Рэспубліканская акцыя-конкурс сярод устаноў адукацыі па зборы другаснай сыравіны “Макулатуру ў перапрацоўку. Наш клопат, а не янота”, якая стартавала яшчэ напачатку навучальнага года, падвяла вынікі. Для вызначэння пераможцы вылічваўся аб’ём здадзенай у нарыхтоўчыя прадпрыемствы макулатуры ў разліку на аднаго вучня.

Паперы не становіцца менш
Усе ўстановы-ўдзельніцы былі ўмоўна падзелены на чатыры намінацыі ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў у іх і размяшчэння – у сельскай ці гарадской мясцовасці.
Аказалася, што самымі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі навучэнцы сельскіх школ з колькасцю вучняў да 80 чалавек. Пераможцам стала Вяжноўская базавая школа Светлагорскага раёна нашай вобласці, дзе на аднаго чалавека было сабрана 61,5 кілаграма паперы. А ўладальнік І месца ў групе сельскіх школ з колькасцю больш 80 вучняў – Пашкоўскі сад-школа з Магілёўскага раёна адарваўся ад іх амаль напалову – толькі па 37,4 кілаграма. Праможцы ў намінацыях сярод гарадскіх школ сабралі на аднаго чалавека па 20,6 ці 18,5 кілаграма. Дарэчы, у ліку прызёраў тут ёсць яшчэ адна ўстанова Гомельшчыны – Гомельскі гарадскі ліцэй № 1, дзе на кожнага ліцэіста было сабрана па 20,2 кілаграма паперы.
У час правядзення акцыі было нарыхтавана 1163 тоны макулатуры, а гэта значыць, што плошча выратаванага ад вырубкі лесу ўмесціцца ў 4 футбольныя палі. З гэтай паперы могуць быць зроблены 23 мільёна школьных сшыткаў. 140 тон з гэтай макулатуры сабрана школьнікамі Гомельшчыны.
12 пераможцаў акцыі-конкурсу атрымаюць у падарунак ноўтбукі ад арганізатараў – Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнай установы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”.
За першыя 10 месяцаў мінулага года ў рэспубліцы праз сістэму кантэйнернага збору і пункты нарыхтоўкі другаснай сыравіны было сабрана 291 тысяча тон адходаў паперы і картону. А гэта на 10% больш, чым летась.
У раённым спажывецкім таварыстве паведамілі, што летась імі нарыхтавана 189,8 тоны макулатуры. 76,1 тону сабралі і перадалі на перапрацоўку ўстановы адукацыі, а гэта па 23,8 кілаграма на аднаго навучэнца. Калі гаварыць у маштабах раёна, то мінулагодні план мы выканалі на 100%, здаўшы па дзяржзаказе на перапрацоўку 1444,2 тоны нарыхтаванай паперы.
Далучайцеся да збору другаснай сыравіны. І не толькі для падарункаў і спартыўнага азарту, а для дачынення да важнай справы прыродазберажэння.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о