Любая праца ў сельскай гаспадарцы важная і адказная. У тым ліку і механізатара. Менавіта ад прадстаўніка гэтай прафесіі залежыць якасць падрыхтоўкі глебы, нарыхтоўкі кармоў, правядзення сяўбы, уборкі ўраджаю.

IMG_0899

З 1995 года працуе механізатарам у КСУП імя Ульянава Ігар Акульчык.

– Прыйшоў у гаспадарку адразу пасля службы ва Узброеных Сілах. Пачынаў спасцігаць азы прафесіі на трактарах “Т-16” і “Т-25”. Зразумела, спачатку было цяжкавата, аднак хутка прызвычаіўся і набраўся вопыту. Ды і сталыя калегі заўсёды прыходзілі на дапамогу. Дзякуючы гэтаму ўжо колькі гадоў магу выконваць на даручанай мне тэхніцы любыя віды работ, – прызнаўся Ігар Леанідавіч.

Так і ёсць на самой справе.  Ігар Акульчык з году ў год выдатна спраўляецца з палявымі работамі, а таксама з нарыхтоўкай кармоў і ўборкай ураджаю. І заўсёды – у ліку лідараў як па якасці работ, так і па аб’ёмах выканання.

Зараз, у марозныя зімовыя дні, Ігар Леанідавіч шчыруе ў мехмайстэрні. Трэба да пачатку пасяўной падрыхтаваць пасяўны агрэгат “АПП-6”. Упэўнены, што ў час работ агрэгат вытрымае ўсе ўскладзеныя на яго нагрузкі.

– Работа ў сельскай гаспадарцы нялёгкая. Магчыма, па гэтай прычыне моладзь тут і не затрымліваецца – многія палохаюцца цяжкасцяў, некаторых не задавальняюць заробкі, таму і застаюцца нямногія. Хаця, калі гаварыць пра заробкі, неблагую заработную плату можна мець і тут, варта толькі не ленавацца, – падкрэсліў Ігар Акульчык.

Ігар Леанідавіч, можна сказаць, працягнуў працоўную дынастыю ў сельскай гаспадарцы. Яго матуля 30 гадоў адпрацавала аператарам машыннага даення. Праўда, дзеці не пайшлі за бацькам – сын зараз аддае свой абавязак Радзіме ў радах Узброеных Сіл і пасля службы лёс звязваць з сельскай гаспадаркай не плануе, дачка атрымлівае медыцынскую адукацыю ў Магілёве.

Дзмітрый БЯЛЬКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о