Напярэдадні Дня Перамогі  старшыні аб’яднання прафсаюзаў раёна і райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Макаравец і Ірына Берднік па традыцыі наведалі ветэранаў вайны і працы.

З віншаваннямі і падарункамі яны завіталі да Ульяны Міцуры ў вёску Міцуры і Вольгі Міцуры ў Конкавічы. Варта адзначыць, што жанчыны перажылі гады акупацыі, пасля Вялікай Айчыннай разам з астатнімі жыхарамі аднаўлялі свае населеныя пункты і большую частку свайго жыцця аддалі працы ў сельскай гаспадарцы.

Калі пачалася вайна, Ульяне Іванаўне было 16 гадоў. Бацька, як узгадвае жанчына, працаваў участковым інспектарам міліцыі ў Галубіцы, сям’я з 1936 года жыла ў Петрыкаве. На пачатку вайны яны пераехалі назад у Міцуры. Бацька ў гэты час вёў актыўную грамадзянскую работу, быў звязаны з партызанскім атрадам. Пра гэта даведаліся здраднікі і яго забілі.

Изображение 001

Пасля гэтага некалькі сем’яў з бліжэйшых вёсак прынялі рашэнне перайсці ў патрызанскі атрад, які дыслацыраваўся ў Курыцічах. Неўзабаве некалькі абозаў апоўначы рушылі да партызанаў. З гэтага часу і пачынаецца партызанскае жыццё Ульяны Міцуры. У атрадзе яна акрамя выканання розных заданняў  працавала яшчэ і на пякарні.

Пасля Перамогі Ульяна Іванаўна разам з іншымі аднаўлялі сельскую гаспадарку. Было вельмі цяжка – усе работы выконваліся ўручную, бо не хапала коней, плугі і бароны цягалі на сабе. Пасля Ульяна Іванаўна працавала важатай у дзіцячым доме, потым – у сельсавеце спачатку сакратаром, затым бухгалтарам. Адсюль і пайшла на заслужаны адпачынак.

За актыўную і добрасумленную працу жанчына ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”, а таксама ордэнам Айчыннай вайны, юбілейнымі медалямі.

Изображение 007

Зразумела, узрост бярэ сваё. Ульяна Іванаўна, хоць і выглядае даволі бадзёра, некалькі разоў спынялася, узгадваючы сваё жыццё, раз-пораз змахваючы з вачэй слязу – вельмі цяжка ўспамінаць тыя падзеі.

Усё жыццё аддала працы ў калгасе Вольга Міцура. Жанчына таксама ўзгадвала пра цяжкую штодзённую працу, якая праз колькі гадоў нагадала пра сябе захворваннямі рук, ног, спіны. У гады ж вайны Вольга Сцяпанаўна разам з астатняй моладдзю Конкавічаў была адпраўлена немцамі на працу ў Германію.

Трэба сказаць, што і Ульяна Іванаўна, і Вольга Сцяпанаўна былі вельмі рады гасцям. У гутарцы жанчыны падзякавалі кіраўніцтву сельвыканкама, медыкам, работнікам сацыяльнай службы, якія ў іх частыя госці.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о