Праўду кажуць: далёка пойдзеш, калі радасць у працы знойдзеш. Гэта як раз тычыцца сям’і фермераў з Багрымавіч – Рыгора і Марыны Папок, пра якіх мы пісалі раней у “раёнцы”.

Даведаліся ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірыны Берднік, што гэтая фермерская гаспадарка, у якую ўваходзіць чатыры чалавекі з адной сям’і, не так даўно далучылася да прафсаюзнага жыцця, стварыўшы сваю “пярвічку”. Ды і не толькі гэта падзея стала галоўнай у іх каляндарным плане бягучага года.

Марына Аляксандраўна, як высветлілася, са жніўня распачала работу ў гандлёвай кропцы ў вёсцы. Працяглы час пасля закрыцця гандлёвага аб’екта райспажыўтаварыства мясцовыя жыхары здавольваліся толькі наведваннем у населены пункт аўтамагазіна, які “ходзіць” тройчы на тыдзень. Цяпер паўнавартасны аб’ект харчовых тавараў, дзякуючы прыватнікам, зноў запрацаваў. Будынак быў выкуплены, у ім зрабілі рамонт, прыбудавалі складское памяшканне, падвялі наноў электраэнергію, свідравіну ўсталявалі, і вось магазін “АНВАР” рады вітаць штодзень сваіх кліентаў.

Новыя ідэі Рыгора і Марыны

Такую арыгінальную, з каўказскім, на мой погляд, “акцэнтам” назву прыдумала сама Марына Аляксандраўна. Як аказалася, ніякіх намёкаў на Каўказ у назве няма. Яна склалася з пачатковых літар імён дочак і ўнучак: Алесі, Ніны, Варвары і Раі.

– Летам наведвальнікаў было куды больш, – распавядае Марына Папок. – Але, упэўнена, што людзям у халодны час года будзе зручней завітаць да мяне, чым чакаць на марозе ў альтанцы аўталаўку. Я ж імкнуся задаволіць густ кожнага наведвальніка. Усе патрэбныя харчовыя тавары заказваю па заяўках, і дастаўляюць іх у тэрмін.

Даволі шырокі асартымент малочных вырабаў пастаўляюць з Рагачоўскага камбіната. Рэалізуем і прадукцыю гомельскай маркі “Малочныя карункі”. На каўбасныя вырабы заключаны дагавор з Калінкавіцкім мясакамбінатам. Да таго, у асартыменце замарожаныя мяса і рыба. Хлеб і белабулачная прадукцыя ідзе з Петрыкава. Дарэчы, вяскоўцы менавіта яе і просяць. Віна-гарэлачныя напоі шматлікіх вытворцаў. Больш за 15 марак ідзе кандытарскіх вырабаў і цукерак. Мінеральная вада і солодкія газіраваныя напоі.  У асартыменце таксама свежая гародніна і камбікорм для хатняй жывёлы. Летам добра разыходзілася марожанае.

Жыхароў тут засталося няшмат – каля 50. З улікам дачнікаў назбіраецца крыху  больш.

Першы час людзі заходзілі ў наш магазін і нават здымалі абутак. Так шкадавалі мае рукі, што даводзіцца штодзень мыць падлогу. Я заўсёды распачынаю дзень з вільготнай уборкі. Цяпер вось грубку трэба яшчэ прапаліць. У час абеду імкнуся паспець вырашыць арганізацыйныя пытанні, выручку завезці ў Пціч. У выхадны для магазіна дзень – аўторак – едзем гандляваць на рынак у Петрыкаў. Да таго, мой Рыгор задумаў увасобіць у жыццё новы аб’ект, але пра гэта ён вам сам раскажа.

Мы пачулі добрыя водгукі на адрас Марыны Аляксандраўны і яе гандлёвай кропкі ад мясцовага жыхара, 85-гадовага Васіля Герасіменкі, і паехалі да Рыгора Іванавіча.

Ён увіхаўся на рэканструкцыі будынка. Павітаўшыся, даведаліся, што раней гэта была грамадская лазня. Пазней, пасля закрыцця, аб’ект доўгі час не выкарыстоўваўся. Адзінае, што цэлае засталося ад яго, дык гэта сцены. Усё астатняе ўзводзіць цяпер наноў.

– Мяркую, у маі 2019 года гэта будзе яшчэ адна аграсядзіба на нашым рахунку, – патлумачыў Рыгор Іванавіч. – Тут жа будзе шмат пабудоў для адпачываючых. Так, планую ўзвесці печ, у якой на свежым паветры можна будзе гатаваць смачныя стравы. Лазня-бочка размесціцца побач. Да іх далучацца альтанка і стол для гульні ў більярд пад паветкай.

Тры гектары зямлі нам аддалі ў арэнду. Увесь гэты ўчастак абгародзім металапрофілем. Дарагавата, канечне, але будзе прыгожа.

На гэтай зямлі, як бачыце, мы пасеялі канюшыну. З такога невялічкага ўчастка нарыхтавалі 4 тоны сена. Тут жа ўзводзім драўлянае памяшканне для нашых рагуль. Тры каровы і 6 цялушак ужо маем. Плануем павялічыць статак да 20-30 жывёлін.

Малако нашы буронкі даюць добрае: да 25 літраў за дзень кожная і тлустасцю – 3,8-4%. Гэта, скажу, выгадная справа – трымаць свой статак. Тым больш, што дзеці нашы таксама зацікаўлены ў выніку, дапамагаюць. Старэйшая Алеся на цэлае лета прыязджае сюды з Санкт-Пецярбурга. Маслабойкай сметанковае масла ўзбівае, сыр робіць. А ўнучкі смакуюць сырадой, казінае малачко аблюбавалі. У нас жа вялікая гаспадарка.

Увогуле, не разумею, як гэта людзі на жыццё скардзяцца? Жыві, працуй з золку да позняга, і вынік будзе! Трэба мець ідэю ў галаве і рукі, каб яе рэалізаваць. Я вось працую на свежым паветры, замерзну, дык чаю гарачага вып’ю і далей у справу. Добра, што зяць Павел, муж малодшай дачкі Ніны, што ў Калінкавічах, дапамагае па будаўніцтве. Ён вадзіцель-міжнароднік, працуе вахтавым метадам. Вяртаецца з рэйсу і адразу да мяне.

Жонка мая Марына родам з Цвярской вобласці, ну а я тутэйшы. Цудоўныя мясціны ў Багрымавічах, маляўнічыя, для рыбакоў добрыя. Вядома, што тут Пціч упадае ў Прыпяць. Да нас летам на рыбалку сем’і наведваліся з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Гомеля, Мазыра.

Мне 59 гадоў і я яшчэ адчуваю моц у целе. Не трэба баяцца працы! Яна надае стымул жыць і ствараць.

– Падпісваюся пад кожным Вашым словам. Добрага вам здароўя, паважаныя Рыгор Іванавіч і Марына Аляксандраўна! Дзякуючы такім ініцыятыўным людзям, як вы, вёскі існуюць і аднаўляюцца. Будзьце шчаслівыя і поспеху вашым справам!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о