IMG_8551

Што можа быць жахлівей для жанчыны-“чайніка” ў аўтасправе, чым аварыйны прыпынак далёка ад мужа, які па першым званку мабільнага тэлефона прымчыць і прымусіць аўтамабіль рухацца ў патрэбным жонцы накірунку. Уяўляю, як складана было жыхарцы Мінска Кацярыне Вялікаборац, чыё аўто спынілася з прабітым колам якраз каля муляраўскага скрыжавання на трасе М-10. Запаскі няма, побач малы сын. Уключаная аварыйка і ўзнятая рука жанчыны не асабліва турбавалі праязджаючых міма. Але пашанцавала. Спыніўся малады мужчына, зняў прабітае кола, завёз яго на шынамантаж, усталяваў назад і пажадаў шчаслівай дарогі. Тады Кацярына заўважыла ў яго аўтамабілі форменную фуражку.  Аказалася, што мужчына, які амаль паўтары гадзіны свайго часу “падарыў” незнаёмай жанчыне – старшы інспектар ДПС аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Петрыкаўскага АУС Уладзімір Дзегцяроў.

Разумеючы, што такую ўвагу і дапамогу нельга адносіць да радавых выпадкаў, жанчына напісала падзяку ва ўпраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, дзе і расказала гэтую гісторыю.

Для Уладзіміра Віктаравіча тое, што адбылося ў той дзень – натуральная з’ява. Незалежна ад таго, пры выкананні абавязкаў ён або на выхадным дні, як у той раз, абавязкова спыніцца і спытае, у чым справа, ці патрэбна дапамога. Часта здараецца, што людзям патрэбна парада, асабліва калі транспарт транзітны. А тут на дарозе жанчына з дзіцям, з нумарамі мінскага рэгіёну.

– Пра якую падзяку можа ісці справа? – не жадаючы надаваць значнасць свайму ўчынку, гаворыць інспектар. – Кожны мужчына павінен быў гэта зрабіць, але чамусьці ўсе ехалі міма. Часам, канечне, хочацца, каб падзякавалі, хаця б вусна, гледзячы ў вочы. Але нам, інспектарам ДАІ, дачакацца гэтага складана.

Узгадваю выпадак мінулага лета. Каля Шаставічаў адпачывала кампанія немясцовых рыбакоў. Добра выпілі. Чамусьці спатрэбілася поначы перапаркаваць аўтамабіль. За руль села дзяўчына і “прыпаркавалася” з абрыву ў раку. Сама выплыла, а пра машыну, поўнасцю схаваную пад вадой, сведчылі толькі фары. Глыбіня была не менш двух з паловаю метраў.

Давялося ноччу шукаць і прыганяць на месца здарэння трактар, а гэта, як разумееце, зарэчная зона. Ныралі разам з інспектарам ДПС Васілём Стракачом, з якім прыбылі на выклік у тую ноч, каб прывязаць трасы. Саміх адпачываючых пусціць у ваду не маглі – іх “градус” ужо не дазваляў. Тады мы падзякі не атрымалі, бо, меркавалі мужчыны, тое было нашай работай.

Высокія словы пра ўчынкі, якія павышаюць аўтарытэт органаў унутраных спраў, Уладзіміру Дзегцярову складана ўспрымаць. Але ўсе свае сямнаццаць гадоў працы ў міліцыі, значная частка якіх прыйшлася на аддзел унутраных спраў Буда-Кашалёўскага райвыканкама, хоча бачыць больш павагі да праваахоўнікаў, паразумення і супрацоўніцтва з боку тых, для каго яны, уласна, і працуюць.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.  

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о