Сёлета ў нашым раёне адбыліся два забойствы на глебе сямейна-бытавых адносін. Як і ў аналагічных трагедыях мінулых гадоў, абодва бакі канфлікту знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Скрыты характар сямейнага насілля не дазваляў праваахоўнікам прыняць пэўныя прафілактычныя меры, таму і прывёў да трагічнага выніку.

Пакаранне непазбежна
Апошнія некалькі гадоў у раёне распрацаваны і ўведзены ў практыку алгарытм дзеянняў, які дае магчымасць працаваць з дамашнімі дэспатамі, прымяняючы да іх меры адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Пра гэта расказаў пракурор раёна Сяргей Балахонаў. Раней, па-большасці, дзеянні сямейных скандалістаў кваліфікаваліся як хуліганства, таму і адказнасць была мінімальная. Цяпер прымяняюцца артыкул 9.1 Кодэкса пра адміністрацыйныя правапарушэнні, артыкулы 153, 154 і 149 Крымінальнага кодэкса, што кваліфікуюць наўмыснае прычыненне болю, псіхічных пакут ці цялесных пашкоджанняў з наступствамі для здароўя ці без. Такія грамадзяне знаходзяцца на спецыяльным прафілактычным уліку, да іх прымаюцца рэгулярныя папераджальныя дзейсныя меры.
На ўсплеск фактаў сямейнага насілля адбываецца тэрміновая рэакцыя з боку пракуратуры. Адзін з прыкладаў таму – правядзенне нядаўніх выязных адкрытых пасяджэнняў суда ў аграгарадку Кашэвічы па ініцыятыве пракурора. У адной са спраў мужчына паўстаў перад судом у якасці абвінавачанага па артыкуле 186 за пагрозу забойствам. З боязі абгавораў у вёсцы яго сужыцелька замоўчвала праблему, цярпела здзекі і пабоі, пакуль ён не прыгразіў нажом.
– Больш дзейснай прафілактычнай рабоце можа садзейнічаць своечасовае выяўленне дамашніх тыранаў, рэгулярная праца з імі з боку міліцыі і пракуратуры, – адзначае пракурор. – Але ахвяры, якія замоўчваюць факты гвалту над імі, самі ж ускладняюць сітуацыю. Нярэдка пасля звароту пра сямейны скандал яны пішуць заявы пра спыненне праверкі пра здарэнне, бо прымірыліся. Так дэбашыры пачынаюць адчуваць сваю беспакаранасць, уседазволенасць.
Узбуджаныя адміністрацыйныя справы па артыкуле 9.1 спыняюцца, калі на тое ёсць жаданне пацярпелага. Але пракурору прадастаўлены паўнамоцтвы ўзбуджэння адміністрацыйнай справы, калі скандалы ў сям’і адбываюцца рэгулярна, дэбашыр вядзе асацыяльны лад жыцця і пры іншых умовах. Пры ўзбуджэнні справы па ініцыятыве пракурора суд не можа ўжо спыніць справу з-за прымірэння бакоў, і пакаранне непазбежнае, калі віна падсуднага будзе даказана. Толькі ў мінулым годзе па артыкуле 9.1 да адказнасці было прыцягнута 43 чалавекі, з іх 16 спраў узбуджаны менавіта пракуратурай. Сёлета пракурорам справы былі пачаты ў адносінах 5 грамадзян.
Адным з выпадкаў, калі пракурору давялося вывучаць матэрыялы пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, была сітуацыя ў адной з гарадскіх сем’яў. Вярнуўшыся з месцаў пазбаўлення волі, бацька дазваляў сабе паднімаць руку на трынаццацігадовую дачку. З-за пагроз бацькі дзяўчына не паведамляла пра насілле ў адносінах яе. Адзін з такіх фактаў быў зацверджаны экспертызай. Дзяўчына ж адмовілася ад узбуджэння крымінальнай справы. Тады матэрыялы былі паўторна накіраваны ў РАУС пракурорам. Пазней мужчына быў асуджаны на 12 сутак арышту.
Не застаюцца па-за ўвагай пракуратуры і тыя, хто дазволіў сабе жорскія дзеянні ў адносінах членаў сям’і, але вядуць адносна прыстойны лад жыцця, або ў поле зроку праахоўнікаў раней не траплялі. Такія грамадзяне запрашаюцца для гутаркі, знаёмяцца з магчымай адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю за насілле ў доме і атрымліваюць афіцыйнае папярэджанне.
– Сёлета давялося працаваць з сям’ёй, дзе пражываюць маці, дачка і двое непаўналетніх унукаў, – прыводзіць прыклад Сяргей Балахонаў. – Дачка звярнулася да праваахоўнікаў з-за пабояў, якія нанесла ёй маці. Трэба адзначыць, што пабоі могуць быць без цялесных пашкоджанняў. Дастаткова даказаць факт фізічнага ўздзеяння. У час гутаркі было ўстаноўлена, што праблема якраз у дачцэ. Яна не надае патрэбнай увагі выхаванню сваіх дзяцей, вядзе не зусім прыстойны лад жыцця. І таксама падымала руку на сваю маці. З абедзьвюма жанчынамі праведзены гутаркі, матэрыялы накіраваны ў камісію па справах непаўналетніх для правядзення расследавання.
Пракуратуры дастаткова многа даводзіцца працаваць з тымі, хто адмаўляецца станавіцца на шлях выпраўлення. Прыклад таму – адна з гарадскіх сем’яў – тры браты і іх састарэлая маці. Адзін з мужчын адрозніваецца жорсткім норавам, асабліва ў нецвярозым стане. Быў асуджаны за пагрозу забойствам брату, пакараннем яму прызначаны выпраўленчыя работы. Але і асуджанаму яму хочацца адчуваць сваю беспакаранасць. На працу не выходзіць, працягвае ствараць канфлікты ў сям’і, нанёс у чарговы раз пабоі брату. Але пацярпелы адмовіўся прыцягваць да адказнасці брата-дэбашыра. Хаця пракурорам прыводзіліся довады: 3 паведамленні пра сямейныя скандалы летась, 2 – сёлета, так недалёка і да бяды. Тым болей, што насільнік можа ўяўляць небяспеку для састарэлай маці. Цяпер матэрыялы накіраваны на дадатковую праверку, магчыма, крымінальная справа будзе зноў ўзбуджана.
– Пераважная большасць крымінальных спраў, узбуджаных пракуратурай, мае на ўвазе псіхалагічнае насілле над членамі сям’і, – пазначае асаблівасці такіх сітуацый пракурор. – Тлумачым, што не трэба чакаць, пакуль пачнецца фізічнае ўздзеянне, каб даказаць насілле. Трэба напачатку спыніць гвалт, каб не дапускаць большай бяды і праблем для абодвух бакоў. Сёння тыя, з кім даводзіцца праводзіць прафілактычныя гутаркі, часцей за ўсё добра арыентуюцца ў артыкулах крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за гвалт над роднымі. Адчуваюць пастаянны кантроль з боку ўчастковых інспектараў, разумеюць, што адказнасць будзе непазбежнай. І калі даражаць сваёй воляй, не паднімуць руку і нават не павысяць голас на членаў сям’і.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о