Брынёў – унікальная вёска. Асаблівасць яе не толькі ў тым, што тут некалі быў маёнтак паноў Кеневічаў і дасюль ёсць парк, закладзены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Але тут жывуць асаблівыя людзі – неабыякавыя, ініцыятыўныя, улюбёныя ў сваю малую радзіму да апантанасці.

Парк жыве і мяняе аблічча
Створаная бабрамі запруда

Нагодай для чарговага наведвання парку ў Брынёве стала акцыя, якую правялі тут напярэдадні Дня Перамогі мясцовыя жыхары. Пяць гадоў таму да 70-годдзя Вялікай Перамогі тут па ініцыятыве ў тым ліку мясцовай старасты Марыі Семечка быў абноўлены помнік загінулым за вызваленне вёскі савецкім воінам. Цяпер Марыя Сцяпанаўна стала арганізатарам збору грошай на новую агароджу, якая дапасавалася б да сучаснага выгляду стэлы. Дарэчы, ініцыятарам агульнага ўдзелу ў фінансаванні справы на гэты раз стаў унук старасты Мікалай Туравец, што працуе настаўнікам у мясцовым садзе-школе. Цяпер, калі агароджа ўсталявана, экскурсію па парку для нас правялі Марыя Семечка і настаўніца сада-школы Марына Барысава.
– Парк наш адметны і мы ім ганарымся, – пачала аповед Марына Уладзіміраўна. – З’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Закладзены, па гістарычных даведках, ён быў у 1833 годзе. Тут дасюль растуць 49 відаў дрэў. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ён быў самым старажытным, унікальным і захаваным на тэрыторыі Беларусі. У 2011 годзе да нас прыязджалі спецыялісты Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Старэйшыя людзі памятаюць, што 60 гадоў таму тут раслі яшчэ пасаджаныя панамі ружы, а на саджалках жылі лебядзі.

Парк жыве і мяняе аблічча
Помнік героям у новым абліччы

Амаль насупраць сённяшняга ўваходу ў парк некалі стаяў панскі маёнтак. Цяпер пра яго нагадваюць толькі два захаваныя будынкі, дзе жывуць вяскоўцы. Некалі сюды здымаць дакументальны фільм прыязджаў і вядомы беларускі артыст Алег Гарбуз, які, дарэчы, сёлета атрымаў прэмію Францыска Скарыны.

Многія дзесяцігоддзі таму школа ўзяла шэфства над паркам, прыцягваючы да гэтай справы мясцовых жыхароў, сельскі Савет, лясніцтва. Плошча ж яго немалая – каля трох гектараў. Аднак не ўсё атрымліваецца зрабіць сваімі сіламі. Напрыклад, летась Нацыянальны парк “Прыпяцкі” дапамог з матэрыяламі, і мясцовымі мужчынамі была пабудавана новая сцэна. Плануюць на будучыню замяніць і канструкцыі задніка для сцэны, а таксама павеці для артыстаў.

Ёсць яшчэ шэраг праблем, якія самім не вырашыць. У парку многа дрэў, якія неабходна абследаваць на прадмет выдалення. Памеры дрэў і шчыльнасць пасадак патрабуць выкарыстання спецыяльнай тэхнікі. Актывісты вёскі звярнуліся ў Ляскавіцкі сельскі Савет для запрашэння спецыя-лістаў прыродаахоўнай службы для правядзення абследавання.

Парк жыве і мяняе абліччаНемалую шкоду парку наносяць і бабры, што пасяліліся тут некалькі гадоў таму. Яны запруджваюць сажалкі, зразаючы і сцягваючы туды невялікія дрэвы. Дасюль у час суботнікаў вяскоўцам сваімі сіламі атрымлівалася неяк падтрымліваць стан сажалак, цяпер гэта стала практычна немагчыма. Зноў жа, патрэбна дапамога спецыялізаванай арганізацыі ў ачыстцы вадаёмаў. За дапамогай у вырашэнні гэтага пытання Марыя Семечка звярнулася ў райвыканкам. Пытанне разглядаецца.
– Жыхары вёскі з ахвотай удзельнічалі ў зборы грошай на агароджу помніка, – вярнулася да галоўнай тэмы гутаркі Марыя Сцяпанаўна. – Праўда, сабраных сродкаў на мантажныя работы не хапіла. Вырашылі, што з гэтым справімся сваімі сіламі. Сабраліся маладыя мужчыны вёскі – Мікалай Туравец, Аляксандр Паўтаран, Віталь Барысаў, Уладзімір Голік, Канстанцін Кандрашонак, Іван Клімчык, Сяргей Брага і Кірыл Чмыхун – і літаральна за паўдня 30-метровы перыметр быў усталяваны. Невялікая сума засталася, на яе закупілі і ўжо высадзілі 6 туй.
У спісе пахаваных у брацкай магіле савецкіх воінаў значацца 24 прозвішчы. Па цэнтры стэлы прымацаваны медальён з фотаздымкам юнака – Уладзіміра Вараб’ёва, пахаванага тут. Марына Барысава расказала, што некалі сюды прыязджалі нашчадкі гэтага загінулага салдата і прывезлі гэты медальён.

Мясцовыя жыхары расказвалі, што пахаваных тут воінаў намнога больш, чым пазначана на стэле. Тут імёны толькі тых, каго маглі ідэнтыфікаваць па нагрудных медальёнах. За вызваленне вёскі, якое адбылося, між іншым, 3 ліпеня, як і сталіцы, ішоў жорсткі бой. Жыхарам Брынёва давялося самім капаць магілу і хаваць загінулых. З той пары поле побач, дзе і ішоў бой, так і назвалі – Чырвоная Горка.
Парк многія гады застаецца галоўным месцам адпачынку для вяскоўцаў, месцам правядзення ўсіх святаў. Побач пабудаваны каталіцкі касцёл, памерамі такі ж, як у Петрыкаве. І не здарма. Пан Кеневіч некалі прывёз у вёску сялян з каталіцкай Польшчы, якія пусцілі тут свае глыбокія карані – Беластоцкія, Турмовічы, Краменскія, Фелькіны, Голікі.

Парк сёння не пустуе. Тут ла-дзяць свае гульні дзеці, па сцежках і мастку праз ручай з каляскамі гуляюць маладыя матулі, у таемных кутках прызначаюць спатканні маладыя людзі. А для старэйшых парк – месца памяці, веры, упэўненасці ў тым, што гісторыя вёскі будзе працягвацца.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о