Мы працягваем серыю матэрыялаў-памочнікаў для абітурыентаў: даваць парады наконт падрыхтоўкі да паступлення, вучобы, залікаў, экзаменаў,  практыкі будуць тыя, хто прайшоў студэнцкі шлях – выпуснікі вышэйшых навучальных устаноў.
Сёння пра юрыдычны факультэт раскажа Юлія Грынько, ураджэнка Капаткевічаў.

НОВЫ ДЗЕНЬ – НОВЫ МАЗГАВЫ ШТУРМ

– Калі вырашыла паступаць на юрыдычны, стала цікавіцца, у якіх мінскіх ВНУ ёсць адпаведныя факультэты. У прыярытэце былі юрфак БДУ, факультэт права БДЭУ і дзяржаўнае кіраванне і права ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Спачатку шукала інфармацыю пра колькасць бюджэтных месцаў на сайце ВНУ. У тэматычных суполках пра паступленне пачала шукаць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўжо вучацца на факультэтах, распытвала ў іх пра вучобу, пра прадметы. Шмат новага даведалася на сайце www.abiturient.by.
Пры выбары арыентавалася, як многія абітурыенты, на інтуіцыю. Склалася так, што на трэці дзень уступнай кампаніі падала дакументы на юрфак БДУ, а на чацвёрты – забрала і “перакінула” на факультэт права БДЭУ, які зараз і заканчваю.

НОВЫ ДЗЕНЬ – НОВЫ МАЗГАВЫ ШТУРМ

Чаму факультэт права БДЭУ?
Спадабалася наяўнасць у вучэбнай праграме дысцыпліны “Бухгалтарскі ўлік і аўдыт”, хоць і вывучалі яе мы ўсяго толькі адзін семестр.
У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, акрамя прававых, досыць шмат дысцыплін, звязаных з дзяржаўным кіраваннем, мяне гэта цікавіла ў меншай меры.
Не мае значэння, у якім ВНУ ты вучышся. Прадметы на многіх факультэтах супадаюць, а многія выкладчыкі працуюць адразу ў некалькіх установах. Значэнне мае толькі твая зацікаўленасць атрымаць веды і навыкі.
Калі юрыспрудэнцыя – гэта сапраўды тваё, то табе будуць цікавыя ўсе прадметы. Хоць зразумець, тваё гэта ці не, на маю думку, можна толькі на другім курсе. На першым курсе вывучаюцца ў асноўным толькі агульнаправавыя дысцыпліны.
Самымі цікавымі для мяне былі тыя дысцыпліны, заняткаў па якіх не было ў суботу (смяецца). З вывучаных дысцыплін мне абсалютна не спадабаліся філасофія і логіка. Было вельмі цяжка з англійскай мовай, таму што мне ў цэлым вельмі дрэнна даюцца замежныя мовы.
З юрыдычных – падабаліся галіны матэрыяльнага права, таму што грамадзянскі, гаспадарчы і крымінальны працэсы трэба вывучаць не ў студэнцкіх пакоях, а ў судах, у якіх дзейнічае прапускная сістэма, не забывайце браць з сабой пашпарт!
У холе судоў заўсёды вісяць расклады судовых пасяджэнняў, можна свабодна выбіраць і ісці на любое з іх.
Прапаную прачытаць серыю кніг Вячаслава Арабінскага “Чаму не вучаць на юрфаку”, класіка.

НОВЫ ДЗЕНЬ – НОВЫ МАЗГАВЫ ШТУРМ

Якія ёсць лайфхакі па вучобе?
Адзін. І ён вельмі просты. Неабходна якім-небудзь чынам сістэматызаваць інфармацыю, каб прасцей было запамінаць той велізарны аб’ём, які трэба ведаць. Рабіць зручныя і зразумелыя схемы, табліцы.
На гэта ідзе даволі шмат часу, але яно таго варта. У інтэрнэце ёсць шмат гатовых схем па розных прадметах, але часцей за ўсё яны зроблены на аснове расійскага заканадаўства.
На першым курсе адзін выкладчык даў нам каштоўную параду, якую памятаю па гэты дзень, – “Чытайце нарматыўныя документы, каб сфармаваць сваю юрыдычную мову”. Таксама пажадана чытаць актуальныя юрыдычныя артыкулы, манаграфіі, дысертацыі па хвалюючых пытаннях.
На факультэце права БДЭУ, дзе вучылася я, пры паступленнi можна было выбраць адну з двух спецыялізацый – гаспадарчае права або прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці. Значнай розніцы ў вывучаемых дысцыплінах і навучанні ў цэлым не заўважыла.
За час навучання прайшла тры практыкі: азнаямленчую, гаспадарча-прававую (вытворчую) і пераддыпломную.

НОВЫ ДЗЕНЬ – НОВЫ МАЗГАВЫ ШТУРМ
У рамках азнаямленчай практыкі мы наведвалі судовыя пасяджэнні, сустракаліся з прадстаўнікамі розных юрыдычных прафесій: пракурорам, натарыусам, судовым выканаўцам, а таксама складалі асноўныя прававыя дакументы.
Базу гаспадарча-прававой практыкі можна было выбраць самастойна, знайсці месца, дзе б ты хацеў яе праходзіць, і ўзяць адтуль гарантыйны ліст, што цябе гатовыя ўзяць. Я праходзіла гаспадарча-прававую ў адным з мінскіх раённых аддзелаў Следчага камітэта, мела магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі крымінальных спраў, прысутнічаць на следчых дзеяннях (допытах, аглядзе месца здарэння, праверцы паказанняў на месцы) і нават пабыць на дзяжурстве ў РУУС.
Пераддыпломную практыку праходзіла ў адваката, прысутнічала на кансультацыях, судовых пасяджэннях, атрымала карысны вопыт складання прававых дакументаў: іскавых заяў, прэтэнзій, скаргаў, хадайніцтваў.

Пра самыя складаныя экзамены і нават спісванне
Навык спісвання так і не набыла, не спрабавала нават гэтага рабіць.
Самымі складанымі былі экзамены па асноўных прадметах: грамадзянскае права, крымінальнае права, грамадзянскі працэс, крымінальны працэс, гаспадарчы працэс, таму што важна было пры падрыхтоўцы да іспыту і пры адказе на экзамене нічога не прапусціць. Усё ведаць, вядома, нерэальна, але асноўныя моманты – трэба.

НОВЫ ДЗЕНЬ – НОВЫ МАЗГАВЫ ШТУРМ

Што прапанавала б тым, хто выбірае спецыяльнасць юрыста?
Першае, што трэба зрабіць абітурыенту, – гэта пазбавіцца ад стэрэатыпу, што юрыст сядзіць у прыгожым кабінеце і нешта гаворыць.
Куды б ты ні пайшоў працаваць у якасці юрыста, цябе чакаюць горы папер, пастаянны дэдлайн, за пратэрміноўку якіх прадугледжана адказнасць, і праца ў турба-рэжыме, калі важныя рашэнні трэба прымаць на працягу некалькіх хвілін.
А яшчэ абітурыенту трэба рабіць тое, што і любому іншаму чалавеку, – шмат чытаць і самаўдасканальвацца, цікавіцца тым, што адбываецца ў тваёй краіне і ў свеце. Для юрыста карысныя базавыя веды павінны быць ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы.
Асалода ад маёй прафесіі заключаецца ў тым, што яна шматгранная. Юрыст – гэта і суддзя, і пракурор, і следчы, і судовы выканаўца, і юрысконсульт, і інспектар па кадрах. Кожны студэнт-юрыст зможа выбраць тое, што яму па душы.
Я атрымліваю задавальненне ад зносін з людзьмі, ад таго, што кожны дзень – гэта новы мазгавы штурм.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,

фота з асабістага архіва
Юліі Грынько.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о