Штогод ва ўсім свеце праводзіцца каля 120 тысяч аперацый па трансплантацыі органаў. У Беларусі – каля 500, значыць 52 аперацыі на 1 мільён насельніцтва. Для параўнання: гэта ў 5 разоў больш, чым у Расіі, Польшчы, Германіі. Ліст чакання “свайго” органа, напрыклад, ныркі, для беларусаў складае 13-14 месяцаў. Замежным пацыентам даводзіцца чакаць да 5 гадоў. Дарэчы, штогод ім робіцца каля 30 аперацый. Кошт такой паслугі для грамадзян іншых краін вагаецца ад 67 тысяч долараў за нырку да 132 тысяч – за пячонку. Беларусы ж атрымліваюць такую каштоўную медыцынскую паслугу абсалютна бясплатна.
Беларусь увайшла ў дзясятку лепшых краін па ўзроўні транспланталогіі. У нас кожны донар органаў ў сярэднім ратуе 2 жыцці, у прыватных выпадках – нават пяць. Дазвол на донарства ў нашай краіне не абавязковы – гэта пазіцыя дзяржавы. Тут мы пайшлі па шляху Нідэрландаў, Аўстрыі, Швецыі. У нас дзейнічае прэзумпцыя згоды: калі пры жыцці не падпісана адмова ад донарства, то чалавек з’яўляецца патэнцыйным донарам. Аднак, калі родныя донара сказалі “не!” – органы не забіраюцца. І асуджаць іх ніхто не мае права.
Тым не менш у нас максімальна высокі паказчык выняцця органаў ад патэнцыйных донараў – 20 на адну тысячу чалавек. Па Еўрасаюзе гэта лічба таксама немалая – 19,6, у Германіі – 10, у Расіі – увогуле толькі 3.
Сёння амаль 2,3 тысячы чалавек знаходзяцца ў рэспубліканскім рэестры адмовы ад донарства. А вось рэестра донараў няма – гэта забаронена законам, і прычыны зразумелыя.
Фактычна, беларускай транспланталогіі крыху больш за 10 гадоў. У 2008 годзе ўпершыню ў краіне была перасаджана нырка. Але за гэты час гэта сфера медыцыны дасягнула сусветнага ўзроўню, на што іншым краінам спатрэбіліся 50-60 гадоў. Самаму маленькаму пацыенту Навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак было 4,5 месяцы, самаму ўзроставаму – 71 год.
– Транспланталогія – гэта ўзровень развіцця медыцыны ў краіне, – так небеспадстаўна лічыць галоўны трансплантолаг краіны, дырэктар Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Алег Румо. – Гэта не толькі выратаванне жыцця, але і эканамічны эфект, які вяртае чалавека са стану хваробы і фінансавання яго лячэння ў разрад працаздольных.
Менавіта Алег Румо стварыў беларускую транспланталогію і працягвае яе развіваць, будуючы філіялы і карпусы цэнтра транспланталогіі, рыхтуючы лепшых у свеце спецыялістаў. Гэта ён упершыню ў Беларусі перасадзіў хворым пячонку і падстраўнікавую залозу, першым правёў унікальную аперацыю па адначасовай перасадцы пячонкі і ныркі.
Сёння ў нашай краіне, як пазначыў Алег Румо, працуюць 40 урачоў, якія могуць перасадзіць нырку, 7 – пячонку, 5 – сэрца, 1 – лёгкія. Урачы не едуць за мяжу, дзе ім прапануюць зарплаты ў дзясяткі разоў перавышаючыя сённяшнія. Іх задавальняюць умовы працы ў Беларусі. А тыя нямногія транслантолагі, хто ўсё ж паехаў, дзякуюць за падрыхтоўку.
Выратаванне жыццяў – па-за палітыкі. Алег Румо неаднойчы гаварыў гэту фразу ў сваіх інтэрв’ю. А яшчэ цытаваў Рэя Брэдберы: “Мы самі павінны знайсці спосаб, як выратаваць свет”. Ён, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, яго знайшоў.
І тым не менш на адрас Алега Румо з боку прыхільнікаў “мірных” шэсцяў і недвухсэнсоўных лозунгаў сёння гучаць пэўныя выказванні. Бо ён член Савета Рэспублікі, у ходзе перадвыбарнай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Па-за палітыкай
Падзеі сённяшнія стануць гісторыяй. А імя чалавека, які прысвяціў сваё жыццё выратаванню іншых, стане легендай. І тады ніхто не ўзгадае, на якіх пасяджэннях у якім радзе ён сядзеў.
М. ЯГОРАВА.
Фота з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о