Небяспечны феерверк

Цяжка ўявіць сабе Навагоднія святы без феерверка, аднак гэта крыніца большасці навагодніх траўм, асабліва для дзяцей, якія так і імкнуцца стаць бліжэй, памацаць салют і прарабіць іншыя небяспечныя дзеянні. Асноўнае правіла, якое на жаль вельмі рэдка выконваецца, – піратэхніка дзецям не цацка. Продаж “вогненных пацех” дзецям да 16 гадоў забаронены. Набываць можна толькі якасную піратэхніку ў сертыфікаваных крамах. Для кожнага піратэхнічнага выраба абавязкова наяўнасць падрабязнай інструкцыі для прымянення на рускай мове, якая змяшчае назву завода вытворцы, дату вырабу, тэрмін захоўвання і правілы карыстання вырабам, якія перад выкарыстаннем неабходна ўважліва прачытаць.
Да таго, выкарыстоўваць можна толькі піратэхніку з “рабочым” тэрмінам прыдатнасці. Пратэрмінаваную выкідваем без жалю. Выкарыстоўваць піратэхніку (акрамя бенгальскіх агнёў і хлапушак) можна толькі на адкрытым паветры, ідэальны варыянт – пустка, спортпляцоўка.
Забаронена пераносіць піратэхніку ў кішэнях або на грудзях, пакідаць ля цёплых батарэй, кідаць выкарыстаныя гільзы ў вогнішча ці на пліту!
Абавязкова таксама ўзяць з сабой сродкі абароны – хоць бы ваду ў бутэльках, каб заліць ўзгаранне, прамыць апёк або засмечаныя вочы, у ідэале – мець пры сабе набор для першай дапамогі і маленькі вогнетушыцель.
Пры запуску ні ў якім разе не накіроўваць ракеты, петарды і “вогненныя цацкі” на сябе або іншых людзей нават у жарт.
Калі кнот патух, і піратэхніка чамусьці не запусцілася, чакаюць не менш за 5 хвілін, перш чым падысці і высветліць, у чым менавіта справа. Абавязкова варта заліць гора-ракету вадой або пенай на выпадак самаадвольнага ўзгарання.
Калі надзвычайнае здарэнне ўжо адбылося, ні ў якім разе не панікаваць, а экстранна пачынаць ліквідаваць наступствы, тушыць і збіваць полымя. Калі магчымасці справіцца самастойна няма, як мага хутчэй выклікайце спецыялістаў – пажарных і хуткую дапамогу.
Усе апёкі ад піратэхнікі абавязкова прамываюцца вадой, каб змыць магчымыя рэшткі едкай хіміі. Старанна прамывайце вочы, калі ў іх патрапіў пыл з ракетніцы або іскрынка ад бенгальскага агню. Калі не атрымліваецца спыніць крывацёк, пашкоджанае месца распухае, моцна пячэ і баліць, вока не бачыць – трэба як мага хутчэй даставіць пацярпелага ў бальніцу.
Ні ў якім разе нельга паддавацца на падтруньванні аднагодкаў патрымаць у руках падпаленую ракетніцу, запусціць петарду ў пакоі і іншае. Сапраўдныя сябры на такія небяспечныя рэчы не падбіваюць.
Дзеці вучацца на прыкладзе бацькоў. Азнаёмце іх з тэхнікай бяспекі, дазвольце паўдзельнічаць у падрыхтоўцы запуску “батарэі салютаў”, раскажыце, што, як і для чаго робіцца і можаце быць упэўнены, што вашыя дзеці ніколі не трапяць у статыстыку па навагодніх піратэхнічных траўмах.
Па ступені патэнцыйнай небяспекі пры ўжыванні усе піратэхнічныя вырабы разбіты на пяць класаў. Радыус небяспечнай зоны складае: I клас – не больш за 0,5 метра: гэта ў асноўным феерверкі для памяшканняў (хлапушкі, бенгальскія свечкі, настольныя фантаны); II клас – не больш за 5 метраў: большасць фантанаў, петарды, наземныя феерверкі; III клас – не больш за 20 метраў: салюты, ракеты, фестывальныя шары; IV клас – больш за 20 метраў хоць бы па адным з небяспечных фактараў: гэта прафесійныя феерверкі, абыходжанне з якімі патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі; V клас – усе астатнія піратэхнічныя вырабы, небяспечныя фактары і небяспечныя зоны якіх вызначаюцца спецыяльнымі ўмовамі.

На заўвагу. У вольным продажы насельніцтву знаходзяцца толькі феерверкі I-III класаў небяспекі, абыходжанне з якімі не патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў. Піратэхнічныя вырабы IV і V класаў небяспекі адносяцца да прафесійных і могуць быць прададзеныя толькі прафесійным піратэхнікам. Арганізацыям, якія прадаюць такія вырабы, неабходна мець адпаведную ліцэнзію.

Валянціна ЯХНО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о