Архітэктура — гэта азбука: як складзеш літары, такія і словы выйдуць. Насамрэч, гэта адчуваецца цяпер у нашым горадзе ў кожным яго кутку, якога крануліся рукі будаўнікоў і майстроў.
Мясцовыя гараджане і госці нашага Петрыкава прызвычаіліся ўжо чытаць у сацыяльных сетках незадаволенасць таго ці іншага грамадзяніна, якія падкідаюць новыя тэмы для размоў. Здаецца, стаміліся “гаварыць” пра спілаваныя дуплістыя дрэвы ў парку і падсохлыя елкі на плошчы. Радуе людзей сучаснае аблічча цэнтра горада, якое атрымалася пасля рэканструкцыі. А тут вось зноў знайшліся незадаволеныя: брукаваны ўчастак дарогі, які пралягае пад гору ўздоўж раённага Дома культуры заасфальтавалі. Усё, панесліся каментарыі пад фотаздымкамі той былой дарогі.
Каб не навязваць нікому сваё меркаванне, я вырашыла апытаць людзей, чыё жыццё непасрэдна звязана з гэтай дарогай, каму амаль штодзень даводзіцца хадзіць, ездзіць па ёй. Зразумела, гэта меркаванне толькі трох чалавек, і ўсё ж чытайце самі.

Пад гору пракаціцца з ветрыкам і прайсціся ў лёгкую
Таццяна ЦАНДЗЕР, ураджэнка Петрыкава:
— Каля 25 гадоў мае бацькі жывуць у падгорі. Я з дзяцінства крочыла па брукаванай дарозе спачатку ў дзіцячы садок, затым у школу. Пазней спускалася і ўзнімалася па ёй, калі прыязджала дадому з універсітэту на выхадныя. Яшчэ пазней — з Мінску, наведваючы бацькоў са сваёй сямёй.
Ці задаволена я тым, што брукаваную дарогу заасфальтавалі? У мяне меркаванне на гэты конт супярэчлівае. З аднаго боку, я задаволена, што маім бацькам будзе цяпер прасцей уздымацца на гору і спускацца з яе. Ды і суседзі бацькоў… Многія з іх — людзі немаладыя, у каго ёсць праблемы са здароўем. А ўздымацца ў гару па бруку — задача не з лёгкіх!
Цяпер там зрабілі бяспечны тратуар, па якім можна спакойна ісці з дзецьмі. Пры гэтым маладым бацькам будзе зручна ездзіць з каляскай, дзяцей не будзе трэсці, а матулі не будуць пацець, пакуль уздымуцца на гору (з уласнага вопыту гавару).
Задаволены і мой муж, калі мы цяпер прыязджаем у Петрыкаў і спускаемся на аўтамабілі па дарозе, якая бліжэй да дому, не разбіваючы пры гэтым падвеску.
А з другога боку гэта дарога была спадчынай Петрыкава ХХ стагоддзя. Да мяне і да бацькоў прыязджалі сябры з розных куткоў Беларусі (і з замежжа). Яны здзіўляліся, што ў Петрыкаве ёсць дарога з такім пакрыццём, яу у Вільнюсе, Львове, старым горадзе Мінску. Фатаграфаваліся каля гары, пыталі, хто яе будаваў. А я з гонарам распавядала пра гістарычныя факты.
З брукаванай дарогай у нашага горада была свая непаўторнасць. Магчыма, можна было б рэканструяваць яе, а па баках зрабіць асфальтаваны тратуар.

Пад гору пракаціцца з ветрыкам і прайсціся ў лёгкую
Сяргей ХОДЗЬКА, уладальнік аграсядзіб на Петрыкаўшчыне:
— Скажу, што ў любым выпадку асфальтаваная дарога — гэта лепш. Магчыма, патрабуе дапрацоўкі гэты ўчастак горада: варта добраўпарадкаваць схілы. Калі, так сказаць, з мастацкім густам падысці да гэтай дапрацоўкі, то можна зрабіць арыгінальны куток. Шматузроўневыя газоны выканаць, пешаходныя дарожкі аддзяліць прыгожымі парэнчамі. Будзе крута! І па затратах не так дорага.

Пад гору пракаціцца з ветрыкам і прайсціся ў лёгкую
Таццяна АНДРАСЮК, індывідуальны прадпрымальнік, уладальніца цырульні:
— У нас там пад гарой дача, адразу па левы бок пры спуску. Па гэтай дарозе дабіраемся туды заўсёды. Ну што сказаць? З аднаго боку — старажытнасць, шкада. А з другога — новае жыццё, людзям сталым лягчэй хадзіць. Ды і колькі мы білі паддон на аўтамабілі, спускаючыся ўніз!
Скажу, што ўсе гэтыя размовы ў інтэрнэце — бура на пустым месцы!

Апытанне правяла Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара і з сацыяльных сетак.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о