Маршрут аглядавай камісіі на мінулым тыдні прайшоў па адрасах жыхароў райцэнтра. У спіс агляду трапілі розныя катэгорыі, аднак  аб’ядноўвае іх адно – кожнаму патрэбен нагляд. Камусьці складана з-за інваліднасці ці паважанага ўзросту падтрымліваць у належным стане хатнюю гаспадарку. Іншыя наадварот вымушаны працаваць увесь дзень, пакінуўшы дзяцей на догляд старэнькіх бабуль і дзядуль.

Трэба сказаць, што ў дамах апошніх праблем якраз не назіралася: было чыста, цёпла, таму члены камісіі і не затрымліваліся.

Іншая карціна чакала пры наведванні прадстаўнікоў так званай групы рызыкі. Гэта адзінокія, непрацуючыя грамадзяне. Некаторыя з іх маюць інваліднасць і псіхічныя адхіленні, але, вось бяда, любяць зазірнуць у чарку.

IMG_8534_1

Так, па вуліцы Савецкай жыве Ш. Заснежаны ганак дапамагаюць знайсці бутэлькі, што тырчаць са снегу акурат пад дзвярыма. Гасцёўня была застаўленая гаспадарчымі ёмістасцямі ўперамешак са сталовым посудам ад акна да самай грубы. Адчувалася, што некалькі дзён таму ў хаце прапальвалася. Але чым? Дроў ні ў хаце, ні ў двары відаць не было. Адказ на гэтае пытанне чакаў у наступным пакоі, дзе не хапала некалькі дошак падлогі. Гаспадар, запаліўшы ў хаце чарговую цыгарэтку, абяцаў зрабіць рамонт, упэўніваў, што не п’е з прычыны адсутнасці грошай, а пустыя бутэлькі пад ганкам яму пакінула суседка, каб здаў у краму.

Зусім недалёка, па вуліцы Чкалава, пражывае яшчэ адзін Ш. Члены камісіі адзначылі тут відавочны прагрэс: да парадку ў хаце было далёка, але наладжанае газавае ацяпленне дазваляе не хвалявацца за здароўе гаспадара, які раней грэў цагліны для гэтых мэт.

Нікога не сустрэлі на тэрыторыі домаўладання М., што жыве па вуліцы Пушкіна. Бабулька, што крочыла міма, паведаміла, што дома гаспадыні няма даўно. З месяц назад яе паклалі ў бальніцу, пасля чаго дахаты жанчына не вярталася. “Ды і навошта ёй дадому?! Дроў няма, есці няма чаго. П’е…” – узрушана расказвала суседка.

На вуліцы Коласа ёсць цагляны дом. Будынак некалі, пэўна, радаваў вока, але зараз мае сумны выгляд. Памерам сенцаў і зараз можна пазайздросціць, але хіба што толькі памерам. На зламаны інвалідны вазок падае праз акенца стракатае святло. Праменні праходзяць праз рознакаляровае шкло бутэлек з-пад віна, што месцяцца на падаконніку.

Заходзім у хату, але разгледзець штосьці ды і дыхаць тут вельмі цяжка: у пакоях задымлена. Гаспадыня К. гучна крычыць, спрабуе пабудзіць нейкага Эдзіка. Праз некалькі хвілін той пачынае адказваць на пытанні.

IMG_8526_1

Мяркуючы па паху і кавалках будаўнічых матэрыялаў на падлозе, разумеем, што акрамя драўніны ў агонь трапіў і кавалак рубероіду. Такая практыка, відаць, не першая, гэта выдаюць закураныя шпалеры, кафля печы, хатнія рэчы і каляндар, час на якім спыніўся яшчэ ў снежні 2014 года. Недалёка ад печы і чарговая парожняя бутэлька віна. Акрамя рамонту пячнога ацяплення тут трэба навесці элементарны парадак, у тым ліку і санітарны. Але гэта не так проста, гаспадыня – інвалід. Жанчына даўно не можа хадзіць, але прапанова ўладкаваць яе ў інтэрнат не прываблівае, маўляў, у яе два маладыя сыны. Толькі чым яна ім дапаможа і ці дапамагаюць яны матулі, – гэтыя пытанні засталіся без адказу, тым больш што ніводнага з іх на момант наведвання аглядавай камісіі ў хаце не было.

Наведаныя домаўладанні пакінулі сумныя пачуцці. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. Члены камісіі казалі, што ўсё ж эфект ад такіх наведванняў ёсць, і з мёртвай кропкі справа сышла – раней усё выглядала ў гэтых грамадзянаў больш жудасна.

Кожны можа патрапіць у складаную жыццёвую сітуацыю. Зразумела, што аднаму патрэбна падтрымка, другому – нагляд. Але не будзе дабрабыту, калі спадзявацца толькі на кагосьці. Хочацца яшчэ раз нагадаць неабыякавым людзям пра пільнасць да сваіх суседзяў, родных і блізкіх. Элементарная ўвага, парада, дапамога зробяць чыёсьці жыццё больш зручным, утульным, а магчыма, і ўратуюць  ад бяды.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о