Хутка Новы год – самае чароўнае і ўсімі любімае свята, якое хочацца правесці весела і прыгожа. Яшчэ ў недалёкім мінулым у арсенале навагодніх забаваў былі толькі бенгальскія агні ды традыцыйныя хлапушкі з рознакаляровымі канфеці. На змену ім прыйшлі далёка не бяскрыўдныя піратэхнічныя вырабы: петарды, феерверкі, ракетніцы і іншыя вогненныя забавы, якія дапамагаюць не толькі разнастаіць свята, але, на жаль, могуць яго і сапсаваць. Як зрабіць навагодняе свята па сапраўднаму вясёлым і не азмрочыць яго непрыемнасцямі і няшчаснымі выпадкамі наша гутарка з першым намеснікам начальніка РАУС Дзмітрыем Белькаўцом.

Папулярна пра петарды

– Дзмітрый Рыгоравіч, на што ў першую чаргу варта звяртаць увагу аматарам вогненных забаў пры набыцці петард, феерверкаў і іншых піратэхнічных вырабаў?
– Сапраўды, у гэты перыяд наш народ экіпіруецца, як на вайну. У крамах, а то і «з рук» пачкамі скупляюцца феерверкі, хлапушкі, петарды, разнастайныя “бомбачкі”, а па начах раз-пораз чуюцца гучныя воплескі і працяжныя выбухі салютаў. З кожным годам на прылаўках крам з’яўляецца ўсё больш складаная прадукцыя з самымі неверагоднымі піратэхнічнымі вынаходствамі. І сярод такой разнастайнасці лёгка нарвацца на непрыемны сюрпрыз: кантрафакт або пратэрміноўку. Як правіла, піратэхніка выраблена саматужным спосабам, і не мае сертыфікатаў і допускаў да выкарыстання. У шпіталях можна ўбачыць розных пацыентаў: выбітыя вочы, апёкі твару і рук, траўматычная ампутацыя пальцаў ці нават далоняў. Дзівіцца няма чаму, петарды, асабліва несертыфікаваныя, здараецца, выбухаюць раней часу ў руках, а калі не спрацоўваюць, некаторыя аматары маюць звычай схіляцца над «цацкай» і разважаць, чаму не спрацавала. Так траўмуецца твар. І такія прыклады даволі часта фігуруюць у навагодняй міліцэйскай статыстыцы. Справа не толькі ў незахаванні тэхнікі бяспекі, але і ў куражы.
– Вялікай папулярнасцю піратэхніка карыстаецца менавіта ў дзяцей. Якія ў гэтым выпадку парады Вы можаце даць бацькам?
– Напярэдадні зімовых канікул для бацькоў самы час растлумачыць дзецям магчымыя наступствы выкарыстання петард і іншай піратэхнікі. Бацькі, ні ў якім разе не давайце “вясёлыя агні” маленькім дзецям і нецвярозым таварышам. Не выкарыстоўвайце хлапушку паблізу падпаленых свечак або лямпаў – серпантын або канфеці могуць загарэцца. Не ўздумайце запальваць васковыя свечкі, якімі ўпрыгожана елка. Такі “капрыз” прывядзе да пажару. І, што бадай галоўнае, будзьце станоўчым прыкладам для сваіх дзяцей.
– Дзмітрый Рыгоравіч, якія меры адказнасці могуць прымяняцца за парушэнне грамадскага парадку пры выкарыстанні піратэхнічных матэрыялаў?
Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжаны шэраг артыкулаў, звязаных з парушэннем у галіне гандлю і выкарыстання піратэхнічнай прадукцыі.
Тыя грамадзяне, якія ў пераднавагоднія святы актыўна гандлююць ёй з-пад падлогі, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 12.7 КоАП Рэспублікі Беларусь “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”, санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 10 да 200 базавых велічынь, а для юрыдычных асоб і зусім даходзіць да 500 базавых велічынь, А за рэалізацыю прадукцыі ў неўстаноўленых месцах нядбайнага гандляра супрацоўнікі міліцыі могуць пакараць рублём у памеры да 3-х базавых велічынь.
Гэтак жа хочацца нагадаць грамадзянам, якія напэўна адправяцца пасля бою курантаў працягнуць навагоднюю ноч ля ёлкі на гарадской плошчы, што ў выпадку выкарыстання петард, салютаў, феерверкаў і іншай піратэхнікі ў грамадскіх месцах, згодна з артыкулам 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, ім пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. А калі ж за выбухамі петардаў або запускам салютаў будзе затрымана непаўнагадовае дзіця, то бацькам давядзецца несці адказнасць па артыкуле 9.4. КаАП “Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”, санкцыя якой прадугледжвае папярэджанне або штраф у памеры да 20 базавых велічынь.
Акрамя таго, у выпадку нанясення значнай шкоды здароўю або маёмасці іншых грамадзян вінаватыя могуць апынуцца на лаве падсудных па крымінальнай справе. Чым больш прычыненая шкода, тым больш суровае пакаранне чакае правапарушальніка.
-– Дзякую за змястоўную гутарку, будзем спадзявацца, што навагоднія святы пройдуць без здарэнняў.

Гутарыў Дзмітрый БЯЛЬКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о