“Ды калі ты не бязродны сын, Гавары са мной па-беларуску.“
Яўгенія Янішчыц.

Толькі два радкі, а які глыбокі сэнс у іх захаваны.
Менавіта яны, на мой погляд, вызначаюць сутнасць конкурсу рытарычнага майстэрства “Гавары са мною па-беларуску”, які штогод праводзіцца ў нашай вобласці.
Сёлета 8 снежня ў гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа прайшоў заключны этап гэтага конкурсу. І нам, вучаніцы 10 класа Брынёўскага сада-школы Настассі Фелькінай, вучаніцы 9 класа Конкавіцкага сада-школы Дар’і Міцуры і вучаніцы 11 класа гімназіі Настассі Палтаран, давялося абараняць гонар нашага раёна.
Скажу за сябе, што многа разоў была ўдзельніцай разнастайных конкурсаў і мерапрыемстваў. Але адразу адзначу, што конкурс рытарычнага майстэрства – адзін з самых складаных. Чаму? Беларуская мова для нас, беларусаў, з’яўляецца, як ні балюча пра гэта не толькі думаць, але і гаварыць, нечым другасным. Таму большасці вучняў лягчэй выказаць свае думкі на рускай мове, чым на беларускай.
Многія ж лічаць, што пасля ўдзелу ў вялікай колькасці конкурсаў і спаборніцтваў становішся ўпэўненым, і перад чарговым выпрабаваннем хваляванне знікае. Але гэта не так!
Як і заўсёды, перад выступленнем, маё сэрца і ў гэты раз білася хутчэй і мацней.
Напружанне было вельмі высокім, але арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё, каб тут было камфортна і ўтульна. Гэта адчулася адразу: і на сустрэчы ў фае гімназіі, і на адкрыцці, дзе гучала толькі самабытная наша мова, прыгожыя беларускія песні ў выкананні ўзорнага калектыва гімназіі “Амялушкі”.
Пакуль мы знаходзіліся ў гімназіі, дэманстраваліся прэзентацыі, сучасныя музычныя кліпы на беларускамоўныя песні, мультматэрыял на роднай мове. Дзякуючы такой арганізацыі на конкурсе панавала добразычлівая атмасфера, узаемаразуменне.
Члены журы – выкладчыкі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, – усебакова адукаваныя, прынцыповыя, строгія і патрабавальныя, з павагай ставіліся да нас, канкурсантаў. Усіх іх, арганізатараў і членаў журы, як мне здаецца, вызначала ўнутраная прыгажосць, сціпласць, любоў да беларускай мовы і дасканалае яе веданне.
Сам конкурс складаўся з трох тураў: мультымедыйнае эсэ, вуснае выказванне, водгук на прапанаваны твор. На апошні тур давалася толькі 10 хвілін.
Вучні дзясятага класа пісалі эсэ па тэме “Беларускі ручнік: традыцыі і павер’і”.
Усе творчыя работы, на маю думку, вызначаліся разнастайнасцю і высокім майстэрствам.
Сваё эсэ я назвала “Гісторыя майго ручніка”, у якім у вершаванай форме расказала не толькі пра каларыт беларускага ручніка, але і пра чалавека, які працягвае справу сваіх продкаў. Такім чалавекам у нашай вёсцы з’яўляецца майстар ткацтва Уладзімір Шыбайла, пра якога ўжо расказвалі на старонках “Петрыкаўскіх навін”.
Мне давялося сваё эсэ прадстаўляць на конкурсе двойчы: рашэннем журы яно было прызнана адным з лепшых (толькі чатыры вучні чыталі свае работы два разы). Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за шэсцьдзясят навучэнцаў 9, 10 і 11 класаў.
Хоць стомленыя, але вясёлыя і задаволеныя, бо атрымалі ўзнагароды, пакідалі мы гомельскую гімназію. Гэтую навучальную ўстанову нашай вобласці можна па праве назваць калыскай беларускай мовы, бо кожны куточак гэтай гімназіі дыхае беларускай гасціннасцю, дабрынёй і павагай да спадчыны, якую пакінулі нам продкі.
Едучы дадому, успомніліся радкі, якія хачу, каб ведалі многія: “Даруй нам, Мова Беларуская, што была і ёсць ты занядбанаю, што была і ёсць ты пагарджанаю. Але мы верым ў тваю светлую будучыню. Само жыццё штурхае на прызнанне, на павагу, на захапленне багаццем і прыгажосцю роднага слова. І нават тыя, што адышлі ад цябе, рана ці позна вернуцца да звонкага “дзе” і густога “чаго”.
Пацверджаннем гэтага з’яўляецца конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мною па-беларуску” ў Гомельскай вобласці.

Настасся ФЕЛЬКІНА, навучэнка Брынёўскага сада-школы

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о