Колькі вытрымкі, самавалодання, ведаў і падрыхтоўкі трэба мець, каб узяць на сябе адказнасць за лёс чалавека, каб упэўнена і канчаткова размежаваць дзе праўда, а дзе не. Знаходзячыся ў зале суда і слухаючы голас суддзі ў момант аб’яўлення прысуду, нават уявіць сабе цяжка, што, зняўшы манцію, гэты чалавек здольны жартаваць і гутарыць на жыццёвыя тэмы, яго можна сустрэць у магазіне ці ў дзіцячым садку.
Яўген Карнеявец працуе суддзёй раённага суда чатыры гады. Сам з Мазыра, там і працаваць пачынаў у некаторых юрыдычных прафесіях. І многія гады ішоў да мары – быць суддзёй. Скончыўшы юрыдычны каледж пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, працягнуў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Бо ўпершыню, калі трапіў на пасяджэнне суда на практычных занятках у час вучобы ў каледжы, вызначыўся: “Хачу быць суддзёй!”

Інтэрв'ю з суддзёй раённага суда: справядлівы і бескампрамісны

– Праца сакратаром суда сумяшчалася з атрыманнем вышэйшай адукацыі ў БДУ завочна, – расказвае Яўген Сяргеевіч. – Каб мець магчымасць прэтэндаваць на пасаду суддзі, трэба быў стаж дзяржслужачага. Таму ў працоўнай кніжцы, калі ўжо была скончана вучоба, значацца гады працы ў аддзеле прымусовага выканання там жа, у Мазыры. Вакансія, што з’явілася ў раённым судзе ў Петрыкаве, не давала мне права тут жа яе заняць. Наперадзе быў час напружанай падрыхтоўкі да здачы кваліфікацыйнага экзамену ў Вярхоўным судзе. І толькі пасля паспяховага праходжання гэтага этапа адбылося маё назначэнне.
Яўген Карнеявец упэўнены, што сітуацыя склалася максімальна ўдала. Горад наш, хоць істотна адрозніваецца ад Мазыра, прыйшоўся маладому суддзі даспадобы. Кажа, што адразу ўразіла наша цішыня, размеранасць, прырода, што пачыналася амаль за акном кватэры.
З удзячнасцю і павагай Яўген Сяргеевіч гаворыць пра калектыў, які прыняў яго добразычліва. Зразумела, бо працуючыя тут людзі аказаліся адносна маладымі ўзростам, але высокакваліфікаванымі. Нязначная розніца ва ўзросце дазваляла спрасціць некаторыя моманты ў зносінах. Каля дзесяці гадоў на той момант быў судзейскі стаж новага старшыні суда – Генадзя Шэвеля, а Андрэй Багданік прыйшоў у суд у той жа год, што і Яўген Сяргеевіч. Але Андрэй Рыгоравіч да гэтага працаваў у праваахоўных органах, меў каштоўны для яго вопыт. Кожны з іх змог стаць для маладога суддзі настаўнікам.
– Працоўная раніца пачынаецца з абмеркавання спраў, што засталіся ва ўчарашнім дні і якія чакаюць сёння, – расказвае пра тонкасці прафесіі суддзя. – Гэта дапамагае назапашваць вопыт нават на фактах спраў калег. Склалася такая ўстойлівая практыка ў нашай рабоце.
Узгадаць нейкую справу, якая прымусіла асабліва пахвалявацца, Яўген Карнеявец не змог. Кажа, любы судовы працэс і пасюль стварае пэўнае псіхалагічнае напружанне. Тыя, першыя ў сваёй практыцы, хаця былі гэта грамадзянскія і адміністрацыйныя справы, патрабавалі асаблівай канцэнтрацыі. І не з-за складанасці, а з-за таго, што па натуры ён – максімаліст. Таму не можа дазволіць сабе на людзях нават моманту хвалявання ці сумнення. Цяпер тое стала рабіць не складана.
– Людзі з рознымі мэтамі прыходзяць у суд, – маючы ўжо немалы вопыт, можа сказаць Яўген Сяргеевіч. – Адным патрэбна пачуць меркаванне суда па справе і прыняць яго. Іншыя шукаюць праблему не там, дзе яна ёсць на самой справе, і лічаць людзей вінаватымі толькі таму, што тыя не прынялі іх кропку гледжання. І тут суддзя павінен быць пільным. Трэба бачыць намеры ўдзельнікаў працэсу, не дапусціць пэўных інтанацый, каб потым тое не павярнулася супраць самога ўдзельніка суда, і каб усе бакі канфлікту атрымалі вычарпальныя адказы на пытанні. У судзе існуе бясспрэчны парадак, і ўсе павінны ведаць: за ім тут пільна сочаць. Ёсць пэўная катэгорыя людзей, з якімі даводзіцца ў судовым працэсе сустракацца неаднойчы. Што ж, доступ да правасуддзя ў нас маюць усе.
Размежавання суддзяў па крымінальных ці грамадзянскіх справах у калектыве няма. Але кожны з іх мае сваю спецыялізацыю. У большасці спраў па абароне правоў спажыўцоў у судзе старшынёй выступае Яўген Сяргеевіч. Тлумачыць, што так напрацоўваецца пэўны вопыт, наведваюцца тэматычныя вучобы.
Самымі складанымі справамі, як паспеў вызначыць за гады працы суддзя, з’яўляюцца маёмасныя спрэчкі – у іх мноства нюансаў і псіхалагічных аспектаў. Складана працаваць з рэзананснымі справамі з-за цяжкасці пакарання, утойвання фактаў, складанасці атрымання інфармацыі. Нярэдка бакі судовай справы імкнуцца ўвесці суд у зман. Тое ж самае і з карупцыйнымі справамі, дзе людзі пазбаўляюцца маёмасці і свайго сацыяльнага статусу.
У зале суда Яўген Карнеявец зусім іншы чалавек. Апрануўшы мантыю, прыветлівы, камфортны, прыемны субяседнік становіцца сур’ёзным суддзёй, які аднымі позіркам можа спыніць намер сведкі ці абвінавачанага ўтаіць нешта, пагрэбаваць сваім абавязкам гаварыць толькі праўду.
– Не заўсёды атрымліваецца выйсці з вобраза суддзі, калі заканчваецца працоўны дзень, – крыху закрануўшы тэму прыватнага жыцця, кажа субяседнік. – Прыходжу дадому і разумею, што тут мяне чакаюць як любячага мужа і бацьку. Ім і станаўлюся. Да наступнай раніцы.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о