Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка у сельгаспрадпрыемстве “Палессе-Аграінвест” адбылося ўзнагароджванне механізатараў і вадзіцеляў гаспадаркі, а таксама іншых работнікаў, якія ўнеслі свой важкі ўклад у нарыхтоўку кармоў.

Унутры прадпрыемства праведзена спаборніцтва на вызначэнне лепшых у розных відах работ на нарыхтоўцы кармоў, дзе вызначаны ў кожнай намінацыі трое лепшых. Граматы і матэрыяльныя заахвочванні з рук дырэктара прадпрыемства Міхаіла Капінскага атрымалі больш за тры дзясяткі работнікаў.

“Палессе-Аграінвест” ушанавала перадавікоў
Найлепшы вынік сярод механі-затараў на кашэнні травы паказаў Юрый Лімараў, які скасіў 1799 гектараў угоддзяў. На здрабненні зялёнай масы перамога была прысуджана Аляксандру Карабуну – 10167 тон. На перавозцы зялёнай масы з агульнай масай 4114 тон лідыраваў Мікалай Марціновіч, а на перавозцы сена і саломы Алег Савіч – 2943 тоны. Сярод тых, хто займаўся прасаваннем сена і саломы, пераможцам стаў Уладзімір Кастылецкі, апрацаваўшы 7855 тон кармоў. Дарэчы, гэты ж механізатар быў трэцім у паказчыках па кашэнні траў, за што таксама атрымаў ўзнагароду. На зграбанні і варушэнні сена і сенажу пераможцам спаборніцтва стаў Эдуард Шулякоўскі, на яго рахунку 366 гектараў. Лепшым у трамбоўцы зялёнай масы быў прызнаны Аляксей Манееў, якасна заклаўшы ў ямы 6807 тон зялёнага корму. Трэба таксама сказаць, што Аляксандр Амельчанка атрымаў двайную ўзнагароду: другое месца на зграбанні і варушэнні сена і трэцяе – на перавозцы зялёнай масы.
Кіраўнік гаспадаркі падзякаваў работнікам за карпатлівую працу, за адказны і беражлівы падыход да тэхнікі. Пажадаў плёну і заўсёды быць гаспадарамі – і на полі гаспадаркі, і ў сваёй сядзібе.
Да віншаванняў далучыўся старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Аляксандр Плікус з пажаданнямі здароўя і поспехаў у іх агульнай справе.
Міхаіл Капінскі, трымаючы слова перад перадавікамі, падвёў вынікі сёлетняй кампаніі па нарыхтоўцы кармоў, у прыватнасці больш падрабязна спыніўся на ўборцы кукурузы.
– Кармы – гэта наш другі хлеб, – пазначыў Міхаіл Анатольевіч. – Таму іх нарыхтоўка не менш важны этап, чым жніво. Сёлета мы закончылі работы ў сціслыя тэрміны, выкананы немалы аб’ём работ. Пасля шэрагу эканамічных разлікаў намі было прынята рашэнне скараціць плошчы пад кукурузу. Гэта была рызыка, але мы былі ўпэўнены ў работніках, якія не падвялі – спрацавалі добра і якасна.
Летась мы засявалі 5300 гектараў кукурузай, сёлета – толькі 3600. У мінулым годзе падлічылі эканамічную мэтазгоднасць, ацанілі ўраджайнасць, вызначылі, якое насенне дае найбольшы ўраджай. І сёлета атрымалі вынік.
Сярэдняя ўраджайнасць на вызначаных пад гэту культуру землях была каля 420 цэнтнераў з гектара. Сёлета многія гаспадаркі недаатрымалі да лічбаў мінулага года. А мы цяпер сабралі не менш, чым годам раней. Напрыклад, з тысячы гектараў кукурузы, пакінутых на насенне, намалацілі 3,4 тысячы тон.
Калі б пайшлі па мінулагоднім шляху, пасеялі столькі ж, то зноў маглі запазніцца з уборкай і вырашаць праблему якаснага захавання. Сустрэлі б маразы ў полі, а ад гэтага і якасць кармоў была б горшай. А гэта значыць – страты ў нашай эканоміцы.
Кармоў мы заклалі на зіму – колькі патрэбна. Тым больш, што ў нас засталіся пераходзячыя з мінулага года запасы. Цяпер працаваць будуць жывёлаводы: карміць і атрымліваць прывесы і надоі – развіваць гаспадарку.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о