Вызначыць, колькі дакладна іх, ахвяр той страшнай вайны, сёння не возьмецца ніхто. І каго называць ахвярамі: загінулых, пакалечаных целам ці душой?

Сёння амаль няма побач з намі тых, хто прайшоў Вялікую Айчынную вайну з пачатку да канца. Час няўмольны. Каштоўнасць кожнага моманту іх успамінаў разумееш на самай мяжы, калі тыя жудасныя факты разам з героямі сыходзяць у нябыт. Яшчэ ёсць час паспець распытаць  састарэлых прабабуль і прадзядуль пра тое, што атрымалі яны замест адабранага дзяцінства і юнацтва.

Міхаілу Кароткаму з вёскі Вялікае Поле 89 гадоў. Гэты год для яго асабліва цяжкі: у лютым пахаваў любую жонку Тамару, з якой пражылі 69 гадоў у згодзе і выгадавалі трох сыноў і дачку. Ды і на яго навалілася хвароба, што не дае магчымасці ні  ў чым абыходзіцца без дапамогі сына. Сцяпан паўгода ўжо жыве з бацькам, прыехаўшы з Гомеля.

1

Ці было дзяцінства?

У 1927 годзе за плату зернем сялянам з Другой Слабодкі дазвалялася перасяліцца на ўрадлівыя землі будучай вёскі Вялікае Поле. Прыехала сюды і сям’я Кароткіх з дзевяццю дзецьмі.

Сяляне яшчэ мала веры давалі новай уладзе, гаварылі, што хаты трэба будаваць на колах, бо прыйдзе пан і прагоніць. Але ж будаваліся, абжываліся.

Гаспадар вялікай сям’і Кароткіх у калгас не пайшоў – сваю б сям’ю неяк пракарміць. Тым больш што тры дзяўчынкі былі інвалідамі – “не параслі”. У той час адзінай каштоўнасцю была зямля, што давала надзею не пакутаваць ад голаду.

Гэта разумелі і немцы, што прыйшлі ў хуткім часе пасля пачатку вайны. Раздалі калгасную зямлю: сейце, колькі зможаце. А потым пачалі адбіраць прадукты.

Сям’і Кароткіх даводзілася не салодка. Старэйшы сын пайшоў ў Чырвоную Армію. Пра гэта ведалі і мясцовы стараста, і паліцаі, што наязджалі раз-пораз. Неяк пасля Каляд бацьку з іншымі мужчынамі немцы забралі ў абоз: вазілі карнікаў Мазырскага гарнізона на расправы ў Акцябрскі раён, дзе была тады партызанская зона. Вярнуліся адтуль з поўнымі жаху вачыма і аповедамі, як немцы паляць жывых людзей, забіваюць старых і малых.

Падыходзіў фронт, партызанская зона набліжалася. Спачатку партызанаў бачылі каля Кашэвічаў, потым – у Лучыцах і Грабаве, затым каля іх вёскі.  Многія сем’і збягалі ў лес, баяліся распраў, пра якія расказвалі мужчыны-абознікі. Усё часцей у вёску заязджалі фашысты, хапалі моладзь і падлеткаў і везлі ў Нямеччыну. Хлапчукі збягалі ў такія дні ў лес. Аднойчы не атрымалася там адсядзецца: немцы акружылі дзяцей і прачэсвалі кусты над іх галовамі кулямётнымі чэргамі. Выйсця не было,  падлеткі ўзняліся з паднятымі рукамі.

Далей былі тыдні катаванняў у панскім доме ў Чырвонай Горцы, ад дзяцей патрабавалі прызнацца, што яны маюць дачыненне да партызанаў. Збітых і змучаных павезлі ў лагер ваеннапалонных у Жыткавічы. Праз тры дні – у Пінск. У гэтых лагерах Міша Кароткі ўпершыню ўбачыў людзей азіяцкай расы. Асобным баракам жылі італьянцы, якія спачатку ваявалі на баку фашыстаў, а калі адмовіліся трымаць зброю, трапілі ў лагеры.

З Украіны падыходзіў фронт. Палонных – і былых салдат, і юнакоў з падлеткамі, якія ў арміі не былі, – грузілі ў эшалоны і везлі на Захад. У Брэсце месца ў лагеры не было, тое ж – у Баранавічах, Мінску. Доўгія тыдні шляху ў студзеньскую сцюжу бралі сваю даніну – палонныя хварэлі і паміралі. У адзін з пераездаў чацвёра мазырскіх хлопцаў адкруцілі краты на вокнах і выскачылі на хаду з вагона. Вартавыя не драмалі. Аднаго забілі, іншыя зніклі ў лесе.

Састаў спынілі, дзевяноста палонных распранулі і выгналі на снег, трымалі так, пакуль спрабавалі дагнаць уцекачоў. Потым яшчэ суткі ў пакаранне не кармілі.

У лагеры пад Маларытай ужо хворы Міша з многімі сваімі такімі ж спадарожнікамі трапіў у барак з тыфознымі палоннымі. Кожны дзень ён развітваўся з чарговым знаёмым, адзін з іх – стары ветэрынарны ўрач з Капаткевічаў. Людзі паміралі дзясяткамі за ноч. А падлетку наканавана было выжыць.

Праз месяц Мішу перавялі ў барак да здаровых. Яго, паўжывога, страшэнна худога, разам з іншымі ганялі на работы. Немцам патрэбна была новая лінія абароны, палонныя будавалі яе. Партызаны спрабавалі сарваць работы, мініравалі дарогу, па якой гналі калоны рабочай сілы. Тады немцы штодзень адбіралі “смяротнікаў”, якія вялі коней з баронамі паперадзе палонных. Узрыў, і каня з павадыром замянялі наступныя.

Потым быў Ваўкавыск, польскія тэрыторыі, зноў капалі акопы, будавалі бліндажы. У адзін з дзён паперадзе калоны палонных быў узарваны і абстрэлены партызанамі аўтамабіль з нямецкімі салдатамі. Момант, і палонныя рванулі ў лес.

Было лета, ад галоднай смерці ратавалі ягады і зрэдку частаванні мясцовых людзей. Пакуль не набрылі на партызан атрада імя Жданава партызанскай брыгады імя Чапаева.

Не юнак, але салдат

– У партызаны бралі толькі тады, калі сам сабе знойдзеш зброю, – узгадвае Міхаіл Малашкавіч. – Калі няма – ідзі дадому. Але мяне пакінулі, прымацавалі да гаспадарчай часці, нават не рэгістраваўшы. Партызанскае жыццё доўжылася восем дзён.

Немцаў гналі з баямі. Зброю падабраць было не складана. Я знайшоў і сабе вінтоўку, выцягнуў паўпрысыпаную глебай, абцёр анучай і павесіў на плячо. Цяпер я – паўнавартасны салдат. А пра тое, што яе пачысціць ды праверыць трэба – у думках не было.

Партызаны, у большасці сваёй былыя палонныя, падлеткі і старыя, спыніліся ў мястэчку Васількова з чыгуначным раз’ездам і водным млынам. На ўскрайку на гары акапаліся немцы.

Перад намі паставілі задачу: выбіць немцаў з умацавання. Паказалі, дзе павінны размясціцца партызаны. “Калі пачуеце каманду, з крыкам “Ура!” бяжыце на немцаў”, – такой была адзіная навука камандзіра нам, якія ніколі нават зброі ў руках не трымалі.

Каманда! Ускочылі гуртом і пабеглі… Некалькімі кулямётнымі чэргамі немцы паклалі амаль усіх. Я паспрабаваў націснуць на курок. Вінтоўка не спрацавала. Боль апаліў плячо – куля рассекла мышцу, я паваліўся ў канаву. Калі скончылася стральба, папоўз да сваіх пазіцый. Насустрач – афіцэр, крычыць: “Не адступаць!” Кажу, што ружжо не працуе. Той праверыў, выкінуў, сказаў шукаць іншае. А шукаць і не трэба – вакол забітыя, з пад кожнага тырчыць дула. Падцягнуў да сябе вінтоўку, сяджу ў ямцы. Зарадзіў. Бачу, бяжыць немец, нажаў на курок… Здаецца, не патрапіў. Гэта быў мой першы стрэл па ворагу.

З 47 чалавек нас засталося 11.

Апынуліся на перадавой мы разам з дзеючай арміяй. Нас павінны былі аформіць у войска. Каму не было васямнаццаці – адпраўлялі дадому. Мяне пакінулі, прыпісалі чатыры месяцы, бо ў лістападзе павінна было споўніцца 18. Размеркавалі па ротах. Я патрапіў разам з Валодзем Пішчалавым з Парычаў. Малодшы лейтэнант забраў у яго вінтоўку і даў у рукі кулямёт: “Будзеш кулямётчыкам”. Валодзю 20, у арміі не быў, зброі ў руках не трымаў. Акапаліся. Параскідалі белы пясок навокал – зрабілі сябе выдатнымі мішэнямі. Развіднела і немцы сталі біць па нас прыцэльна. Так Валодзя і не паспеў стрэліць з кулямёта…

Тых нямногіх, хто застаўся жывы, малодшы сяржант сабраў, перавёў на новыя пазіцыі. Я зноў акапаўся, не разумеючы небяспекі, знайшоў месца за вялізным камнем. Па нас ударылі з мінамётаў. Кавалак камня адкалоўся і накрыў мяне. Хутка выцягнулі, з вушэй цякла кроў – кантузіла.

Нас было мала. Ніхто не пытаў, хто што ўмее. Камандзір батарэі замест забітых сувязістаў прыйшоў узяць новых людзей. Аддалі мяне і пяцідзесяцігадовага мужчыну – хто ж аддасць лепшых на немінучую смерць?

Які з мяне сувязіст? Я і тэлефон бачыў толькі адзін раз у жыцці ў калгаснай канторы. Паказалі, як скруціць правады, што такое клемы і зазямленне, катушку на плечы – і ўперад. Былі побач сувязісты Гарохаў, Валодзя Куледа, Іван… і не стала.

Неяк размясціліся са сваім абсталяваннем недалёка ад пазіцый, адпачывалі. Раптам – залп, яшчэ, яшчэ. Сцяна павалілася, вінтоўкі – у трэскі. Твар мне пабіла порахам. Глянуў – танк нямецкі. Мы пабеглі. Не з катушкай жа тэлефоннай на яго ісці.

Атаку адбілі. Сабралі забітых, параненых. У мяне па твары пайшла пухліна. Павезлі ў шпіталь. Некалькі тыдняў пухліна не спадала. Нават вочы былі заплюшчаныя. Сястрычка вадзіла ў сталовую за руку.

…Усё, дастаткова! Стаміўся я. Расказваць можна многа, ды ці трэба?

Будзем жыць!

Закончыў вайну Міхаіл Кароткі ў Калінінградзе. На грудзях – медаль “За адвагу” і ордэн Айчыннай вайны І ступені. За плячыма – два раненні і кантузія. Другое раненне было ў ногі: асколкамі павырывала тканкі і пабіла косці. Пасля запаснога палка ва Уладзіміры яшчэ год пасля вайны служыў у Сялезіі, у горадзе Браціславе.

Дома чакалі бацькі і горкія весткі: старэйшы брат загінуў на фронце, а адзін з меншых памёр, пакалечыўся на кані.

Праз два гады згуляў вяселле з любай Тамарай. Засталіся жыць з бацькамі, дабудавалі іх хату, каб усім хапіла месца.

З горыччу Міхаіл Малашкавіч сказаў пра тое, што рана пайшлі з жыцця два сыны – у 38 і 58 гадоў. Адзін з іх, Анатоль, з дзяцінства марыў стаць лётчыкам. Двойчы не паступіў, а адслужыў у арміі і атрымаў накіраванне. Быў залічаны ў курсанты Ейскага вышэйшага ваеннага вучылішча лётчыкаў. Доўга служыў у Германіі, Хабараўску. Міністрам абароны Усцінавым быў адзначаны імянным гадзіннікам. Але хвароба забрала яго зусім маладым. Паспеў пакінуць пасля сябе сына Сяргея. Сёння ён – лётчык-штурман, выконваў свой вайсковы абавязак у Судане, Сірыі.

Цяпер днём народзінаў Міхаіла Малашкавіча лічыцца 1 ліпеня – так запісана ў тых першых вайсковых дакументах, іншых не было. У гэты дзень ветэран будзе сустракаць у сваім доме афіцыйных гасцей, якія ў чарговы раз выкажуць усеагульную ўдзячнасць паважанаму жыхару раёна.

Вялікіх планаў на жыццё Міхаіл Кароткі не будуе. Толькі дажыць да лістапада – сапраўднага дзевяностагоддзя. А там, Бог дасць, будзем жыць!

Алена БРУЦКАЯ.

Фота з сямейнага  архіва Кароткіх.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о