За мінулы год да старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіны Шчэрбак паступіла 18 зваротаў, большасць якіх тычылася паўнаты налічэння заработнай платы, выплат канчатковых разлікаў, аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, падаўжэння кантрактаў. Пытанні разгледжаны, дадзены тлумачэнні, вернуты заяўнікам каля 1600 рублёў.

Такую інфармацыю агучыла Галіна Шчэрбак на прэзідыуме савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, які прайшоў у Ляскавічах.
Старшыня РА прафсаюзаў падрабязна расказала пра кожны выпадак, які давялося вывучаць і затым абараняць правы членаў прафсаюза ў тым ліку і ў судзе.
Станоўча былі вырашаны пытанні даплаты да мінімальнай заработнай платы і выплаты адзіначасовай дапамогі па нараджэнні дзіцяці ў ААТ “Навасёлкі”, выдачы навагодніх падарункаў у гэтым прадпрыемстве і КСУП “Чалюшчавічы”, прадаўжэння кантракту работніку Капцэвіцкага дома-інтэрната.

Пасля дэталёвага аналізу сітуацыі са зваротамі, прэзідыум прыняў шэраг рашэнняў, якія павінны прадухіляць такія спрэчныя сітуацыі. Раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу рэкамендавана сумесна са старшынямі першасных прафсаюзных арганізацый правесці ў 1 квартале маніторынг паўнаты налічэння заработнай платы ў праблемных сельгаспрадпрыемствах і прадаставіць інфармацыю на пасяджэнне прэзідыума Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Галіна Шчэрбак таксама нагадала пра аб’ектыўнасць і своечасовы разгляд зваротаў грама-дзян, якія паступаюць у прафсаюзы, парэкамендавала не дапускаць фармальнага падыходу да разгляду сітуацый.

Члены прэзідыума ў гэты дзень паспрабавалі яшчэ адну форму прафсаюзнай дзейнасці – экскурсійна-турыстычную. Галіна Шчэрбак пазначыла, што адзінкавыя прадпрыемствы ў раёне захавалі такую традыцыю. Усё менш калектывы арганізавана выязджаюць на экскурсіі, што адлюстроўваецца і на мікраклімаце. Нямногія цяпер маюць сродкі для далёкіх паездак нават у межах рэспублікі.
– Навошта ехаць далёка, калі мы ў сваім раёне маем магчымасць адпачыць, – адзначыла старшыня аб’яднання. – Нацыянальны парк “Прыпяцкі” прапануе сафары-парк, сядзібу Деда Мароза, музей прыроды. Адна-дзённая “бюджэтная паездка” пакіне безліч уражанняў і станоўчых эмоцый, дасць магчымасць работніку адпачыць”.

Удзельнікі мерапрыемства выбралі для экскурсіі маршрут сафары, дзе іх чакалі насельнікі фауны нацпарку, трапілі на закрыццё сезону ў сядзібу Дзеда Мароза, дзе пачаставаліся стравамі беларускай кухні, прыгатаванымі на вогнішчы. Дапамагла ў арганізацыі азнаямляльнай экскурсіі старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Нацыянальнага парку Валянціна Анішчонак.

– Такая форма адпачынку носіць назву прафсаюзны турызм не здарма. Менавіта прафсаюзныя лідары павінны выходзіць з прапановамі да кіраўнікоў прадпрыемстваў для заахвочвання лепшых работнікаў, няхай нават частковым фінансаваннем, такімі паездкамі, дзе члены калектыву змогуць пабыць у нефармальнай абстаноўцы, зняць напружанне, адчуць увагу і клопат пра сябе. А тым больш не забывайце пра санаторнае аздараўленне. Гэта пытанне ў нас трэба падымаць сур’ёзна, – абазначыла задачы перад кіраўнікамі галіновых прафсаюзаў і старшынямі першасных арганізацый Галіна Шчэрбак.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о