Калекцыя манет XVI – XX стагоддзяў, рэчы, якімі карысталіся нашыя продкі яшчэ тысячу гадоў таму, ручнікі і карціны, вышытыя крыжыкам, вайсковыя рыштункі, стогадовыя дакументы – гэтыя здабыткі трапілі ў фонд гісторыка-краязнаўчага музея ў рамках акцыі “Падары музею экспанат”. Прынеслі артэфакты жыхары і госці Петрыкаўчыны: выпадковыя збіральнікі, калекцыянеры і простыя гара-джане, у якіх захаваліся рэчы побыту, партрэты, рукапісы.

Падары музею экспанат
– Вядома, у кожнага такога экспаната свой лёс. Нехта жадаў пакінуць для землякоў памяць пра свайго паважанага продка. Іншыя трапілі ў сітуацыю, калі рэчы сталі непатрэбнымі, але на сметнік іх аднесці было шкада – працягвае свой экскурс Галіна Уладзіславаўна.
Акцыя стартавала ў 2017 годзе. Так, жыхары, што звярнуліся ў свой час да музея, пачалі пазнаваць свае падарункі ўжо ў экпазіцыі – за шклом вітрын, сярод артэфактаў адпаведнай эпохі, са спецыяльным асвятленнем і інфармацыйнымі шыльдамі. Згадзіцеся, складана ўявіць лепшы працяг “жыцця” для рэчы, чым у якасці экспаната, што служыць на карысць асветы грамадства. Гэта куды лепш, чым трымаць носьбіты нашай побытавай і духоўнай культуры дзе-небудзь на гарышчы, сярод смецця і пылу.


– Калі мы аб’явілі пра акцыю, жыхары адразу сталі прыносіць свае падарункі. Сяргей Бандарэнка, кіроўца аўтобуса раённай сеткі бібліятэк, падарыў музею калекцыю дакументаў і фотоздымкаў свайго бацькі – былога ваеннаслужачага, гвардыі старшыны вайсковай часці 14276 Анатоля Сцяпанавіча.
Экспазіцыя залы “Памяці землякам прысвячаецца” дапоўнілася каштоўным экспанатам – рукапісам удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Шамрылы, у якім адлюстраваны яго ўспаміны пра партызанскі рух на Палессі. Варта адзначыць, што дзякуючы ў тым ліку і супрацоўнікам музея, рукапіс быў падрыхтаваны да публікацыі. На аснове матэрыялаў былі выдадзены кнігі “Анюціны вочкі” і “Над Припятью”.

Папоўнілася і калекцыя дакументаў. Дзякуючы Васілю Стэльмаху, музей атрымаў пасведчанне пра навучанне ў Петрыкаўскім 4-класным пачатковым вучылішчы, датаванае 1916 годам, і пасведчаннеЗіновія Тураўца аб заканчэнні Петрыкаўскага земскага аднакласнага пачатковага вучылішча 1913 года (на здымку). Дзякуючы гэтым паперам, мы ведаем, якія навучальныя ўстановы існавалі і якія дакументы аб адукацыі выдаваліся ў горадзе сто гадоў таму.

Экспазіцыя залы археалогіі і этнаграфіі папоўнілася выпадковымі знаходкамі Юрыя Кучука. Ім было перададзена ў падарунак музею каля 20 манет XVI – XIX стагоддзяў і археалагічныя знаходкі, датаваныя розным часам ад XI да XIX стагоддзяў. Усе гэтыя артэфакты выклікаюць вялікі інтарэс у наведвальнікаў музея, таму што знойдзены яны былі на Петрыкаўшчыне і адлюстроўваць гістарычныя рэаліі нашай малой радзімы.
Блізіцца 175-гадовы юбілей нашага славутага земляка Васіля Ісакавіча Талаша. Варта адзначыць, што і тут наша экспазіцыя папоўнілася. Адным з першых адгукнуўся на прызыў акцыі вядомы ў раёне майстар і мастак Іван Перарэжка. Ён перадаў у дар музею партрэт легендарнага палескага партызана, што заняў ганаровае месца ў экспазіцыі філіяла музея Дзеда Талаша. Дастойна аздобілі музей і некалькі карцін мастака з краявідамі родных мясцін. Вялікую ўдзячнасць выказваюць Івану Паўлавічу супрацоўнікіі музея за каштоўны падарунак – калекцыю карцін, вышытых крыжыкам, рушнікоў і посцілак яго матулі – Настассі Афанасьеўны.


Карыстаючыся выпадкам, Галіна Занкевіч звярнулася да чытачоў газеты:
– Калі ў вас дома ёсць старыя фотаздымкі, дакументы, кнігі, значкі, медалі, манеты, прадметы адзення і побыту, музычныя інструменты, карціны, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якімі карысталіся вашыя бабулі ці дзядулі, музей з радасцю прыме іх у дар. Стаўшы часткай экспазіцыі, рэчы атрымаюць новае жыццё і належныя ўмовы захоўвання. Такім чынам, кожны жадаючы зможа пакінуць высакародны след у гісторыі і на карысць культурнага ўзбагачэння Петрыкаўскага раёна.

Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о