IMG_7728_1 IMG_7707 IMG_7716Менш месяца застаецца да пачатку новага навучальнага года. Дзеці яшчэ і чуць нічога не жадаюць пра школу, забаўляюцца, спадзяюцца, што паспеюць сабраць партфель. Але ў гэты партфель шмат чаго трэба будзе пакласці, ды і на сябе апрануць. Гэта ўжо клопаты бацькоў.
Гандлёвыя кропкі, што рэалізуюць школьныя тавары, пакрысе пачынаюць абнаўляць асартымент. У гэтым мы ўпэўніліся, пагуляўшы па горадзе ў мінулую пятніцу.
Прадавец Марына ў 10 гадзін пачала выкладку тавараў у переноснай палатцы каля магазіна “Галантарэя”. Марыне 16 гадоў. Яна навучэнка машынабудаўнічага каледжу. Вучыцца на праграміста. У летні час вырашыла зарабіць грошай. Працуе палатка да 14 гадзін.
Марына паведаміла, што за два тыдні працы рэалізавала тавараў на 250 рублёў. Пакупнікоў цікавіць перш за ўсё кошт. І тут для кожнага “кашалька” ёсць свая прапанова. Напрыклад, касцюм на першакласніка мадэлі мінулага года каштуе 46 рублёў. А вось “двойка” (пінжак і штаны) мадэлі 2016 года абыйдзецца ўдвая даражэй. Ёсць пінжакі і 2009 года – усяго за 7 рублёў. Згадзіцеся, для людзей з невялікім даходам гэта добрая падтрымка. А што датычыць памераў, то самы вялікі памер касцюма на рост 174. Няма і абутку вялікіх памераў, толькі для дзяцей малодшых класаў.
Для дзяўчат прапанаваны касцюмы са штанамі і спадніцамі.
Рукзакі і сумкі па кошце ад 20 да 50 рублёў. Канцылярскіх тавараў шмат. Вось толькі кошт “кусаецца”, асабліва на імпартны тавар. Так, набор гелевых ручак кітайскай вытворчасці – ад 5 да 10 рублёў.
Мы пажадалі Марыне пабольш наведвальнікаў і крочылі ў “Тавары для дома”.
Прадавец Алена Шляга паведаміла, што ўжо на працягу месяца паліца з канцылярскімі таварамі і пісьмовымі прыладамі запоўнена. Асартымент тут даволі шырокі. Ёсць усё, што патрэбна вучням.
Папаўняецца асартымент школьных тавараў і ў прыватным магазіне “Аўрора”. Загадчыца яго Лілія Губар адзначыла, што ў бліжэйшыя дні ён значна пашырыцца.
Аналагічная палатка райспажыўтаварыства працуе і ў цэнтры горада, каля магазіна “Родны кут”. Тут нас сустрэла 19-гадовая Кацярына. Дзяўчына набывае прафесію тэхніка-тэхнолага хлебабулачнай прадукцыі. Збіраецца з бацькамі ехаць на мора. Дык вось заработак нават у 150 рублёў будзе дадаткам у скарбонку на расходы. Штодзень палатка працуе з 10 да 15 гадзін. Але кліентаў няшмат. Тавараабарот за дзень ад 20 да 50 рублёў.
У шапіках “Гомельаблсаюздруку” таксама ёсць асартымент школьных тавараў, ды і шэраг іншых магазінаў адводзіць куткі для школьнікаў. Так што той, хто шукае, абавязкова знойдзе.
І яшчэ. Згодна з распараджэннем райвыканкама ў Петрыкаве і Капаткевічах будуць арганізаваны пашыраныя школьныя кірмашы 6, 13, 20 і 24 жніўня. Калі ласка, за пакупкамі!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о