Самагубства – глабальная і трагічная праблема для грамадства і сістэмы аховы здароўя. Нягледзячы на тое, што трагедыю можна прадухіліць, ад самагубстваў у свеце сыходзяць з жыцця больш людзей, чым у выніку войн і гвалтоўных забойстваў разам узятых. І самае страшнае, што гэты небяспечны крок часцяком вырашаюць зрабіць прадстаўнікі маладога пакалення.

Схільнасць да суіцыду звычайна назіраецца ў людзей, што пакутуюць ад моцнага душэўнага болю, знаходзяцца ў стане трывогі і адчуваюць, што справіцца са сваімі праблемамі самастойна немагчыма.

Унутры чалавека адначасова змагаюцца намеры здзейсніць суіцыд і яго не здзяйсняць. Стан псіхікі перад самагубствам адзначаецца эмацыйнай нестабільнасцю, пры якой скажаецца рэальны погляд на сітуацыю, што спалучаецца з рэзкім абмежаваннем выбару варыянтаў паводзін. Суіцыд можна нават ахарактарызаваць як жаданне пакінуць зону бедства.

Калі вы заўважаеце за чалавекам наступныя прыкметы, гэта можа азначаць схільнасць да суіцыду:

– чалавек без прычыны пачынае варожа адносіцца да людзей, да якіх раней ставіўся добра;

– назіраецца паўсюдная абыякавасць;

– здароўе істотна падарванае;

– асоба трапляе ў залежнасць ад лекаў ці іншых адурманьваючых рэчываў;

– чалавек намагаецца пазбягаць стасункаў з грамадствам і большую частку часу знаходзіцца ў адзіноце;

– асобу наведваюць думкі пра самагубства.

Як аказаць дапамогу, схільнаму да суіцыду?

Будзьце уважлівым слухачом, пагаварыце пра рэальныя пачуцці і не спяшайцеся з парадамі – іх схільныя да самагубства людзі часцяком не ўспрымаюць сур’ёзна.

Стварыце клапатлівыя ўзаемаадносіны. Тут дарэчы будзе не чытанне мараляў, а падтрымка.

Не спрачайцеся – вы можаце страціць давер і без таго маральна спустошагана чалавека.

Пытанне “Ці разважае асоба пра самагубства?” не прывядзе да падобнай думкі, калі чалавек не думаў пра суіцыд. Наадварот, калі знайшоўся знаёмы, які неабыякавы да перажыванняў і згодны абмеркаваць цяжкую тэму, то чалавек, што апынуўся ў цяжкім становішчы, будзе адчуваць палёгку і можа зразумець свае пачуцці.

Прапануйце канструктыўнае выйсце з сітуацыі ці падштурхніце асобу да альтэрнатыўных рашэнняў, якія, магчыма, раней не прыходзілі пакутуючаму чалавеку ў галаву.

Пераканайце асобу, што заўсёды ёсць надзея. Менавіта надзея дапамагае пакінуць думкі пра самагубства. Страту надзеі на годную будучыню самагубцы нярэдка ўзгадаваюць у сваіх апошніх запісках.

Юлія КУЛАГІНА, псіхолаг Гомельскага абласнога ЦГіЭ і АЗ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о