Настасся і Арцём Швец – маладая сям’я з Петрыкава, якая цалкам прысвяціла сябе бізнэсу. Ён – вядучы вясельных мерапрыемстваў, яна – прафесійны фатограф. На дваіх у іх амаль 4 тысячы падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Іх імёны вядомыя далёка за межамі нашага рэгіёну, а водгукі ў інтэрнэце кажуць пра іх адказны настрой наконт працы. Іх сумесныя прыгожыя фота – карцінка дзеля рэкламы, або сапраўдны сямейны саюз?
Сёння ў інтэрв’ю “ПН” пара распавяла пра знаёмства адзін з адным, любоў да прафесіі, пераезд у сталіцу, а таксама пра сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця.

“ПАСПЯХОВЫЯ, БО РАЗУМЕЕМ АДЗІН АДНАГО”

Настасся: Пазнаёміліся мы, калі я вучылася на 3 курсе ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. Спачатку ставілі лайкі адзін аднаму пад фота ў сацыяльных сетках, потым пачалі перапісвацца. Затым закруцілася ўсё, як у казцы, – сюрпрызы, падарункі, кветкі. Праз год мы ажаніліся.
Арцём: Я падышоў да ўсведамлення, што хачу сям’ю. Тады і звярнуў увагу на Насцю. Ведаў, дзяўчына сур’ёзная. Прасіў яе рукі і сэрца. Не скажу, што гэта было лёгка.
Што спрыяла выбару прафесіі?
Настасся: Мы былі пад такім уражаннем ад нашага вяселля, яно прайшло на такім высокім ўзроўні, што нам захацелася працаваць у гэтай сферы. Некаторы час ў нас нават быў шлюбны салон у горадзе. І тады з’явілася патрэба ў пакупцы фотаапарата.
Арцём: Здаецца, я нарадзіўся вядучым (смяецца). У школьныя часы апантана займаўся ў КВЗ. У 11 класе атрымаў званне “Лепшы КВЗ-ншчык раёна”. У міліцыі я працаваў на працягу 5 гадоў, толькі гэта сфера не дазваляла мне раскрыцца на ўсю моц. А тут ёсць усё, што маёй душы патрэбна.
Як адважыліся на звальненне і пераезд?
Настасся: Мы хочам росту і развіцця ў сваіх прафесіях. З пераездам прыкладаем у 5 разоў больш намаганняў для самарэалізацыі. У мяне з’явілася больш магчымасцяў наведваць майстар-класы, мець зносіны з калегамі, развівацца і ўдасканальвацца. Вядома, як маці, баялася такіх пераменаў, бо мы нясем адказнасць за нашае дзіця.
Арцём: Разы два на месяц мне патрэбна было наведваць сталіцу для субяседванняў, сустрэч з маладымі. І, калі ты больш запатрабаваны ў такім горадзе як Мінск, жыццё патрабуе змен. Тым больш, што вялікі горад спрыяе прафесійнаму росту і не дазваляе сядзець на месцы.
Ведаю, што вы працуеце разам. Як гэта адбываецца?
Настасся: Значна лягчэй разам працаваць, прасцей выязджаць. Калі працуеш з чалавекам, якога вельмі любіш, ведаеш і разумееш з паўслова, – гэта лёгка. Мы на адной хвалі.
Арцём: На мерапрыемствах максімальна пагружаюся ў працу. Госці толькі ў канцы вяселля выпадкова могуць даведацца, што мы муж і жонка, бо кожны засяроджаны толькі на сваёй працы.

“ПАСПЯХОВЫЯ, БО РАЗУМЕЕМ АДЗІН АДНАГО”

Што адрознівае вас ад вашых канкурэнтаў?
Настасся: Для нас з мужам вельмі важна працаваць толькі на прафесійнай тэхніцы. Магу назваць сябе “душэўным фатографам”. Бывае, пасля сумеснай здымкі на працягу дня мы настолькі збліжаемся з маімі кліентамі, што становімся сябрамі.
Арцём: У чым мая асаблівасць? Увесь час павялічваю планку для самога сябе. Я максімальна патрабавальны. Чэрпаю нейкія ідэі з гумарыстычных праграм. Напрыклад, папулярнае шоў “Вячэрні Ургант” дае мне шмат творчых думак. Толькі я не капірую ідэі, а адаптую пад сябе.
У маёй сферы вельмі вялікая канкурэнцыя. Шмат сёння вядучых і разабрацца, хто прафесіянал, а хто не, кліентам досыць складана. Хто-небудзь з хлопцаў засвяціўся на тэлебачанні, таму і прадае сябе як медыйная асоба.
Прыгожыя фатаграфіі, закаханыя вочы… Чаму тады колькасць разводаў расце?
Настасся: Цяпер у многіх дзяўчат і хлопцаў на першым месцы стаяць кар’ера і матэрыяльны дабрабыт, а не каханне і пачуцці… Але, дзякуй Богу, што яшчэ ёсць пары, якія ўступаюць у шлюб па вялікім каханні.
Арцём: На гэту тэму можна бясконца дыскутаваць. Тыя, хто жэніцца ў юнацтве, цалкам не ўяўляюць, што такое “бытавуха”. Хто носіць кальцо на пальцы, дакладна ведаюць пра што я кажу. Тут важна разумець адно – жаніцца трэба самастойным людзям, якія гатовы ўзяць адказнасць на сябе.
У чым сакрэт вашага шлюбу?
Настасся: Вельмі прыемна, шмат хто лічыць нашу сям’ю моцнай і трывалай. Лічу, што ў нас звычайная сям’я, у якой кіруюць каханне, павага і падтрымка адзін аднаго, як бы гэта банальна не гучала. Мабыць, наш сакрэт яшчэ ў тым, што мы займаемся любімай справай…
Арцём: Мая сям’я – гэта мая апора. Мая жонка – мая любоў. У нас амаль няма строгіх абавязкаў у стылі “я гатую ежу, а ты прыбіраеш”. Усё ўраўнаважана, усяго пароўну. Мы разумеем адзін аднаго.
“ПАСПЯХОВЫЯ, БО РАЗУМЕЕМ АДЗІН АДНАГО”

Што для вас самае кранальнае ў час вяселля?
Настасся: Я вельмі люблю момант першай сустрэчы жаніха і нявесты, і часам рэакцыя жаніха бывае такой хвалюючай, калі ён упершыню бачыць каханую ў прыгожай белай сукенцы і ў шыкоўным вобразе… мурашкі бягуць па целе. Яны глядзяць адзін на аднаго з такой пяшчотай і любоўю, проста вока не адарваць. Хацелася, каб падобных пар было пабольш.
Арцём: Мне падабаюцца сучасныя падыходы да арганізацыі мерапрыемстваў. Выязная рэгістрацыя значна зрабіла нас, вядучых, больш свабоднымі ў творчым плане. Няма гэтых “штампаў” пры рэгістрацыі ў ЗАГСе. У нейкім плане вядучы – гэта ўжо і сябар, які задае галоўнае пытанне: “Ці гатовы вы стаць мужам і жонкай?” І мой любімы момант, калі яны кажуць “Так”. Словамі гэтыя пачуцці не перадаць.
Жыхары нашага невялікага Петрыкава падыходзяць да еўрапейскага фармату святкавання. Гэта тычыцца дэкору. Выкарыстанне круглых сталоў збліжае гасцей. У выніку ты атрымліваеш асалоду ад ўсяго, што створана з душой. Грошы тут не маюць ніякай вагі.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з асабістага архіва
Настассі і Арцёма ШВЕЦ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о