Мая Петрыкаўшчына – мой родны кут. Нарадзілася я ў Белцы ў 1933 годзе. Быў голад, але тата быў дбайным гаспадаром і сям’я выжыла.

Нават калі вучылася ў мазырскай фельчарска-акушэрскай школе, ганарылася сваёй радзімай. Тады ў Белцы былі два калгасы – “Гігант” і “Кіраў”. Мая маці Ганна Ястрэмская і жонка яе брата Ганна Купрэй за добрую працу былі ганараваны паездкай у Маскву. Гэтым ганарылася асабліва.

Калі Петрыкаў акупіравалі немцы, сем сем’яў нашай вялікай сям’і ў адзін дзень вымушаны былі пакінуць родныя хаты. Бо мой брат Міхаіл і муж сястры Клавы Пётр Зубар пайшлі ў партызаны. Мы з сястрой і матуляй пайшлі ў Навасёлкі. Там Дзяніс Палазнік пераправіў нас праз раку да партызан. Каб не згінуць з голаду, жонка майго дзядзкі Апанаса гнала з сабою свінню. А тая ніяк не хацела ісці ў ваду. Раптам успыхнулі пражэктары. Жанчыну схапілі. Дзе яна пахавана, дасюль не ведаем. Загінуў на фронце і яе муж.

Напамін пра вайну  і яе герояў у Петрыкаве
Напамін пра вайну і яе герояў у Петрыкаве

Матулін брат Іван Купрэй быў схоплены ў палон і перавезены ў лагер у Бабруйску. Як будаўніка яго бралі на розныя працы. Змог увайсці ў давер да нямецкага афіцэра так, што нават чай з ім піў. Аднойчы выдалася магчымасць, забіў яго і ахоўніка, выкраў машыну і разам з іншымі палоннымі ўцёк з лагера. Хаваўся дома. Каб не сядзець без справы, надвячоркам у спадніцы і хустцы нават дровы калоў.

Бацька мой Сцяпан Ястрэмскі быў у ліку першых мабілізаваных, але па стане здароўя на фронт не трапіў – працаваў у тыле. Яго ліст дадому быў першым, які мы атрымалі пасля вызвалення.

Нейкі час бадзянняў мы жылі ў Асаўцы ў матулінай сястры. Калі вёску спалілі, хаваліся ў лесе. Была ў нас зямлянка, дзе стаяла вада. Дык паклалі калодкі ад уваходу да нар і да печы.

Ад холаду ратаваліся чым маглі. Партызаны аддадуць сваю старую вопратку, маці выб’е яе аб дрэва, у чыгуне пракіпяціць, каб вошы загінулі, і нас закручвае.

Іван Купрэй быў камісарам партызанскага атрада і пад сваё крыло перавёў з атрада Трухановіча майго брата Мішу і Рыгора Купрэя, маці якога тады на пераправе загінула. Калі фронт падышоў блізка, мы пагрузілі на воз хворую на тыф Клаўдзію, дзяцей і ўцякалі ад стрэлаў.

Дайшлі да куранёў Міхася. Недалёка стаялі ў рад некалькі “Кацюш”. А ноччу быў такі бой, што зямля дрыжэла. Раніцай на полі ляжалі нашы салдаты, маладзенькія… Іх твары дасюль памятаю.

Калі вярнуліся дадому, то прывялі з сабою дзве каровы – худобу давалі партызанскім сем’ям. Адну адразу зарэзалі, перасыпалі селітрай і сушылі на сонцы мяса. Неяк прыйшоў у хату ваенны мужчына, прылёг і заснуў. Прачнуўся ноччу, пайшоў, і каровы не стала – павёў з сабою. Па следзе знайшлі яе ў адной з вайсковых часцей. Камандзір не верыў, што яго салдаты здольныя на такое. Але ногі і галаву жывёлы знайшлі недзе пад саломай. Прапанавалі кампенсаваць нашу страту іншай каровай або забраць мясам. Маёр з чырвонымі лампасамі прывёў нам карову, даў бохан хлеба і лекі для сястры.

Гэта цяпер памяць мяне падводзіць: магу і каструлю спаліць. А тыя падзеі памятаю ў дробязях. Не згодна з тымі, хто кажа, што няма сярод петрыкаўчан герояў і выдатных людзей. Каб узгадаць пра ўсіх, хто гэтага заслугоўвае, трэба пісаць кнігі.

Асабліва абурае, калі нядобрым словам узгадваюць нашу раённую бальніцу. Колькі жыццяў выратавалі нашы ўрачы і колькі душ вылечылі!

На маіх вачах Іван Дзмітрыевіч Мельнікаў 12 гадзін змагаўся за жыццё медсястры Ніны Карабейка. Раіса Пракопаўна Чарненка спачатку працавала дэрматолагам. У тыя гады хваробы скуры былі масавымі і цяжкімі. Ратавала. Потым стала ўрачом фтызіятрам, а гэта – пастаянны кантакт з інфекцыяй, небяспека. Усю душу ўкладвала ў хворых Настасся Фёдараўна Скорынава. Лёс звёў мяне і з цяперашнім кіраўніком ЦРБ – Галінай Камаровай. Яна дапамагла з вырашэннем праблемы майму сыну.

Узрост і цяжар перажытых падзей дазваляе мне сёння сказаць: “Ганарыцеся сваёй Петрыкаўшчынай, яе людзьмі і гісторыяй! Памятайце і беражыце!”

Ніна ШЭЛЯКІНА,

горад Петрыкаў.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о