Спякота апошніх тыдняў, няхай нават з частымі дажджамі, спрыяе, але і прыспешвае аграрыяў у нарыхтоўцы сена і сенажу.

Пара духмянай сенажаці
Другі год на новым МТЗ 3522 Мікалай Картыннік забяспечвае якасную падрыхтоўку глебы

Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аграпрадпрыемствы раёна ідуць са значным апярэджаннем графіка ў нарыхтоўцы кармоў. У прыватнасці скошана ад планавага задання больш за 130% гектараў траў першага ўкосу. Дажджы запавольваюць іх уборку, але адставання ад графіка амаль няма. На канец мінулага тыдня на 21,3% выканана гадавое агульнараённае заданне па нарыхтоўцы сена, на 46,6% – па нарыхтоўцы сенажу.

З вялікім апярэджаннем планавага задання на пакосе траў ідуць КСУП “Кашэвічы”, ААТ “Агра-Пціч”, “Агра-Слабада” і “Курыцічы”. Поўнасцю прыбралі скошаныя травы першага ўкосу ў КСУП “Грабаў” і “Капаткевічы”, ААТ “Камаровічы” і УП “Палессе-Аграінвест”. Да таго ж КСУП “Капатке-вічы”, ААТ “Навасёлкі” і УП “Палессе-Аграінвест” прыступілі да траў другога пакосу.

У ААТ “Курыцічы” нарыхтаванага летась сена ўдосталь хапіла да новага ўраджаю, чаму маглі пазайздросціць іншыя гаспадаркі раёна. Гэта дазволіла прадпрыемству не губляць у вытворчасці малака амаль да таго часу, калі пойдзе зялёны корм. Галоўны аграном Уладзімір Зубар пазначыў, што плануецца нарыхтаваць не менш за 850 тон сена – гэта планавае заданне амаль удвая большае за мінулагодняе. Аднак у прадпрыемстве, калі на тое будзе спрыяльнае надвор’е, разлічваюць на больш важкі ўзятак з сенажацяў. Бо ёсць у планах павелічэнне пагалоўя жывёлы, ды і лішкі могуць стаць рэальнымі грашыма, калі іх прадаць іншым гаспадаркам.

На канец мінулага тыдня зводкі па курыціцкай гаспадарцы паказвалі каля 30% выканання задання за два тыдні касавіцы, якія прыпалі амаль на штодзённыя дажджы. У такіх умовах нельга губляць ні хвіліны сонечнага надвор’я. Як толькі сыдзе раса, Міхаіл Баярчук выходзіць у поле, каб падварушыць і згрэбці сухую траву. Яшчэ меншы дзень у полі Генадзя Чарнобыльца з прасавальным агрэгатам – трэба паспець сабраць гатовы для захавання сухі здабытак.
На нарыхтоўцы сенажу ў гаспадарцы заняты Уладзімір Сірош. Ужо закладзена адна яма, аб’ёмам каля 140 тон. Ад хуткасці закладкі гэтага корму і якасці трамбоўкі найперш залежаць высокія пажыўныя якасці корму. Тут ужо не даводзіцца арыентавацца на час сутак ці нязначныя перапады надвор’я. Да позняй ночы гудзе трактар Сяргея Шуберта на ўшчыльненні гэтай зялёнай масы.

Усяго ж у гаспадарцы плануюць нарыхтаваць каля 3 тысяч тон сенажу. Плошчы шматгадовых і аднагадовых пасеваў траў і збожжавых культур на зялёную масу адпавядаюць планавым заданням. Тым больш, што і пасюль працягваецца пасеў проса і аднагадовых траў. Мікалай Картыннік некалькі месяцаў не знімаў са свайго “МТЗ-3522” дыскавальны агрэгат. Яго энерганасычаны трактар замяняе два па магутнасці і захопе палетка. Таму падрыхтоўка глебы да пасеваў і даручана Мікалаю Віктаравічу. Праўда, напачатку пасяўной давялося і з сеялкай працаваць. Усе палеткі аўса і ячменю – яго сеялкі справа.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о