“100 ідэй для Беларусі” – рэспубліканскі конкурс, які ўжо не першы год арганізоўвае БРСМ.
Конкурс праводзіць адбор лепшых праектаў у розных сферах, якія маглі б быць карысныя грамадству. Адзін з такіх праектаў паспяхова прадставілі на занальным адборы ў Мазыры ўраджэнкі Курыцічаў – настаўніца біялогіі Наталля Картыннік і вучаніца 8 класа Ангеліна Яцук.

Новы спосаб знішчэння каларадскага жука распрацавалі ў Курыціцкай школе

– Мэта конкурсу – актываваць інавацыйнае мысленне моладзі, прыцягнуць яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, – падзялілася з намі Наталля Аляксандраўна падчас сустрэчы. – Мы – людзі з вёскі, што больш за ўсё нас цікавіць? Сабраць добры ўраджай.
Што тычыцца бульбы, то на яе вочы паклаў такі нягоднік як каларадскі жук. Пагадзіцеся, дзяліцца бульбай з гэтым насякомым не хочацца. Менавіта таму ў красавіку бягучага года мы з вучаніцай пачалі распрацоўваць новы праект па знішчэнні каларадскага жука.
На тэрыторыі Курыціцкай сярэдняй школы паўскопвалі 6 градак і іх засадзілі рознымі культурамі: часнаком, календулай і аксаміткамі.
Раствор лісцяў гэтых раслін асобна залівалі трыма літрамі кіпеню, настойвалі пяць гадзiн, дадавалі халоднай вады з мылам.
– Атрыманы раствор мы апырсквалі на лісце бульбы, – працягнула размову вучаніца Ангеліна. – Далей глядзелі працэнт пашкоджання лісця жукамі.
З прадстаўленых настояў самым эфектыўным апынуўся часночны. Больш за тое, мы распрацавалі новую схему пасадкі бульбы. А менавіта: на градцы высаджвалі чатыры рады бульбы і два часныку, пах апошняга распаўсюджваўся і адпугваў каларада.
Так, пашкоджванне лісця мы звялі да мінімуму, але сказаць, што пазбавіцца ад каларадскага жука нам удалося на 100 %, нельга.
Працу назвалі “Біялагічны метад барацьбы з каларадскім жуком пры дапамозе фітанцыдаў розных раслін”.
– Распрацаваць спосаб знішчэння каларадскага жука – гэта толькі палова працы, – працягнула Наталля Аляксандраўна. – Мы стварылі бізнес-план гэтага праекта, у якім апісалі, як можна арганізаваць продаж і зарабіць на ім.
У занальным этапе мы ўжо перамаглі. Застаецца чакаць, як нашу працу ацэняць у снежні на абласным адборы ў Гомелі, канкурэнцыя сур’ёзная.
За падтрымку, маральную і фізічную, выказваем падзяку адміністрацыі нашай школы і бацькам.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о