Узрост найбольшай рызыкі ў дзяцей – да 5-6 гадоў, калі яны не разумеюць усіх наступстваў сваіх забаў. У дзяцей няма вопыту, які дае разуменне небяспекі, няма навыкаў абыходжання з небяспечнымі прадметамі і абароннай рэакцыі на небяспеку.
Бацькі павінны быць упэўнены, што дзіця ведае дамашні адрас і нумар тэлефона. Замацуйце аркуш з усімі неабходнымі нумарамі каля дамашняга тэлефона. Раскажыце дзіцяці, пры якіх абставінах імі трэба скарыстацца. Калі ў яго ёсць мабільны тэлефон, скажыце, у якіх выпадках званіць 101 ці 102.

Ні з якой нагоды не пакідайце без нагляду маленькіх дзяцей. Калі ёсць магчымасць, даручыце старэйшым дзецям наглядаць за малодшымі.
Калі дзеці гуляюць на вуліцы, патлумачце ім, чым небяспечны будаўнічая пляцоўка, катлаваны і каналізацыйныя калодзежы. Не дапускайце, каб дзеці гулялі побач з імі.
Дайце дзіцяці якое-небудзь заданне, даручэнне, займіце яго, каб без вас яно было занята карыснай і цікавай справай.

Калі недалёка ёсць лес, растлумачце дзіцяці, якія расліны і ягады нельга чапаць рукамі і тым больш есці. Не адпускайце іх адных у лес.

Занятыя дамашнімі клопатамі, не забывайце, што дзіця не павінна быць прадастаўлена само сабе, вы павінны ведаць дзе яно і з кім гуляе.
Нельга прадугледзець усе сітуацыі і даць парады на ўсе выпадкі. Але навучыць дзіця быць асцярожным можна і трэба. Памятайце, што дзіця паўтарае вашы дзеянні. Будзьце яму прыкладам у выкананні правілаў бяспекі.

Правілы “бяспечных” вокнаў
Адсуньце ад вакон усю мэблю, каб дзіця не магло залезці на падаконнік. Забараніце яму гуляць там.
Ніколі не разлічвайце на маскітную сетку. Яна не прызначана для абароны ад падзення. Наадварот, дзіця адчувае сябе за ёй у небяспецы і абапіраецца, як на акно.
Адкрывайце вокны зверху, гэта знізіць рызыку выпадзення дзіцяці і верагоднасць узнікнення пажару з-за недакурка, які ўляціць з парывам ветру.
Пастаўце на вокны спецыяльныя фіксатары, якія не дазваляюць дзіцяці адкрыць акно. Калі няма такой магчымасці, адкруціце балты, якімі замацаваны ручкі і схавайце іх.
Абараніце вокны рашоткамі.

Запалкі – толькі ў руках  дарослых
Навыкі бяспечнага абыходжання з агнём неабходна выхоўваць у дзяцей з ранняга ўзросту. Бо адна з прычын узнікнення пажараў – дзіцячае свавольства.
Патлумачце, што ў выпадку пажару трэба выбягаць на вуліцу і клікаць на дапамогу, ні ў якім разе нельга хавацца.
Гульні з запалкамі на гарышчах, вышках, у хлявах, запальванне сухой травы – дастаткова частая “забава” дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Вада ахалодзіць ад безадказнасці
Калі ў радыусе 100 метраў ёсць нават невялікі вадаём ці ёмістасць з вадой, бацькі не павінны пакідаць малое дзіця без нагляду ні на хвіліну. Надзімныя басейны, ванны і штучныя вадаёмы за лічаныя хвіліны прыводзяць да бяды.
У любым узросце каля вады дзеці не павінны знаходзіцца самі. Не адпраўляйце іх на адпачынак да вады з чужымі людзьмі ці з аднагодкамі.
Не дазваляйце быць у вадзе больш 10 хвілін, ныраць у незнаёмых месцах, хваліцца сваім уменнем плаваць і прыкідвацца тонучым.
Асаблівая ўвага – надзімным матрасам і камерам. Яны не з’яўляюцца надзейным сродкам абароны, бо могуць здзьмуцца у любы момант ці дзіця можа з яго саслізнуць.
Месца для купання дзіцяці выбірайце адказна: з палогім берагам, чыстым дном. Як бы добра дзіця ні плавала, не дазваляйце заплываць на глыбокія месцы, скакаць з абрываў ці мастоў.

Горача і трагічна
Не насіце дзяцей на руках, калі гатуеце ежу. А патэльні і каструлі стаўце ручкамі ўнутр пліты, каб дзіця не магло на сябе вывярнуць посуд.
Прыміце са сталоў абрусы, не стаўце на край стала гарачую ежу.
Па магчымасці блакуйце рэгулятары газавых гарэлак.
Закрывайце разеткі спецыяльнымі прыстасаваннямі, каб малое не магло туды нічога засунуць.
Хавайце ў недаступныя для дзяцей месцы запалкі, запальніцы, бенгальскія агні, петарды, лёгкаўзгаральныя вадкасці і бытавую хімію.
Усе электраправады прыбярыце ў спецыяльныя карабы. Не выкарыстоўвайце электрапрыборы з няспраўнай праводкай.
Адмоўцеся ад выкарыстання абагравальнікаў з адкрытай спіраллю. Не стаўце награвальныя прыборы каля дзіцячых ложкаў.
Усе прадметы, якія маюць награвальную паверхню, павінны быць у недасягальным для дзіцяці месцы.
Пры купанні дзяцей спачатку адкрывайце кран з халоднай вадой, правярайце тэмпературу вады самі.

Па матэрыялах
райаддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о