На Петрыкаўшчыне распачалі гандаль елачныя базары. Штодня ў райцэнтры навагодняе дрэва можна набыць з 10 да 18 гадзін каля крамы “Тавары для дома”, у Капаткевічах — з 10 да 14 гадзін па вуліцы Інтэрнацыянальнай, у будынках лясніцтваў — з 8 да 17 гадзін.

Няма елкі – шпацыруй на рынакАкрамя елак у асартыменце ёсць і хвоі. Найбольш запатрабаваныя памеры галоўных навагодніх атрыбутаў – да двух метраў, але лясгас працуе і па заяўках прыватных асоб, арганізацый і прадпрыемстваў на больш высокія дрэвы.

– Прыгожая, але не надта пушыстая, – разважае, кранаючы зялёныя галіны дрэў, мужчына. Пачынаем гутарыць, я прапаную звярнуць увагу на хвою, на што суразмоўца, па ўсім відаць, сапраўдны гаспадар і сем’янін, адзначае: “Кінь! Калі мае дачушкі былі маленькія, то прызнавалі толькі елку! І каб вышыня была пад столю… Зараз дзяўчыны падраслі і пакінулі, нібы ў спадчыну, свой густ дзецям. Карацей кажучы, нашы ўнучкі таксама хвою не прызнаюць!
Мне, у сваю чаргу, на душы становіцца цёпла і лагодна – сямейныя традыцыі заўсёды выклікаюць станоўчыя пачуцці. Сачу за мінакамі далей: дзве зацікаўленыя бабулькі, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, спрытна перахо-дзяць ад аднаго дрэва да другога: “Во, паглядзі як зараз прыдумалі – прыйшоў на базар, набыў… А раней трэба было ў лес выбірацца, потым дадому гэтую елку валакці. Добра, калі хто знаёмы на машыне падкіне…”.
Па словах работнікаў лясгасу гандаль ідзе шпарка: за палову першага дня працы елачнага базара работнікі Міхедавіцкага лясніцтва рэалізавалі ў горадзе каля двух дзясяткаў дрэў. І гэта прытым, што большасць гараджан была занятая на працы. Мяркуем, што пікі продажу трэба чакаць у суботу і нядзелю.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о