Нагода гэтага разважання непрыемная і, на жаль, чарговая ў “спісе” падобных. Наступствы – несуцяшальныя і, як бы мы не хацелі, напэўна, не апошнія.
Магу памыляцца з тэрмінам, але паўтара-два дзясяткі гадоў таму з’яўленне бетонных агароджаў пачало радаваць жыхароў і гасцей горада, упрыгожыўшы вуліцы населеных пунктаў. Разам з тым, з’явіўся новы галаўны боль у працаўнікоў камунальнай гаспадаркі: пралёты агароджы пастаянна ламаліся, і далёка не з натуральных прычын. Што не выхадныя дні – учорашнія, толькі што пафарбаваныя секцыі правісалі, ледзь трымаючыся на слупах, з-за злома бліжэй да сярэдзіны. Зараз, спадзяюся, вандальная цікавасць да агароджаў знікла, прынамсі, сумных выяў на вуліцах горада я не заўважаў.

Невядомыя разбурылі аб'екты пляжуРазам з тым, радавацца пакуль падстаў не выпадае: церпяць яшчэ там-сям альтанкі і лаўкі – то надпіс вядомага зместу пакінуць, то дошку зломяць, ці з цвікамі выдзяруць. І справа тут не толькі ў старасці і несучаснасці аб’ектаў. Пад гарачую руку, якой кіруе неразумная галава, падпадаюць і новыя, прыгожыя месцы адпачынку. Размалявана дзіцячая пляцоўка ў парку, вырваныя былі ў свой час жэрдкі ў новенькай паркавай альтанцы.

Сумную анталогію чалавечага глупства папоўнілі чарговыя выпадкі, што адбыліся на другім гарадскім пляжы. Надвячоркам, а магчыма і глыбокай ноччу з суботы на нядзелю, месца адпачынку наведалі аднадумцы Дона Кіхота. Чаму? Персанаж Сервантаса змагаўся з ветракамі, нашы ж антыгероі абралі ў якасці сапернікаў драўляную агароджу так званага “лягушатніка” і грыбок, што стаяў бліжэй да вагончыка выратавальнікаў.

Падлічыць страты ўдалося толькі з “прымаючага ўдар” боку: не стала агароджы, рэшткі якой, пэўна, знесла плынь Прыпяці, у грыбка ж былі пераламаныя абедзве апоры, дарэчы, даволі магутныя. Як паведамілі ў бухгалтэрыі камунгаса, у грашовым эквіваленце шкода склала 171 рубель 13 капеек.

Наступнай ноччу, з нядзелі на панядзелак, зламыснікі (нельга дакладна сказаць, былі гэта тыя ж людзі, ці Доны Кіхоты “працавалі па зменах”) невядомыя вырашылі паспрабаваць сваю моц у водных баталіях. Два зніклых з ракі буйкі прывязалі да вагончыка выратавальнікаў, трэці давялося пашукаць, бо знаходзіўся ён на верхавіне хвоі, бліз аўтамабільнай паркоўкі.

А мне застаецца толькі павіншаваць гэтых наведвальнікаў пляжа: вы сапраўды спрытныя і моцныя! Але ёсць і кепская навіна – вы зрабілі дурны ўчынак… Хутчэй за ўсё, уласна вы гэтага не заўважаеце, але людзі, што знаходзяцца побач, пакутуюць ад вашага глупства.

Ёсць верагоднасць, што вы нават ганарыцеся сваім учынкам і ціхенька, каб ніхто іншы не пачуў, шэптам распавядзеце пра сваю моц сябру ці сяброўцы. Толькі памятаце, што не кожны здольны захапіцца вашым спрытам руйнаваць тое, што стваралі іншыя дзеля агульнага камфорту. І не здзіўляйцеся, што пасля таго, як пахваліцеся, знаёмыя скароцяць стасункі з вамі, бо гэта нармалёва – абмяжоўваць сябе ад прыдуркаватых людзей.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о