Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка правёў у Петрыкаве прыём грамадзянаў і прамую тэлефонную лінію

У аўторак Петрыкаў сустракаў гасцей: горад наведаў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, які праводзіў у будынку райвыканкама асабісты прыём і “прамую лінію”. Таксама ў райцэнтр прыехалі кіраўнікі і спецыялісты абласных службаў на нараду, прымеркаваную да планавання работ па добраўпарадкаванні горада адпаведна даручэнню Прэзідэнта Беларусі, дадзенаму ўвесну пры наведванні кіраўніком дзяржавы Жыткавічаў.

Так сталася, што тэма абнаўлення, мадэрнізацыі Петрыкава гучала і ў ходзе правядзення памочнікам Прэзідэнта прамой тэлефоннай лініі, бо апрача званкоў, якія тычыліся вырашэння нейкіх праблемных пытанняў жыхароў Петрыкаўшчыны і іншых раёнаў вобласці, былі і простыя падзякі кіраўніцтву вобласці, раёна, асабіста Юрыю Шулейку за дапамогу ў развіцці Петрыкаўскага раёна і ўласна горада Петрыкава. Петрыкаўчане выказалі ўдзячнасць за будаўніцтва фантана ў горадзе, які быў адкрыты сёлета акурат да Дня Перамогі, за новую Дошку гонару, ва ўзвядзенні якой, дарэчы, ёсць уклад саміх жыхароў, бо частка грошай была выдаткавана са сродкаў, заробленых на раённых суботніках. Таксама было выказана спадзяванне, і Юрый Шулейка пацвердзіў гэта, што хутка раённы цэнтр будзе з добрымі дарогамі.

– У наступным годзе свой горад вы проста не пазнаеце, – паабяцаў памочнік Прэзідэнта мясцовым жыхарам, што патэлефанавалі на прамую лінію. – Згодна з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Петрыкаў мы з вамі павінны добраўпарадкаваць да канца наступнага лета. Вось чаму сёння тут сабраліся прадстаўнікі службаў для вызначэння задач і акрэслення мерапрыемстваў па выкананні гэтага даручэння.

Як адзначыў Юрый Шулейка, усім давядзецца плённа папрацаваць, у тым ліку і мясцовай уладзе. Выбраўшы хвілінку паміж званкамі на прамую лінію, памочнік Прэзідэнта пагутарыў з кіраўніцтвам райвыканкама і раённых служб, пацікавіўшыся пытаннямі папярэджання і прадухілення надзвычайных сітуацый, станам злачыннасці, ходам ацяпляльнага сезона, развіццём аграпрамысловага сектара, звярнуў увагу на развіццё арганізацый сацыяльнай сферы – адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, спорту.

Дарэчы, папярэдзіўўшы магчымыя пытанні па завяршэнні рэканструкцыі петрыкаўскага стадыёна, Юрый Шулейка адзначыў, што па гэтым пытанні літаральна днямі размаўляў са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Дворнікам, і ёсць намер завяршыць гэтыя работы ў ходзе мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні.

Усяго ў час правядзення прамой лініі да памочніка Прэзідэнта паступіла восем званкоў, якія тычыліся самых розных тэм: пенсійнага забеспячэння, пагашэння суб’ектамі гаспадарання запазычанасцяў за выкананыя работы, пытанні газа- і водазабеспячэння і іншыя. Юрый Шулейка, уважліва выслухаўшы агучаныя праблемы, паабяцаў вывучыць іх падрабязна і затым даць адпаведны адказ. Пры неабходнасці з заяўнікаў запытаюць дадатковыя дакументы.

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка правёў у Петрыкаве прыём грамадзянаў і прамую тэлефонную лінію

Адзін са званкоў паступіў з Гомеля. Антаніна Мікалаеўна – грамадзянка Украіны, але нарадзілася і зараз з мужам пражывае ў абласным цэнтры, у доме, зарэгістраваным на яе імя.

– Ніколі не ўзнікала ніякіх праблем, – расказала жанчына, –у тым ліку па аплаце розных паслуг, пакуль не давялося мяняць па прадстаўленні службы газазабеспячэння кухонную пліту. Пры афармленні дакументаў арганізацыя газавага забеспячэння налічыла ёй да спагнання больш 900 рублёў, матывуючы гэта тым, што яна – грамадзянка іншай дзяржавы, а таму павінна была плаціць па больш высокіх тарыфах.

Як адзначыла Антаніна Мікалаеўна, хаджэнне па інстанцыях вынікаў не дало, а гэтая праблема для яе непад’ёмная, бо з мужам разам яны атрымліваюць пенсію бліз 300 рублёў, абодва маюць захворванні. Вось і звярнуліся за дапамогай да памочніка Прэзідэнта.

Юрый Шулейка адказаў жанчыне, што яе пытанне ўдакладняць і ў бліжэйшы час паведамяць пра вынікі разгляду.

Жыхар Муляраўкі Уладзімір Герасіменка патэлефанаваў на прамую лінію ад імя жыхароў пасёлка. Праблема, якую ён агучыў, тычыцца забеспячэння вадой, а менавіта слабога напору ў сістэме водападвядзення, што, па словах заяўніка, дрэнна адбіваецца на якасці работы ацяпляльнага абсталявання.

Юрый Шулейка пацікавіўся магчымасцю вырашэння гэтай праблемы ў прысутнага на прамой лініі выканаўца абавязкаў дырэктара райжылкамгасу Юрыя Кузняцова. Той адзначыў, што гэты населены пункт, як і многія іншыя, у ключаны ў адпаведныя праграмы і чакаюць фінансавання, але паабяцаў вывучыць сітуацыю і па магчымасці дапамагчы з яе вырашэннем.

На асабісты прыём да памочніка Прэзідэнта запісалася жыхарка Жлобіна Наталля Лебедзева з сынам, якія праз суд спаганяюць з грамадзяніна грошы, заплачаныя за набыццё ў яго аўтамабіля, арыштаванага затым за нявыплату крэдытных пазык. Па словах заяўніцы, рашэнне суда застаецца пакуль не выкананым.

Юрый Шулейка патлумачыў, што гэта пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі органаў прымусовага спагнання, але прапанаваў Наталлі Лебедзевай прадставіць яму дакументы для вывучэння.

Па завяршэнні асабістага прыёму памочнік Прэзідэнта наведаў аб’екты будоўлі Петрыкаўскага горнаабагачальнага камбіната.

У. ЕСІПАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о