Пра чарговае паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту, змяненні па пенсіях для шматдзетных матуль і для людзей з інваліднасцю, новаўвядзенні для людзей з няпоўным працоўным стажам, якія пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2021 года, раскажа начальнік аддзела па назначэнні і выплаце пенсій і дапамог Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла ДАМАСЕВІЧ

Пенсійная рэформа працягваецца

– У 2021 годзе пенсійны ўзрост для мужчын складзе 62 гады і 6 месяцаў, для жанчын – 57 гадоў і 6 месяцаў. Нагадаю, што павышэнне пенсійнага ўзросту пачалося з 2017 года і працягнецца да 2022, пакуль узрост выхаду на пенсію не складзе 63 гады для мужчын і 58 – для жанчын.

Міністр працы Ірына Касцевіч патлумачыла, што спачатку бу-дзе дадзена адзнака цяперашняй пенсійнай рэформе, гэтага патрабаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, перад тым, як прымаць рашэнні па новых рэформах, гаварыць пра іх афіцыйна. У прыватнасці, размова ідзе пра павышэнне пен-сійнага ўзросту для жанчын, як тое прапанаваў міжнародны валютны фонд.

З наступнага года будзе павялічаны мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. Сёлета ён складаў 17,5 года, а з 1 студзеня павялічыцца да 18 гадоў. Павышэнне яго адбываецца кожны год на 6 месяцаў, пакуль у 2025 годзе не дасягне 20 гадоў. Нагадаю, што страхавы стаж – гэта той перыяд, за які працадаўцам пералічваліся страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны.

Калі ў грамадзяніна няма патрэбнага страхавога стажу, ён трапляе ў “пенсійную лавушку” і мае права толькі на сацыяльную пенсію, але ва ўзросце 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў – для жанчын. Цяпер гэта сума складае 129 рублёў.
Трэба сказаць, што з 1 студзеня 2020 года ў страхавы стаж стала ўлічвацца тэрміновая служба ў арміі, у выпадку, калі яна праходзіць не раней, чым з 1 студзеня сёлета.

З 2021 года жанчынам, якія нарадзілі чацвёра дзяцей, час водпуску па доглядзе за імі, да 12 гадоў агульнай колькасцю, будзе ўлічвацца ў працоўны стаж для назначэння пенсіі. Пры гэтым працоўныя пенсіі будуць назначацца пры наяўнасці стажу работы не менш 20 гадоў і страхавога стажу – не менш 10 гадоў.
У наступным годзе зменяцца патрабаванні да страхавога стажу для назначэння пенсіі па ўзросце для інвалідаў І і ІІ групы, у якіх інваліднасць больш 10 гадоў. Інвалідам з дзяцінства на 5 гадоў будзе зніжана працягласць працоўнага стажу для атрымання права на датэрміновую пенсію па ўзросце: жанчынам – да 15 гадоў, мужчынам – да 20 гадоў.

Бацькам дзяцей-інвалідаў з цяжкай ступенню страты здароўя, якія даглядалі дзяцей не менш 20 гадоў, памер сацыяльнай пенсіі будзе павышаны да 272,57 рубля.
Яшчэ адной навіной будзе тое, што работнікі з няпоўным страхавым стажам, але не менш 10 гадоў, будуць мець права замест сацыяльнай пенсіі на працоўную пенсію па ўзросце. Аднак назначацца яна будзе мужчынам ва ўзросце 65 гадоў і жанчынам з 60 гадоў.

Запісала Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о