Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале са старшынй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Наўныкам сустрэлася з жыхарамі Капцэвічаў

Парадак патрабуе  сумесных намаганняў

Пасёлак Капцэвічы на Петрыкаўшчыне займае сваё адметнае месца, і адметнасць гэтая найперш у яго заселенасці, бо адносіцца да так званых тысячнікаў. З відавочных плюсаў гэтага населенага пункта – канечне, чыгунка, блізкае размяшчэнне да райцэнтра, а значыць, да маштабнай будоўлі ГАК, чым, уласна, і карыстаецца мясцовы  люд, што здае жылыя пакоі будаўнікам. Не так далёка размешчана яшчэ адно буйное прадпрыемства, дзе ў тым ліку працаўладкаваны мясцовыя жыхары – ЭЛПГ “Ляскавічы”. Ну і, канечне, свой уклад у  забеспячэнне працоўнымі месцамі даюць установы сацыяльнай сферы – школа, садок, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, шэраг магазінаў розных формаў уласнасці (яшчэ адна выключнасць пасёлка) і дом-інтэрнат для псіхічна хворых.

Гэта, канечне, не ў поўнай меры кампенсуе зачыненае па прычыне банкруцтва так званае градастваральнае прадпрыемства (прынамсі, для Капцэвічаў) – гароднінасушыльны завод, які ў перыяд свайго росквіту даваў працу не аднаму дзясятку тутэйшых жыхароў, але ж, як адзначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Канстанцін Плікус, нейкай звышасаблівай напружанасці з працаўладкаваннем мясцовага люду ў пасёлку няма.

Трэба сказаць, што літаральна нядаўна былы гароднінасушыльны завод набыў новага ўласніка. Так што і ў мясцовай улады, і ў кагосьці з жыхароў ёсць шчырыя спадзяванні, што неўзабаве тут будзе, па-першае, хораша, а па-другое, што таксама верагодна, даходна.

Зразумела, будаўніцтва горнаабагачальнага камбіната дае жыхарам Петрыкаўшчыны вялікія перспектывы. І яны не толькі ў магчымасці працаўладкавання, што, зразумела, таксама вельмі важна, асабліва для моладзі, якая можа атрымаць адпаведную спецыяльнасць і добра зарабляць практычна дома. Па словах старшыні райвыканкама Аляксандра Наўныкі, узвядзенне ГАК прадугледжвае і значнае развіццё інфраструктуры горада, а таксама бліжэйшых населеных пунктаў. Ужо ў наступным годзе ААТ “Беларуськалій” плануе пабудаваць пяць дамоў, у тым ліку інтэрнат, заявілі пра намер будаўніцтва жылля і шахтавікі. У самых блізкіх планах – узвядзенне ў Паўночным мікрараёне Петрыкава дзіцячага садка на 190 месцаў.

Што тычыцца больш блізкай будаўнічай перспектывы, то ўжо зараз у райцэнтры вядзецца будаўніцтва дома з арэнднымі кватэрамі, значныя сродкі ў бліжэйшыя год-два мяркуецца ўкласці ў добраўпарадкаванне горада.

Зразумела, з боку не застануцца і іншыя населеныя пункты раёна, якія ў розных аб’ёмах і па розных напрамках атрымаюць сваё фінансаванне. У прыватнасці, у капцэвіцкай школе ўжо менш чым праз два гады  будзе праходзіць рамонт па праграме мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі. Пра гэта расказала ў час сустрэчы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Сенька. Па яе словах, сёлета спецыяльнай камісіяй быў абследаваны стан будынка, і зараз будуць рыхтавацца адпаведныя дакументы на правядзенне рамонту.

Адказваючы на пытанне капцэвічанаў адносна неабходнасці правядзення рамонту дарожнага пакрыцця, дырэктар ДРБУ-112 Іван Века адзначыў, што частковы рамонт дарог вядзецца, у тым ліку ў напрамку Капцэвічаў і ў самім населеным пункце з улікам таго, што ён транзітны. Самыя праблемныя ўчасткі рамантуюцца практычна неадкладна, астатнія – па меры фінансавання і згодна з вызначанымі планамі.

Узнімалася на сустрэчы тэма закрыцця мясцовага міні-палігона для складзіравання цвёрдых бытавых адходаў. Па словах выканаўцы абавязкаў дырэктара райжылкамгасу Юрыя Кузняцова, пакуль на палігоне праводзяцца работы, а ў перспектыве ён будзе зачынены ўвогуле згодна з заданнем па змяншэнні колькасці такіх аб’ектаў. Тое ніяк не пагоршыць становішча з вывазам з пасёлка камунальных адходаў – ён будзе ажыццяўляцца па графіку на петрыкаўскі палігон.

Пытанне па тэме прагучала наконт складзіравання смецця на аўтобусным прыпынку. Па словах жыхароў, часта урна на прыпынку перапоўнена і смецце разносіцца па ваколіцах, у тым ліку на тэрыторыю школу.

Па словах Івана Векі, ачыстка урнаў адбываецца згодна з рэгламентам – адзін раз у два тыдні, але праблема ў тым, што на прыпынку часта заўважаюцца аматары  спіртных напояў. Вось каб мясцовыя жыхары, бачыўшы гэта, паведамлялі ў адпаведныя органы, магчыма, сумеснымі намаганнямі праблема была б вырашана.

З улікам добрай шчыльнасці магазінаў у пасёлку не ўзнікла пытанняў па гандлёвым абслугоўванні да старшыні праўлення райспажыўтаварыства. Адзінае, на чым засяродзілі ўвагу жыхары, гэта недастатковая асветленасць магазіна ў выніку праведзенай маркетынгавай кампаніі Белкаапсаюза: заклеілі вокны. Але кіраўнік райСТ Уладзімір Калесны паабяцаў  вырашыць пытанне з дадатковым асвятленнем у будынку крамы.

Адно з узнятых на сустрэчы пытанняў было пра рамонт у памяшканнях амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Па словах жыхароў, вокны замянілі толькі з аднаго боку, а з другога – вельмі дзьме праз шчыліны.

– Зараз завяршаюцца работы па рамонце дахавага пакрыцця  амбулаторыі, – адзначыла намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Семікопенка. – Затым брыгада прыступіць да работ унутры памяшканняў.

Адносна просьбы пра перанос аптэкі на першы паверх  Вольга Семікопенка паабяцала гэта пытанне ўзгадніць.

На шэраг пытанняў жыхары пасёлка атрымалі адказы ў час сустрэчы, а некаторыя іншыя, у прыватнасці, пра спілаванне дрэва на Заводскай вуліцы, пра неабходнасць размяшчэння на прыпынку раскладу руху аўтобусаў і пра магчымасць адкрыцця маршруту ў райцэнтр у выхадны дзень, а таксама наконт усталявання ў пасёлку банкамата – запісаны для разгляду і магчымага вырашэння.

У. ЕСІПАЎ.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о