Сяргей Шабалтас працуе ў Петрыкаўскім РГЗ 6 гадоў слесарам службы эксплуатацыі падземных газапровадаў і збудаванняў. Як адзначае спецыяліст, з маленства яго цягнула да тэхнікі.Партрэт газавіка ў асобах

Дагэтуль Сяргей працаваў на заводзе “Авангард”. Калі прадпрыемства перастала функцыяніраваць, уладкаваўся ў службу газазабеспячэння. Працаваў грузчыкам, завочна навучаўся ў Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы. З цягам часу здольнасці мужчыны заўважыў дырэктар філіяла “Жыткавічыгаз” Іван Купрацэвіч, які перавёў мужчыну на пасаду слесара. Трэба заўважыць, што цяга да навучання са сканчэннем каледжа ў Сяргея Уладзіміравіча не знікла. Сёлета ён паступіў у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і працягнуў вывучаць навуку машынабудавання.
– Калектыў у нас дружны, калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні – калегі абавязкова прыдуць на дапамогу. Ды і як без падтрымкі і надзейнага пляча, калі выконваеш газанебяспечную працу? – адзначыў суразмоўца.
На пытанне, ці змяніў бы мужчына работу, калі б яму прапанавалі той жа заробак, Сяргей Шабалтас адказвае адмоўна – пэўна, знайшоў у прафесіі газавіка нешта сваё.
У асабістым жыцці ў героя нашага матэрыялу ўсё складваецца ўдала. Жонка Марына зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за двухгадовым Венем. Сярэдняя дачка Кіра пайшла ў 3-ці клас, а старэйшаму сыну Джану споўнілася 16 гадоў.
Напрыканцы гутаркі Сяргей Уладзіміравіч павіншаваў калег з прафесійным святам і пажадаў калектыву і надалей захоўваць той добры мікраклімат, што быў створаны кожным яго спецыялістам, бо ўвага і падтрымка адзін аднаго – найтрывалы падмурак агульнай справы.

Кантралёр па выпуску аўтатранспарта Адам Серада працуе ўжо 23-ці год. За гэты час спецыяліст уласнымі вачамі бачыў, як развіваецца яго прадпрыемста:

Партрэт газавіка ў асобах– Здаецца, не так даўно ў наш РГЗ прыйшоў першы камп’ютар, а зараз ЭВМ забяспечаны ўсе супрацоўнікі, хто мае ў гэтым патрэбу. Створана сучасная база з усім неабходным, у гаражы падведзена ацяпленне і нават узімку тэмпература тут не апускаецца ніжэй 15-17 градусаў. Мы сапраўды працуем у камфортных умовах, якіх тут першапачаткова не было. Гэта ж тычыцца і транпарту: зараз доля амартызацыі нашых машын складае 30 %, толькі за бягучы год мы атрымалі 4 новыя аўтамабілі, – з гонарам распавядае Адам Мефодзьевіч.
Акрамя таго, мужчына зазначае, што камфорт складаецца не толькі з умоў, але і ўзаемапаразумення ў калектыве. Тут вадзіцелі са стажам абавязкова дапамагаюць маладым калегам, таму Петрыкаўскі РГЗ можна смела лічыць сваеасаблівай прафесійнай школай для маладых спецыялістаў.
– Калі шчыра, заробкі ў нас годныя. Таму і прывязанасць, і адказнасць да працы адпаведная. Калі казаць па-свойску: тут ёсць за што трымацца, ёсць чаму вучыцца і ёсць куды імкнуцца, – падвёў лаканічны вынік суразмоўца.
Адам разам з жонкай Людмілай, што працавала ў галіне дашкольнай адукацыі, а зараз на заслужаным адпачынку, выгадавалі дзвюх дачок, якія падарылі бацькам чатырох унукаў. Адам Мефодзьвіч з цёплай усмешкай і жвавым позіркам адзначае, што жыццё заўсёды не стаіць на месцы, трэба толькі за ім паспяваць.
– З нагоды прафесійнага свята я жадаю толькі аднаго – здароўя. Мы стварылі не мала, можам ганарыцца нашым згуртаваным калектывам, а ўсё астатняе прыйдзе: і сродкі, і вопыт, – звярнуўся да калег Адам Серада.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о