На чарговай, 9 сесіі раённага Савета дэпутатаў 28 склікання, у апошні працоўны дзень мінулага года асноўным пытаннем было падвядзенне вынікаў работы райсавета і дэпутацкага корпуса за мінулы год.

Падведзены вынікі дэпутацкага года
Як адзначыў у справаздачным дакладзе старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч, летась было зроблена шмат работы.
Так, у справаздачным годзе адбылося 8 сесій, на якіх разгледжаны і прыняты рашэнні па 32 пытаннях. Асноўныя з іх: аб рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па выкананні рэгіянальнага комплекса мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады; аб раённым бюджэце на 2019 год; аб усталяванні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год і іншыя.
З мэтай забеспячэння прававога калідора для рашэння пытанняў у інтарэсах раёна і яго жыхароў было праведзена 5 пазачарговых сесій.
Таксама ў справаздачным перыядзе прайшлі 4 пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў, на якіх разгледжаны пытанні арганізацыі карыснай занятасці непаўналетніх у летні перыяд, аб рабоце органаў кіравання і самакіравання па ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці, аб рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі па стварэнні добранадзейных умоў для пражывання гарадскога і сельскага насельніцтва.
Шэраг пытанняў было разгледжана і на пасяджэннях пастаянных камісій.
Адным з важнейшых напрамкаў дзейнасці Савета дэпутатаў з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Так, летась з мэтай разгляду і рашэння ўзнікаючых пытанняў насельніцтва дэпутацкім корпусам было праведзена 285 прыёмаў. Непасрэдна ў райсавет звярнуліся 32 чалавекі, разгледжана 40 пытанняў.
Таксама было праведзена 30 прамых тэлефонных ліній, на якія звярнуліся 22 чалавекі па 24 пытаннях.
Аналіз зваротаў грамадзян дазволіў выявіць найбольш хвалюючыя насельніцтва пытанні. Гэта ўтрыманне вуліц і дарог населеных пунктаў; якасць пітной вады; утрыманне грамадскіх могілак; пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі; садзеянне ў працаўладкаванні.
Дэпутаты райсавета таксама ўключаны ў склад інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, у ходзе якіх летась было праведзена 6 сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян.
Немалаважнай формай работы дэпутацкага корпуса з’яўляецца ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах. Так, летась дэпутаты прымалі актыўны ўдзел у рэспубліканскім і раённых суботніках, у выніку чаго былі прыбраны паркі, месцы грамадскага карыстання, лесапаркавыя тэрыторыі, лес.
Раённым Саветам дэпутатаў забяспечана арганізацыйная работа па суправаджэнні правядзення Года малой радзімы для ўстойлівага развіцця тэрыторый населеных пунктаў, іх добраўпарадкавання, паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва і іншых актуальных пытанняў жыццезабеспячэння.
Сярод найбольш значных работ па добраўпарадкаванні было ўстаноўлена 23 тысячы пагонных метраў новай агароджы, адрамантавана 11 тысяч метраў і пафарбавана 24 тысячы метраў агароджы. Да таго, дэманціравана 20 тысяч пагонных метраў лядашчай агароджы. Усталяванне агародж у адзіным архітэктурным і колеравым стылі надало населеным пунктам сучасны эстэтычны выгляд. Найбольшы аб’ём работ у гэтым плане выкананы ў Камаровіцкім, Навасёлкаўскім і Пціцкім сельсаветах.
Таксама летась была праведзена значная работа па прывядзенні ў парадак вулічна-дарожнай сеткі, азеляненні населеных пунктаў, навядзенні парадку на могілках і воінскіх пахаваннях, добраўпарадкаванні домаўладанняў і прылягаючых да іх тэрыторый.
Важным напрамкам навядзення парадку на зямлі з’яўляецца рэалізацыя Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 года № 100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і лядашчых дамоў у сельскай мясцовасці”. У мэтах рэалізацыі патрабаванняў гэтага Указа ў раёне створана камісія па даследаванні стану жылых дамоў, размешчаных у сельскай мясцовасці. Па стане на 1 студзеня мінулага года ў райне налічвалася 725 пустуючых домаўладанняў. На працягу года дадаткова было выяўлена яшчэ 39 пустуючых дамоў.
З усёй колькасці 53 домаўладанні былі зняты з уліку пустуючых без зносу, на іх тэрыторыях уласнікамі быў наведзены парадак.
Па стане на 1 снежня мінулага года ў сельскіх населеных пунктах былі знесены 164 пустуючыя домаўладанні, найбольшая колькасць з якіх у Камаровіцкім, Петрыкаўскім і Мышанскім сельсаветах. У гаспадарчы абарот перададзена і ўцягнута 53 гектары земляў.
Наступным пытаннем, разгледжаным на сесіі райсавета дэпутатаў было “Аб праекце бюджэту раёна на 2019 год”. Па ім з дакладам выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Аляксандра Янчанкава. Як адзначыла Аляксандра Міхайлаўна, праект даходнай часткі бюджэту раёна на 2019 год сфарміраваны на падставе параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і Гомельскай вобласці на 2019 год, чакаемага выканання мясцовых бюджэтаў у 2018 годзе, змен і дапаўненняў, якія ўносяцца ў падатковае і бюджэтнае заканадаўства.
Такім чынам, пры фарміраванні праекта бюджэту за аснову прыняты базавы сцэнарый умоў эканамічнага развіцця: тэмп росту валавога ўнутранага прадукту 102,1%; індэкс росту спажывецкага кошту 105,3%; стаўка рэфінансавання 10%; сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара ЗША 2,216 рубля.
У 2019 годзе ў бюджэт раёна прагназуецца атрымаць 16520,5 тысячы рублёў уласных даходаў. У структуры даходаў праекта бюджэту прадугледжаны 88,8% падатковых даходаў і 11,2% непадатковых.
На сесіі таксама быў разгледжаны і прыняты шэраг змяненняў і дапаўненняў у раней прынятыя рашэнні.

Дзмітрый БЯЛЬКО.
Фота Пятра Шадуры.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о