Кожны месяц у Беларусі прымеркаваны да пэўнага віду турызму. Лістапад праходзіць пад знакам палявання.
Супрацоўнікі нацыянальнага парку “Прыпяцкі” прапануць сваім наведвальнікам цікавы варыянт, здольны стаць цудоўнай альтэрнатывай класічнаму паляванню. Падрабязнасці – у нашым матэрыяле.
– Паляванне без стрэльбы ці фотапаляванне – гэта ўнікальны спосаб узаемадзеяння з дзікай прыродай, дзе замест стрэльбы “паляўнічы” ўзбройваецца камерай. Пры гэтым захоўваюцца ключавыя элементы традыцыйнага палявання: высочванне, цярпенне, веданне звычак жывёл. Адзіная розніца – здабычай падчас фотапалявання становіцца фатаграфія, – распавяла вядучы спецыяліст па экалагічнай асвеце ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Вераніка Цімашчэня.
Галоўная мэта такіх “паляванняў”, як пазначыла наш суразмоўца, – захаваць дзікіх жывёл у натуральным асяроддзі пасялення. Фатограф становіцца назіральнікам, які вывучае месцы рассялення звяроў, адсочвае іх маршруты, падбірае аптымальны час для здымкі і цярпліва чакае патрэбны момант.
Фотапаляванне, па словах Веранікі, гэта не проста здымка, а сапраўдная прыгода, дзе перамога вымяраецца не здабычай, а якасцю кадра і глыбінёй перажытага вопыту. Гэта спосаб дакрануцца да дзікай прыроды, не парушаючы яе гармоніі.
Сапраўды, фотапаляванне аб’ядноўвае рызыку пошуку, глыбіню пазнання і павагу да жыцця – ствараючы альтэрнатыву традыцыйнаму паляванню ў сучасным свеце. Ды і фатаграфіі, у сваю чаргу, будуць жыць вечнасць і радаваць вас успамінамі пра незабыўныя сустрэчы.
Заканчваецца лістапад, аднак прапанова прыехаць у “Прыпяцкі” на фотапаляванне дзейнічае круглы год.
– Нацыянальны парк “Прыпяцкі” багаты не толькі на прыгожыя і некранутыя прыродныя лакацыі, але і на разнастайнасць жывёльнага свету, які можа стаць сюжэтам вашай здымкі.
У нас можна сустрэць зуброў, казуль, аленяў, ласёў, ваўкоў, рысь, барсукоў, лісіц, куніц, баброў, арлана белахвоста, незлічоную колькасць іншых птушак і нават мядзведзя.
Фотапаляўнічым можа стаць кожны, нават калі ў вас у кішэні толькі мабільны тэлефон. Мы вам у гэтым гатовы дапамагчы і арганізаваць для вас фотапаляванне. Дадатковую інфармацы можна атрымаць па нумары тэлефота +375291250095, – пазначыла ў завяршэнні размовы вядучы спецыяліст па экалагічнай асвеце ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Вераніка Цімашчэня.
Запісала Галіна КАЗАК, фота аўтара.







Оставить комментарий