Сёлета па амністыі ў нашым раёне вызвалены ад пакарання 14 чалавек. У адносінах яшчэ 16 разглядаецца магчымасць прымянення Закона аб амністыі.

У мінулы панядзелак у зале ад-дзела ўнутраных спраў райвыканкама адбылося чарговае прафілактычнае мерапрыемства з асобамі, якія маюць непагашаныя судзімасці ці адбываюць пакаранні не звязаныя з пазбаўленнем волі. Тэмай лістападаўскай сустрэчы стаў Закон “Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, які ўступіў у сілу 19 ліпеня сёлета.

Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Уладзімір Аскерка пачаў гутарку з павучальных прыкладаў, калі асуджаныя раней жыхары раёна былі вызвалены па сёлетняй амністыі ад адбывання пакарання, але не скарысталіся магчымасцю стаць законапаслухмянымі грамадзянамі і зноў трапілі пад дзеянне крымінальнага кодэксу, здзейсніўшы злачынства. У адным выпадку мужчына паквапіўся на чужы мабільны тэлефон, у другім – на спіртныя напоі.

Дзеянне амністыі распаўсюджваецца на непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў, інвалідаў І і ІІ груп, людзей з пэўнымі стадыямі захворванняў на ВІЧ, туберкулёз і анкалогію, пенсіянераў, ветэранаў баявых дзеянняў і пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя іншыя катэгорыі. Абавязковай умовай павінна стаць адсутнасць ранейшага прымянення амністыі на працягу мінулых 5 гадоў.

У пераважнай большасці ад пакарання могуць быць вызвалены асуджаныя да грамадскіх і выпраўленчых работ, штрафаў, пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю, асуджаныя з умоўным прымяненнем пакарання ці яго адтэрміноўкай.

Уладзімір Аскерка падрабязна спыніўся на артыкуле 11 Закона, дзе пазначаны катэгорыі грама-дзян, на якіх дзеянне Закону аб амністыі не распаўсюджваецца. З ліку тых, хто быў запрошаны на гутарку, гэта тычылася вадзіцеляў, асуджаных за паўторнае кіраванне транспартам у нецвярозым стане. А таксама тых, хто злосна ўхіляецца ад выканання ўмоў адбывання пакарання. Пазначыў, што да асуджаных за нявыплату аліментаў амністыя можа быць прыменена толькі ў выпадку выплаты асноўнага доўгу. А для асуджаных да штрафу – з умовай пагашэння сум штрафаў, нават у час дзеяння Закону.

Амністыя прымяняецца ў стаўленні асуджаных, якія здзейснілі злачынства да моманту ўступлення Закону ў сілу, гэта значыць 19 ліпеня. Асуджаныя могуць быць поўнасцю вызвалены ад пакарання, калі тэрмін складае не больш за год, тэрмін можа быць зменшаны на 1 год, знята пакаранне ў выглядзе штрафу.

Закон аб амністыі будзе дзейнічаць на працягу дзевяці месяцаў з дня яго ўступлення ў сілу – 19 ліпеня. Падрабязна з Законам можна азнаёміцца на інтэрнэт-партале pravo.by. За любой інфармацыяй пра прымяненне амністыі ў індывідуальным парадку трэба звяртацца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о