Панорама_без_названия1

Забеспячэнне правядзення судовых працэсаў і следчых дзеянняў па крымінальных справах – галоўная задача супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Сёння тут пазменна нясуць службу 8 супрацоўнікаў. Начальнік падраздзялення Андрэй Сабаленка адзначае, што часцей за іншых да іх трапляюць вінаватыя ў распіцці спіртных напояў і бытавыя скандалісты. Адзначае той станоўчы факт, што з кожным годам колькасць змешчаных у ізалятар за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы змяншаецца. Напрыклад, у 2015 годзе толькі па абвінавачванні ў забойстве сюды былі змешчаны 8 чалавек, а ў мінулым годзе – двое.

У калектыву свая трывалая пазіцыя ў адносінах іх “падапечных”: гэта грамадзяне, якія зрабілі няправільны крок, але маюць права на годныя ўмовы пражывання, няхай нават і ў зняволенні. Кожны з размешчаных у ізалятар забяспечваецца неабходным для пражывання – пасцельнай бялізнай, харчаваннем, дарэчы, з рэстарана, магчымасцю спраўляць свае гігіенічныя патрэбы, для іх прымаюцца перадачы, выконваюцца пэўныя просьбы.

– Працаваць даводзіцца з рознымі людзьмі, – расказвае пра сутнасць штодзённай працы Андрэй Сабаленка. – Ёсць і тыя, хто трапляе сюды па збегу абставін. Напрыклад, цяпер знаходзіцца мужчына, што, спрабуючы заклікаць суседа да сумлення, калі начныя забавы таго перашкаджалі адпачываць іншым, нанёс яму цялесныя пашкоджанні, з-за якіх мужчына памёр.

Як і іншым, супрацоўнікам ізалятара не зразумела пазіцыя людзей, што не ўсведамляюць каштоўнасці волі, чалавечага жыцця. Узгадваюць, як у мінулым годзе працяглы час у ізалятары знаходзілася жанчына, абвінавачаная ў забойстве паштальёна ў Капаткевічах. Прыкмет раскаяння ніхто ў ёй так і не заўважыў.

Максімальны тэрмін зняволення, які быў на памяці Андрэя Сабаленкі – 8 месяцаў. Праўда, не ўвесь час арышту гэтыя людзі знаходзяцца тут. У залежнасці ад напаўняльнасці чатырох камер, разлічаных на чатыры чалавекі кожная, даводзіцца перапраўляць арыштаваных у гомельскі следчы ізалятар. Вяртаюцца пры неабходнасці правядзення следчых дзеянняў. А вінаватыя ў злачынствах, якія не ўяўляюць небяспекі, могуць быць адпушчаныя пад распіску пра нявыезд. Прычым, напаўняльнасць камер не стабільная. Бывае па пяць чалавек, а часам і 25. Праўда, пад Новы год камеры пусцеюць. Хочацца, каб кожны меў магчымасць сустрэць свята з сям’ёй.

Галоўнымі якасцямі, якія трэба ў сабе выхаваць, па меркаванні супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання, павінны быць вытрымка, чалавечнасць і дальнабачнасць. Падмацаваныя веданнем нормаў закону, яны даюць ім магчымасць пазбягаць памылак, не дапускаць непрадбачаных сітуацый.

Падрыхтавала Алена БРУЦКАЯ, фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о