Працягваю знаёміць чытачоў нашай раёнкі з апавяданнямі Мікалая Пятровіча Шамрылы, якія не ўвайшлі ў яго кнігі “Над Прыпяццю”, “Анюціны вочкі” і “Святло душы”.

ЛЁС КАМАНДЗІРА

Пятро Арцюх быў старэйшым у сям’і. Было яму восем гадоў, калі басаногі паштальён разгарнуў паперу і па складах прачытаў: “Ваш муж Арцюх Іван Сямёнавіч, адважны кавалерыст Першай Коннай Арміі, 8 чэрвеня 1920 года гераічна загінуў пад Кіевам у баях за Саветы…”. Унізе стаяў подпіс Сямёна Міхайлавіча Будзёнага.
Пагаласіла, пабедавала жонка Паліна Раманаўна з дзецьмі пасля такой страшнай сямейнай навіны, але нічога не зробіш, не паправіш – неяк жа жыць трэба.
Уся мужчынская работа ў сям’і легла на Пятра. А яе было не пачаты край: і дома, і ў полі, і ў доглядзе за жывёлай – зімой і летам. Шчыравала маці, стараліся сёстры.
І калі ў Смятанічах у 1924 годзе адкрылася школа, маці выправіла Пятра за асветай – хаця б распіс-вацца навучыўся ці прачытаць што.
Сяк-так закончыў пачатковую школу. Затым яго школай стала працоўнае жыццё. З 1930 года – камсамолец, а неўзабаве – сакратар камсамольскай ячэйкі ў Смятанічах. Вучыўся ў вячэрняй школе, працаваў у калгасе. З 1936 года – старшыня мясцовага калгаса “2-гі з’езд калгаснікаў”.
У 1938 годзе Пятра накіроўваюць на кароткатэрміновыя курсы ўчастковых упаўнаважаных, пасля якіх мужчына служыў участковым міліцыі ў Петрыкаўскім раёне.

У АТРАДЗЕ ГАРДЗІЕНКІ

Айчынная вайна застала Пятра Арцюха ўчастковым упаўнаважаным па Макарыцкім, Ляскавіцкім, Снядзінскім сельскіх Саветах. Па распараджэнні начальніка Петрыкаўскага райаддзела міліцыі ўвесь асабісты састаў заставаўся на Петрыкаўшчыне для аховы парадку. Ён склаў аснову першага на Петрыкаўшчыне партызанскага атрада пад камандаваннем Васіля Гардзіенкі. Камісарам атрада з’яўляўся першы сакратар РК КП(б)Б Хаім Варгаўцік.
Месцам дыслакацыі атрада стала ўрочышча Зялёны Мох, што знаходзілася ў некалькіх кіламетрах ад прасёлачных дарог на Турбінку, Асавец, Скрыгалаў, на мяжы Петрыкаўскага, Мазырскага і Лельчыцкага раёнаў. Месца найбольш прыгоднае і спакойнае. Гэта тэрыторыя неяк выпадала з-пад уплыву ўсіх трох раёнаў, а балоты не асабліва цікавілі нямецкія гарнізоны.
Адсюль партызаны 3 верасня 1941 года зрабілі вылазку на правы бераг ракі Прыпяць, супраць вёскі Бяланавічы і бранябойна-запальнымі кулямі падпалілі фашысцкі параход. А яшчэ праз некалькі дзён быў знішчаны варожы катэр з чатырма фашыстамі.
Гэтыя аперацыі падтрымалі дух партызан. Яны з гонарам вярталіся на сваю базу ў Зялёны Мох, дзе адчувалі сябе ў бяспецы, займаліся ў асноўным гаспадарчымі справамі – рыхтаваліся да зімы: будавалі зямлянкі, маскіравалі сховішчы з адзеннем і прадуктамі харчавання, нарыхтоўвалі дровы. Часам нават не выстаўлялі ахову каля дарог. Такая нядбайнасць, урэшце, прывяла да бяды.
19 кастрычніка, як звычайна, апоўдні партызаны чысцілі зброю, наводзілі парадак на тэрыторыі базы. Повар Дзмітрый Андрук рыхтаваў абед.
Сонечны дзень. Цішыня. І раптам з-пад Турбінкі пачуліся адзіночныя стрэлы, а затым і аўтаматныя чэргі. Васіль Гардзіенка даў каманду “Да зброі!”.

Па старонках спадчыны Мікалая ШамрылыПартызаны кінуліся ў загадзя падрыхтаваныя траншэі, прынялі баявы парадак. Але не паспелі яны як след размясціцца, на базу абрушыўся шквал аўтаматна-вінтовачнага агню. Недзе зусім блізка рваліся гранаты. Агонь вёўся з двух напрамкаў – з боку Турбінкі і з боку Асаўца. Васіль Гардзіенка загадаў камандзіру ўзвода Дзянісаву перакрыць дарогу на Турбінку.
Маёр Малчанаў з Пятром Арцюхом, Андрэем Рутам, Аляксеем Паўтараном, Мацвеем Рудзько, Мікалаем Бычкоўскім і яшчэ некалькімі партызанамі пайшлі наперарэз фашыстам у бок Асаўца.
У гэтым баі маёр Малчанаў умела групіраваў байцоў. Яго група спыніла наступленне немцаў і гэтым самым дала магчымасць асноўным сілам партызан заняць выгадныя пазіцыі ў лесе. Але вораг узмацніў удар па ўзводзе Дзянісава, пачаў ціснуць. Партызан у яго было мала, стрымаць варожае наступленне яны не мелі магчымасці. Гардзіенка бачыў, што група Малчанава можа апынуцца ў акружэнні і даў загад адступаць у глыбіню Зялёнага Моху.
Немцы не сталі праследаваць партызан, бо баяліся ўвязвацца ў лясныя баі. Яны разбурылі партызанскую базу, падабралі сваіх забітых і рушылі на Асавец.
Сумныя вынікі засталіся пасля гэтага адкрытага бою з ворагам. Атрад поўнасцю пазбавіўся сваёй маёмасці: фурманак, коней, зімовага адзення, прадуктаў харчавання, боепрыпасаў. Загінула восем чалавек, шэсць было паранена.
Пад вечар таго ж дня частка партызан сабралася ў сваім лагеры: усё было ўзарвана, разбурана, знішчана, вывезена. Яшчэ больш страшную вестку пачулі партызаны: у Турбінцы гераічнай смерцю загінуў сакратар Петрыкаўскага падпольнага райкама партыі, камісар партызанскага атрада Хаім Варгаўцік.
21 кастрычніка ў лесе за Майсеевічамі адбыўся агульны сход уцалелых партызан. Меркаванні байцоў разышліся.
Раіліся гадзіны тры-чатыры. Урэшце вырашылі на добраахвотных пачатках раздзяліцца на тры групы: адна пойдзе на фронт, другая – у напрамку Лельчыц і Оўруча для злучэння з украінскімі партызанамі, трэцяя застанецца дзейнічаць у сваім раёне.
На месцы засталіся ў асноўным ураджэнцы Петрыкаўшчыны. Гэта Мікалай Бычкоўскі, Аляксей Паўтаран, Пятро Арцюх, Мікалай Цвяткоў, Мацвей Рудзько, Юрый Бажко, Дзмітрый Андрук.
Ляснымі сцежкамі Пятро Арцюх накіраваўся ў смятаніцкія лясы…

Працяг будзе

Падрыхтаваў Віктар Шамрыла, вёска Міхедавічы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о