Днямі, наведаўшы сем’і Говін і Смальцар у аграгарадку Пціч, я пераканалася, што ёсць яшчэ на Петрыкаўшчыне людзі, здольныя стварыць “еўрапейскі стандарт” у сваіх падворках і акружыць сябе прыгажосцю.

Гэтым двум шматдзетным сем’ям, якія, дарэчы, жывуць па суседстве на 1-ым Калгасным завулку, камфортна ў правінцыяльнай атмасферы. Сядзібы – люба-дорага глянуць, і ўзводзілася гэтае хараство рукамі гаспадароў і іх дзяцей. Прысядзібныя тэрыторыі падобныя на батанічны сад ці аазіс, дзе кожны лапік зямлі прадуманы ў пэўным стылі і біялагічным суседстве раслін, дрэў і кветак. І дзеці ў гэтых сем’ях растуць шчаслівымі, адчуваючы сябе паўнапраўнымі гаспадарамі ў бацькоўскай хаце, дзе заўсёды ўлічваецца іх меркаванне, парады і пажаданні.

– Пціцкую школу я скончыла ў свой час з “адзнакай” і паступіла ў мазырскі педагагічны на настаўніцу пачатковых класаў, – пачала Святлана Говін. – Там, у чытальнай зале, сустрэла Дзіму: у строгім класічным касцюме, такі сур’ёзны – вельмі мне спадабаўся. Ён быў студэнтам інжынерна-тэхнічнага факультэта. Так сталася, што ні я, ні Дзіма па спецыяльнасці працаваць не сталі. Дакладней, я настаўнічаю, але пазней набыла спецыяльнасць выкладчыка біялогіі і хіміі. Дзіма ж пайшоў у службу МУС: заняты на пасадзе эксперта экспертна-крыміналістычнага сектара па Петрыкаўскім раёне Жыткавіцкага міжрайаддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
Падворкі дыхаюць прыгажосцю Падворкі дыхаюць прыгажосцю Падворкі дыхаюць прыгажосцю
Муж родам з Калінкавіч. Сямейнае жыццё мы пачыналі ў Мышанцы, там пражылі пяць гадоў, потым набылі вось гэты дом. Тут усё было такое страшнае і недагледжанае. Вось колькі жывём тут, столькі і займаемся рамонтамі, тэрыторыю ў двары таксама дапаўняем новымі пасадкамі.
Як Вы, напэўна, заўважылі самі, дом акружаюць пасадкі шматлікіх хвойнікаў. Безліч і кветак. Чайна-гібрыдныя ружы і тыя ж хвойнікі я спачатку купляла, а потым сама чаранкавала і разводзіла. Увогуле спярша планую нейкую кампазіцыю, а потым для яе набываю пэўныя кветкі ці расліны. Я знаходжу асаблівую асалоду, калі корпаюся ў двары. Увесь негатыў, сум адыходзіць адразу на другі план.
Што датычыць будаўнічых работ, то гэта ўсё зроблена рукамі мужа і сына Івана. Іван цяпер заканчвае 4 курс Ваеннай акадэміі. Дачка Людміла – студэнтка 3 курса Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Навучаецца на бюджэтнай аснове. Малодшая наша Ганна ў свае 14 гадоў пакуль з прафесіяй не вызначылася. На яе цяпер больш прыпадае дамашніх клопатаў. Мы трымаем вялікую гаспадарку: качкі, індыкі, куры, парсюкі. А дома вось і ахатынскіх смаўжоў вырошчваем. Іх летась аж сорак штук вывелася, дык я раздавала ўсім. Ды і ў школе ў маім кабінеце створаны жывы куток, там таксама “ахатынцы” жывуць. Вучні пачатковых класаў пісалі нават даследчую работу па іх.
Падворкі дыхаюць прыгажосцюМагу пахваліцца, што мае вучні паказваюць неблагія вынікі на ЦТ, да таго з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд рознага ўзроўню па хіміі і біялогіі. Некаторыя звязваюць сваё далейшае жыццё з тымі спецыяльнасцямі, дзе гэтыя прадметы з’яўляюцца асноватворнымі. Напрыклад, Карына Зубар – студэнтка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, Уладзімір Кандраценка – студэнт Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта. Можна ўзгадаць і іншых рабят. Усе яны – мой гонар 22-гадовага педагагічнага стажу.
Пакуль мы размаўлялі са Святланай Сцяпанаўнай, да нас далучыўся і гаспадар Дзмітрый Васільевіч, а за ім і дочкі – Людміла і Ганна. Я бліжэй “пазнаёмілася” са смаўжом, які праз некаторы час на маёй далоні высунуў галаву і рожкі.
Дзяўчаты паведамілі мне, што ім пашанцавала з бацькамі. Тата хоць і строгі, але аўтарытэтны. Усе праблемныя пытанні, са слоў Людмілы, заўсёды вырашаюцца на сямейным савеце. Ганна падзялілася, што яе любімы занятак дома – выпякаць сырны пірог і шматлікае печыва. Я зразумела, што тут заўсёды ўтульна, цёпла і добра. У доме жывуць сапраўдныя гаспадары, на якіх можна раўняцца кожнаму жыхару аграгарадка Пціч.
Падзякаваўшы за размову,
трапіла да суседзяў, дзе  сустрэла маладая, стройная маці трох хлопчыкаў. Мяне гэта вельмі здзівіла, бо Таццяна Смальцар выглядае побач са старэйшымі сынамі як іх аднагодка.
 – Ну што Вы, нам з мужам Сяргеем ужо па 36 гадоў, – усміхнулася мая суразмоўніца. – Я з Калінкавіч пераехала сюды, набылі гэты дом і вось што атрымалася з яго стварыць.
Муж Сяргей спачатку аформіў прадпрымальніцтва і займаўся развозкай прадуктаў харчавання па вёсках. Дапамагала некаторы час з гэтым і я. Цяпер ён уладкаваўся ў ААТ “Беларуськалій”, працуе кантралёрам КПП на ГАКу. Я была бухгалтарам у сельсавеце, але пасля аптымізацыі ў маі да сёння пакуль нідзе не ўладкавалася.
Старэйшаму Максіму – 16 гадоў, Данілу – 15 і Сярожу – 4. Дзеці нам дапамагаюць ва ўсім. Даніла добра ведае, якія кампаненты і колькі трэба для замесу бетоннага раствору. Ён – бацькаў памочнік. Я ж заказала спецыяльную форму і навучылася рабіць гіпсавыя цаглінкі. Імі дэкарыруем сцены ў пакоях. Яны як блінчыкі з патэльні ў мяне выходзяць. А Максім дапамагае мне нават на кухні. Я не мыю посуд, мужчыны мяне шкадуюць.
Але ж мы не толькі займаемся рамонтам, цяпліцай і добраўпарадкаваннем прысядзібнай тэрыторыі. Мы любім весела адпачываць. Нашых дзяцей ніколі нікому на догляд не пакідалі, заўсёды мы разам выязджаем вандраваць. Былі ў Літве, Германіі. Гэта сёлета каранавірус нам сапсаваў паездку, але ж нічога. Па гарадах нашай краіны таксама цікава вандраваць. Калі дзень нараджэння ў кагосьці з нас ці дзяцей, то едзем у Мазыр, Гомель і там поўны камплект забаў: каток, кінатэатр, кафэ, фотаздымкі…
Што датычыць дызайна ўчастка, то тут больш маіх ідэй, муж дапамагае ператвараць іх у жыццё. Зямля тут дрэнная, таму зрабілі высокія градкі, запакавалі туды тое, што даспадобы будзе раслінам. Суніца ў нас “жыруе” на такіх градках.
Я скажу: усё залежыць у сям’і ад жанчыны. Трэба слухаць і пачуць сваіх дзяцей, мужа. Тады будзе гармонія і лад.
Поўнасцю згодная з Таццянай Валер’еўнай.
Цудоўныя эмоцыі атрымала, наведаўшы гэтыя дзве сям’і. Працавітыя, шчырыя людзі. Дарэчы, і Святлана Говін, і Таццяна Смальцар з’яўляюцца дэпутатамі Пціцкага сельсавета і ўносяць свой уклад у вырашэнне надзённых пытанняў аднавяскоўцаў, ды і самі з’яўляюцца цудоўным прыкладам для пераймання вопыту. Вось так трэба жыць! Дзякуючы такім сем’ям вёска будзе жыць і дыхаць прыгажосцю.
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о