спецыфіка работы такая, што служба займае большасць часу. Усё ж, калі выпадаюць свабодныя выхадныя, то Андрэй Віктаравіч аддае сябе сям’і. Дома як закон: ні слова пра работу.

Другі год працуе ў інспекцыі лейтэнант Уладзімір Губіч. Нядаўна папоўніў калектыў старэйшы лейтэнант Дзяніс Дыба, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць начальнікам варты ў службе МНС у Брагіне.

У кожнага інспектара свае замацаваныя аб’екты для  правядзення кантрольных праверак і прафілактычных мерапрыемстваў. Цяпер ставіцца задача па зніжэнні колькасці наглядных мерапрыемстваў. Разам з тым, патрабаванні будуць больш жорсткімі пры іх правядзенні.

Гэты артыкул хочацца закончыць выказваннем Гётэ: “Усялякі валодае дастатковай сілай, каб выканаць тое, у чым ён перакананы”. Сапраўды, гэта так проста – выконваць супрацьпажарныя мерапрыемствы, асабліва ў месцах масавага знаходжання людзей (на вытворчасці, у арганізацыях), ведаючы, што адзін няправільны крок можа прывесці да вялікай бяды. А што датычыць прыватнага сектара, то тут кожны сам гаспадар свайго лёсу.

Андрэй Біндзель віншуе праз нашу газету свой калектыў са святам і жадае здароўя і вытрымкі ў нялёгкай справе! Мы далучаемся.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о