У мінулую нядзелю футбалістаў “Шахцёра” чакала гасцявая гульня, што, на мой погляд, прэтэндавала на статус самага прынцыповага супрацьстаяння круга для петрыкаўскага клуба. І няхай саперніка жоўта-чорных нельга назваць фаварытам першай лігі, але перамога ў гэтым матчы прынесла б асалоду не меншую, а нават большую, чым атрыманне трох ачкоў у матчы з “Арсеналам” ці “Крумкачамі”. Пэўна, заўзятары ўжо здагадаліся, што гаворка ідзе пра магілёўскі “Дняпро”.

Неверагодны камбэк
“Шахцёр” двойчы саступіў магілеўчанам у другой ліге мінулага сезона з лікамі 1:2 і 0:2.

Гісторыя супрацьстаяння.
Статус прынцыповых сапернікаў клубам можна было прысвоіць яшчэ да пачатку мінулага футбольнага сезона другой лігі. Толькі “Дняпро” і “Шахцёр” у перадсезонцы адкрыта заявілі пра намер штурмам узяць вяршыню дывізіёна, атрымаўшы запаветныя пуцёўкі ў больш прэстыжны турнір. “Дняпро” абавязваў гэта зрабіць вопыт нядаўняга выступлення ў вышэйшай лізе, петрыкаўская каманда павінна была апраўдваць фармат фарм-клуба адной з мацнейшых дружын Беларусі – салігорскага “Шахцёра”.
Урэшце, гэтым калектывам удалося ажыццявіць свае мэты: клуб з Магілёва стаў пераможцам другой лігі, а петрыкаўскія футбалісты атрымалі званне віцэ-чэмпіёнаў. Праўда, апошнім так і не ўдалося абыграць каманду з берагоў Дняпра: У першай лізе жоўта-чорныя не здолелі дома ўзяць рэванш за мінулы сезон, прайграўшы 1:3. І вось чарговая сустрэча ў гасцях, эмацыйнай напружанасці якой надавала дата матчу. Па іроніі лёсу “Шахцёру” выпала згуляць з сапернікам менавіта ў Дзень шахцёра.

Неверагодны камбэк
Па іроніі лёсу “Шахцёру” выпала згуляць з сапернікам менавіта ў Дзень шахцёра

Чаканні – рэчаіснасць
Калі адкінуць рамантызм і паглядзець на выступленне “калійшчыкаў” цвяроза, то ход большасці гульняў можна прадказаць з дапамогай пары клішэ. Як бы смешна не гучала, але “Шахцёр” прайграе моцным камандам і перамагае аўтсайдараў. Мае месца грубасць у абароне (як раз супраць каманд з першай паловы табліцы), за што “салевікоў” неаднаразова каралі 11-метровымі. Акрамя гэтага, хібы ў абароне часцей за ўсё дазваляюць забіць у вароты жоўта-чорных паміж 40-мі і 60-мі хвілінамі матча.
Разам з гэтым, “Шахцёр” часцяком адказвае на галы ў апошніх сустрэчах намаганнямі Аліхана Малкандуева, які ў 4 гульнях забіў 4 мячы. А яшчэ “калійшчыкі” хоць і не джэнтэльмены ўдачы, але дакладна могуць звацца камандай куражу і ўсе намаганні сапернікаў павінны быць прыкладзены на стрыманне “Шахцёра” пасля забітага гэтым клубам мяча. Калі выстаяць удалося, гульня жоўта-чорных, хутчэй за ўсё, збавіць абароты і набярэ дынамічнасці толькі на апошніх хвілінах, і тое, калі “Шахцёр” будзе саступаць ці дзяліць нічыю.
Вось такая збіральная карціна вымалёўваецца. Але ці апраўдаюцца прагнозы на гэты матч?

Мяч на цэнтры поля, паехалі!
Да шостай хвіліны сустрэча праходзіла дастаткова актыўна і “Дняпро” нават патурбаваў брамніка “Шахцёра” Аўтандзіла Лаба-дзэ, але той быў на месцы. Пасля штурму гасцей абедзве каманды на хвілін 10-ць запаволілі тэмп, а потым пачалі абменьвацца нядрэннымі атакамі, у час адной з якіх, на 36-й хвіліне, “Шахцёр” быў пакараны за грубую гульню ў абароне 11-метровым – 0:1. “Калійшчыкі” адказалі выдатным розыгрышам, але ўдар у напрамку варот накіраваў мяч значна вышэй перакладзіны.
Напачатку другога тайма тэрытарыяльнай ініцыятывай валодалі гаспадары. Чарговы стандарт у бок варот “Шахцёра” на 56-й хвіліне завяршыўся моцным і дакладным ударам галавой футбаліста “Дняпра” – 2:0.

Неверагодны камбэкГаспадары выглядалі больш прывабна: аддавалі дакладныя перадачы, стваралі вострыя моманты, пачалі ўскрываць дзіркі ў абароне “калійшчыкаў”. “Шахцёр” жа адказваў пасрэднымі атакамі, а ўдары з сярэдняй і дальняй дыстанцыі запускалі мяч міма створа варот.
Тут я дазволю сабе лірычнае адступленне і спытаю чытача: што з адзначанага раней не знайшло адлюстраванне ў матчы? Пенальці, дзіркі ў абароне, гол на самых небяспечных па статыстыцы хвілінах для нашай каманды? Сумна, што памылкі калектыва паўтараюцца з гульні ў гульню…
Да сярэдзіны другой паловы сустрэчы госці здолелі крыху змяніць сітуацыю: “калійшчыкі” больш валодалі мячом, але, пераважна, на сваёй палове поля. “Дняпро” ж гуляў імкліва і востра, ды настолькі, што адзін з ігракоў прымаючага боку на 65-й хвіліне атрымаў жоўтую картку, якая ў суме з папярэднім “гарчышнікам” абумовіла выдаленне.

Неверагодны камбэк

Засталіся ў большасці і гульня пайшла!
Доўга чакаць не давялося. “Шахцёр”, скарыстаўшыся меншасцю саперніка, пачаў ціснуць. Ужо праз 6 хвілін Аліхан Малкандуеў, не зважаючы на апеку двух футбалістаў “Дняпра”, філігранна адправіў мяч у дальні левы кут, на што варатар саперніка не паспеў адрэагаваць – 1:2.
Яшчэ праз 3 хвіліны Ігар Моніч, атрымаўшы мяч перад варотамі, імгненна перавёў круглага ў створ – 2:2.
“Дняпро” адбіваўся, зрэдку нават ладзіў контратакі, а пад канец асноўнага часу перайшоў у нападзенне. Хранометр адлічваў дадатковыя хвіліны, штурмы варот у “Шахцёра” не клеіліся. І вось, адбіўшыся ад выпаду гаспадароў “калійшчыкі” перахо-дзяць да апошняга, мяркуючы па часе, штурму. Верагоднасць, што менавіта гэта атака будзе плённай і петрыкаўская дружына выйдзе наперад, была мізэрнай. Але неверагодна трапны навес ад правай броўкі, метраў з 30-ці, цудоўна прыняў галавой і накіраваў мяч у бліжні левы вугал варот капі-тан “Шахцёра” Уладзімір Старасцін – 2:3!
Увод мяча ў гульню, свісток – і наша каманда перамагае ў гэтым прынцыповым супрацьстаянні, здзейсніўшы фантастычны камбэк з ліку 2:0, вырваўшы перамогу на апошніх, дадатковых хвілінах.
Але пачакаўшы, калі эмоцыі і захапленне сціхнуць, варта задаць сабе пытанне: ці бачылі б мы гэты цудоўны отыгрыш, калі б у “Дняпра” не адбылося выдалення? Яшчэ даведаемся, бо хутка трэці круг турніра.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота fc-dnepr.by з архіва “Петрыкаўскіх навін”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о