Запіс на асабісты прыём да старшыні райвыканкама — гэта надзея на вырашэнне хвалюючай, а часам і балючай праблемы. У інтарэсах грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб сустрэчы гэтыя заўсёды арганізуюцца з абавязковым запрашэннем спецыялістаў, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца акрэсленая праблема ці спрэчная сітуацыя. Не стаў выключэннем прыём, што адбыўся 9 кастрычніка.
Пытанне аплаты за выкананыя работы па рамонту гаражоў Петрыкаўскага райвыканкама прывяло на прыём дырэктара ТАА “Спурыён” Рыгора Вяргея. Як высветлілася, ёсць складанасць з падпісаннем акта выкананых работ: кожны бок мае сваё бачанне сітуацыі. Аднак трэба дамаўляцца, і Аляксандр Міхайлавіч дае наступнае даручэнне — звярнуцца да спецыяліста і ў 10-дзённы тэрмін даць экспертную ацэнку аб’ёму і кошту праведзеных работ. На тым і дамовіліся.
Аляксандра Юдэнка, прадстаўніка СЗАТ “Энерго-ОИЛ”, хвалюе пытанне рэалізацыі інвестыцыйнага дагавору па ўсталяванні кіёскаў “Табакерка” ў горадзе і на тэрыторыі раёна. Сутнасць гэтага праекта заключаецца ў тым, што ён рэгламентаваны Указам Прэзідэнта №24-дсп, згодна якому на тэрыторыі раёна з’явіцца 9 (тры з іх ужо ўсталявана) гандлёвых кропак з прыпыначнымі пунктамі. Да размовы далучыліся Марына Лук’янава і Алена Пастухова, якія акрэслілі алгарытм дзеяння па рэалізацыі праекта на тэрыторыі раёна. Пры непасрэдным удзеле Аляксандра Міхайлавіча вызначыліся з адказнымі, з месцамі, дзе будуць усталяваны гандлёвыя кропкі, і з тэрмінам выканання заяўленых работ. Аляксандр Рыгоравіч застаўся задаволены сустрэчай — хвалюючае яго кампанію пытанне вырашана.

Павільёнам месца знойдзецца
Індывідуальнага прадпрымальніка Людмілу Перапеча непакоіць пытанне аплаты за карыстанне надзелам асфальтаванай зямлі, на якой знаходзіцца яе гандлёвы павільён. Справа ў тым, што пытанне гэта ўзнікла ў сувязі з пераездам на змешаны рынак Петрыкаўскага РайСТ. Раней жанчына гандлявала па вуліцы К.Маркса, але ў сувязі з дабраўпарадкаваннем горада ёй было выдзелена іншае месца для гандлю. Непамерна высокая аплата (налічэнні ідуць з разліку за павільён, калі яна арандуе толькі зямлю), па меркаванні жанчыны, ніяк не звязана з тымі ўмовамі, у якіх даводзіцца працаваць. Алена Пастухова, начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, выказала прапанову рэкамендаваць Уладзіміру Калеснаму ўвайсці ў стан жанчыны і знайсці магчымасць перагледзець кошт арэнднай платы для Людмілы Адамаўны. З удзячнасцю развітвалася заяўніца.
Для Людмілы Літош, уладальніцы гаспадаркі ў сто галоў, праблемай стала набыць камбікорм. Кіёск, які раней размяшчаўся па вуліцы Гогаля і ў якім Людміла Сцяпанаўна прывыкла набываць тавар, не працуе. Сітуацыя гэта добра вядома старшыні райвыканкама, больш таго, новаму кіраўніцтву Калінкавіцкага завода па вытворчасці камбікорму выказвалася прапанова арганізаваць сваю гандлёвую дзейнасць у стацыянарным павільёне, але яны такую магчымасць пакуль не разглядаюць. Аляксандр Міхайлавіч запэўніў, што пытанне будзе прапрацавана адпаведнымі службамі райвыканкама і вырашана ў інтарэсах уласнікаў прыватных гаспадарак.
З вёскі Сотнічы на прыём да старшыні райвыканкама прыехала ўласніца фермерскай гаспадаркі Таццяна Даніловіч. Праблема, з якой завітала жанчына на прыём, знаходзіцца ў сферы міжасобасных узаемаадносін і пра яе ўжо пісала наш карэспандэнт. Але нічога не змянілася. Самае непрыемнае, што ў канфлікт уцягваюцца жыхары вёскі, кіраўніцтва Бабуніцкага сельвыканкама, КСУП “Запаветы Ільіча”, ПМС. А гэтага быць не павінна. Пазіцыя Аляксандра Міхайлавіча адназначная — канфлікту быць не павінна, дамовіцца заўсёды можна, а ў гэтай сітуацыі проста неабходна. Пачаць канфліктуючым бакам рэкамендавана з таго, каб арганізаваць сваю гаспадарчую дзейнасць у межах уласных тэрыторый. Усё астатняе — па ўзгадненні з кіраўніцтвам КСУП “Запаветы Ільіча” і ПМС. Мірнае суіснаванне — аснова цывілізаваных узаемаадносін і спакойнага жыцця. Калі ўжо не атрымліваецца сябраваць, ладзіць у любым выпадку ўсе мы павінны.

Галіна КАЗАК, фота Арцёма Гусева

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о