Як паведамілі ў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, 4 лютага ў Петрыкаўскую цэнтральную раённую бальніцу ў стане клінічнай смерці была дастаўлена паўтарагадовая дзяўчынка. Як высветлілася пазней, дзіця выпіла таблеткі метапралола і этацізіна, якія знайшло ў сумцы бабулі. У час здарэння дзяўчынка была пад наглядам бабулі, бацькі пасля працы паехалі ў магазін.

Па інфармацыі ўстановы адукацыі, якую наведвае старэйшае дзіця з гэтай сям’і, бацькі маюць толькі станоўчыя характарыстыкі. Клопат і ўвага да дзяцей і іх здароўя былі пастаяннымі.

Па факце смерці дзіцяці праводзіцца праверка. Матэрыялы перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта.

Лідарам у спісе крыніц дзіцячага траўматызму лічацца дарожна-транспартныя здарэнні, пажары і апёкі, няшчасныя выпадкі на ва-дзе, ўдушша, атручванні, закаркаванне дыхальных шляхоў, неасцярожнае абыходжанне са зброяй, падзенні. Калі гавораць “няшчасны выпадак”, звычайна маюць на ўвазе нешта непазбежнае, тое, што нам непадуладна. Аднак большасць такіх выпадкаў – гэта траўмы, якіх можна было пазбегнуць.

 Апёкі. Найбольшая колькасць цяжкіх траўмаў выклікана апёкамі з-за перакульвання посуду з гарачай ежай або вадкасцю. Палова такіх траўмаў патрабуе перасадкі скуры. Да няшчасцяў прыводзяць выпадкі, калі дарослыя п’юць гарачыя напоі з маленькім дзіцям на руках, ставяць кубкі на край стала, дзе да іх можа дацягнуцца малы. Дзеці сцягваюць са стала абрусы і сурвэткі, а бацькі  падаграюць бутэлечку дзіцячага харчавання ў мікрахвалевай печы.

Аддавайце перавагу заднім канфоркам пліты. Устанавіце рашоткі або загароды вакол печаў, камінаў і абагравальнікаў. Навучыце маленькае дзіця, што такое агонь і што нельга дакранацца да гарачых прадметаў. Старанна ізалюйце злучэнні правадоў і падаўжальнікаў. Устаўце электразаглушкі ва ўсе штэпсельныя разеткі.

Гібель на вадзе. Верагоднасць патануць у некалькі разоў вышэй у дзяцей ва ўзросце да чатырох гадоў. Не пакідайце ёмістасці для вады ў двары, дзіця можа туды зваліцца. Зачыняйце ўнітаз вечкам, дзіця можа ўпасці ва ўнітаз або ў вядро з вадой тварам уніз і захлынуцца.

Ніколі не пакідайце дзіця да пяці гадоў адно ці пад наглядам іншых дзяцей у ваннай ні на імгненне. Дзіця можа патануць нават у малой колькасці вады.

Не спускайце з дзіцяці вачэй, калі яно знаходзіцца побач з вадой. Індывідуальны выратавальны сродак трэба апранаць на дзіця каля любога вадаёма да таго часу, пакуль яно не зможа самастойна праплысці чатырыста метраў. Не дазваляецца яму скакаць у ваду, калі глыбіня вадаёма менш за паўтара метра, а таксама без нагляду дарослага чалавека.

Трымайцеся далей ад замерзлых вадаёмаў. Не падпускайце дзяцей да вады ў час навальніцы. Калі ў вас ёсць свой басейн, ён павінен быць абнесены агароджай з усіх бакоў.

Памятайце: калі дзіця пайшло пад ваду, неадкладна зрабіце штучнае дыханне і закрыты масаж сэрца.

Атрутныя рэчывы. Надзейна хавайце ўсе лекавыя сродкі ў недасяжныя для дзіцяці месцы. Пасля выздараўлення выкідвайце ўсе лекі ў смеццевае вядро з вечкам, каб дзіця не магло іх дастаць. Ніколі не кажыце дзіцяці, што лекі – гэта цукерка.

Больш за трэць атручванняў лекавымі прэпаратамі адбываецца з-за таго, што дзеці прымаюць лекі дзядуляў і бабуль. Усе лекі павінны быць у пакаванні, якое не зможа адкрыць дзіця. Ніколі не змяшчайце якое-небудзь рэчыва ва ўпакоўку, дзе было нешта іншае.

Прыбірайце атрутныя рэчывы далей ад дзяцей. Пятая частка атручванняў адбываецца на другім годзе жыцця дзіцяці, калі яны імкнуцца ўсё даследаваць, з усім азнаёміцца, усё пасмакаваць. Часцей за ўсё выклікаюць небяспечныя атручванні ў дзяцей лекі, яды для насякомых і мышэй, бензін, мыйныя і чысцячыя сродкі, растворы для апырсквання раслін. Патэнцыйна небяспечныя рэчывы – духі, шампуні, касметычныя сродкі, нашатырны спірт, адбельвальнікі, нафталінавыя шарыкі, растваральнікі фарбаў. Перад тым як выкінуць ёмістасці, пераканайцеся, што яны зусім пустыя і прамыйце іх.

Многія расліны і кветкі могуць стаць прычынай захворвання і нават смерці. Лепш за ўсё не мець ніякіх раслін і кветак у доме да таго часу, пакуль у дзяцей не пройдзе “ўсяедны” перыяд, і яны не пачнуць рэагаваць на забароны. Уважліва сачыце за маленькімі дзецьмі, калі яны знаходзяцца ў садзе сярод раслін і кветак або па-за дома. Вывучыце спіс патэнцыйна небяспечных раслін.

Падзенні. Дзеці падаюць з ложкаў, сталоў, прыступак, вокнаў і ганкаў, з дрэў, веласіпедаў і ігравога абсталявання. Не пакідайце дзіця без нагляду ў калясцы або на высокай паверхні. Калі яно застаецца адно – пакладзіце ў манеж або закрыты ложачак. Большасць па-дзенняў адбываецца з дзецьмі да чатырох гадоў.

Адсуньце ўсю мэблю далей ад вокнаў. Замкніце тыя, якімі не карыстаецеся. Акно нельга адкрываць больш, чым на 10 сантыметраў. Усталюйце на іх металічныя рашоткі або замкі.

Удушэнне. Маленькім дзецям не варта даваць ежу з костачкамі або семкамі. Корміце здробненай стравай. Нельга даваць дзіцяці бутэльку, калі яно ляжыць; не кладзіце бутэльку на падушку, каб дзіця піло само. Цвёрдую ежу давайце толькі ў становішчы седзячы.

Не варта класці маленькіх дзяцей на мяккія падушкі, гэта можа прывесці да перакрыцця дыхальных шляхоў. Маленькаму дзіцяці не патрэбна падушка ўвогуле. У яго павінна быць асобнае спальнае месца, нельга класці дзіця побач з дарослым чалавекам. Гузікі, манеты і дробныя цацкі неабходна схаваць ад дзяцей узростам меньш за 3 гады.

Ад вашай увагі і пільнасці залежыць здароўе вашага дзіцяці!

Святлана МАЦВЕЕВА, раённы ўрач педыятр.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о