Навасёлкаўскі сельскі Савет, бадай што, самы буйны ў нашым раёне. У яго складзе знаходзяцца 12 населеных пунктаў. Натуральна, што і пытанне добраўпарадкавання вёсак тут стаіць востра.
Некалькі гадоў таму колькасць пустуючых домаўладанняў у Навасёлкаўскім сельсавеце дасягала сотні. Толькі сёлета рашэннем суда быў дадзены дазвол на знос 19 лядашчых сядзіб, падрыхтаваны дакументы яшчэ на 12 дамоў – у Навасёлках, Грабніках, Новых Галоўчыцах, Аносавічах. Ёсць вёскі, напрыклад, Клясаў, дзе пастаянна пражываюць два чалавекі, Млынок з пяццю жыхарамі, дзе зносу не плануецца. Няма сэнсу ўкладваць грошы туды, бо вёскі знаходзяцца далёка ў лесе, які і зробіць сваю справу – схавае рэшткі збудаванняў.

Нельга быць раўнадушным да сваёй вёскіКожны працоўны дзень цёплага перыяду года старшыня сельскага Савета Юлія Ракіцкая пачынае з арганізацыі людзей для пакосу травы. Хто наведваў Навасёлкі, мае ўяўленне пра маштабы гэтай працы. Некалі цэнтральная сядзіба вялікай гаспадаркі саюзнага падпарадкавання будавалася з размахам і прасторам. Цяпер гэтыя тэрыторыі трэба трымаць у эстэтычным выглядзе. Гэту ж работу праводзяць і ў іншых вёсках. Сітуацыю ўскладняе тое, што спецтэхнікай карыстацца не выпадае. Сёння магчымасці мясцовага сельгаспрадпрыемства такія, што сельскаму Савету даводзіцца ім дапамагаць, а не наадварот. Юлія Андрэеўна таксама ўдакладніла, што вуліца Савецкая замацавана за Навасёлкаўскім лясніцтвам. Гэта здымае частку праблемы. Тэрыторыю каля будынка музычнай школы трымае ў парадку мясцовы стараста Мікалай Маткоўскі. Адначасова мужчына даглядае нядзеючыя могілкі ў цэнтры аграгарадка. Часта дае работніка з касілкаю і прыватны прадпрымальнік Уладзімір Фурман.
Старшыня Савета адзначыла асабісты ўклад у добраўпарадкаванне аграгарадка Уладзіміра Фурмана. Ён не толькі ўзяў пад сваю апеку значны ўчастак зямлі ў цэнтры, але і ўпрыгожвае яго: высадзіў сквер, пабудаваў альтанкі і арэлі, размясціў малыя архітэктурныя формы. Іншая справа, што да ўсяго гэтага не заўсёды беражліва адносяцца жыхары Навасёлак. Напрыклад, частка вясновых пасадак дрэў была сапсавана. Восенню плануецца іх абнаўленне.
– Трэба сказаць, што апошнім часам жыхары аграгарадка сталі больш актыўна ўдзельнічаць у санітарных днях, – расказвае Юлія Андрэеўна. – Мы размяшчаем аб’явы з просьбай да насельніцтва выйсці і навесці парадак каля сваіх дамоў, гаспадарчых пабудоў. Выходзяць, прыбіраюць, выкошваюць. Я ўдзячна ім за паразуменне. Трэба сказаць, што і на прадпісанні гаспадары рэагуюць хутка і правільна. Напрыклад, толькі сёлета ўсталявана больш 500 метраў прыватных платоў. Сабраны грошы для ўстаноўкі агароджы на могілках у Навасёлках – 500 рублёў сродкаў самаабкладання выдаткавана на гэтыя патрэбы. Здараецца, што сумы на рахунак пералічваюць мэтава. Нядаўна, напрыклад, патэлефанавала жанчына, якая ў нас не пражывае, але наведвала магілы родных. Папрасіла выдаліць каля іх аварыйнае дрэва і пералічыла для гэтага пэўную суму.

Нельга быць раўнадушным да сваёй вёскіДля сельскага Савета тэма аварыйных дрэў працяглы час заставалася актуальнай. Іх выдаленне працягваецца не першы год. Дапамагалі ў гэтым жыллёва-камунальная гаспадарка і лясніцтва. Сёлета плануецца ліквідаваць дрэвы па вуліцы Савецкай і каля школьнага вадаёма ў Навасёлках, у Новых Галоўчыцах – па вуліцы Кастрычніцкай, а таксама ў Ванюжычах. Дрэвы абследаваны і атрыманы дазвол на іх выдаленне.
Змагацца з дзікарослым кустоўем і дрэвамі даводзіцца пастаянна. Летась у гэтым старшыні Савета дапамагалі калегі з іншых Саветаў раёна, за што Юлія Андрэеўна ім шчыра ўдзячна. Прыведзены ў
парадак значныя тэрыторыі ў Ванюжычах, Рэкордзе і Навасёлках, у тым ліку на пустуючых сядзібах.
Значную работу ў сельскім Савеце праводзяць дэпутаты. Аляксандр Ярмоленка, дэпутат па Ванюжыцкай выбарчай акрузе, займаецца дрэваапрацоўкай і часта бясплатна дапамагае піламатэрыяламі пэўным катэгорыям людзей. Дапамагае трымаць цесную сувязь з жыхарамі Ванюжычаў і стараста вёскі Вольга Ходчанка.
У дэпутата і старасты Аляксандра Гурына складаная акруга – маланаселеныя вёскі Заброддзе, Клясаў і Млынок. Зразумела, што і праблем тут болей. Юлія Андрэеўна расказала пра некаторыя і пра тое, як з іх вырашэннем дэпутат спраўляецца самастойна.

Нельга быць раўнадушным да сваёй вёскіПершы раз у склад дэпутацкага корпуса давялося ўвайсці Алегу Дубіне. Старшыня Савета адзначыла яго вялікае жаданне дапамагаць людзям.
Працягвае актыўна працаваць з жыхарамі Новых Галоўчыц, цяпер у якасці старасты, Валянціна Пазняк, якая многія гады была дэпутатам той акругі.
– Пытанні ў нас узнікаюць такія ж, як і паўсюдна, – падагульняе размову Юлія Ракіцкая. – У тым ліку сочым за правільным выкарыстаннем зямлі. Пасля зносу пустуючых сядзіб чвэрць гектара земляў цяпер перададзена ў лесфонд, пяць участкаў лічацца рэзервовымі пад будаўніцтва, паўгектара перададзены ў карыстанне пад агародніцтва. У Новых Галоўчыцах ідзе выдаленне старога калгаснага сада, з нас ніхто не зніме абавязкі па кантролі, каб гэтыя землі тэрмінова былі задзейнічаны ў севазвароце. Практыкуем пасадкі сквераў на пустуючых участках. Гэта лепш, чым дзікарослыя травы і кустоўе. Хаця догляд за такімі надзеламі таксама займае нямала часу. З выпасам жывёлы ў нас праблем няма. Напрыклад, у Навасёлках на сёння толькі 10 кароў у прыватных гаспадарках. Уласнікі іх закупілі электрапастух і так знялі з сябе пэўны клопат. Хацелася б ад ААТ “Навасёлкі” большай актыўнасці. Напрыклад, шматкватэрныя дамы па вуліцы Ленінскай – іх уласнасць. І яны патрабуюць прыняцця тэрміновых мер: герметычнасць парушана, ападкі псуюць канструкцыі, што робіць будынкі небяспечнымі. А галоўнае – яны псуюць знешні выгляд цэнтральнай вуліцы. Тым не менш, выкананне сёлетняга плана па добраўпарадкаванні ў нас ідзе з апераджэннем. І за тое дзякуй усім, хто нераўнадушны да сваёй вёскі, вуліцы і двара.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о